Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць патрабаваць вываду расійскіх войскаў з Беларусі

«Тое, што яны знаходзяцца ў нашай краіне, з’яўляецца крыніцай небяспекі для ўсяго рэгіёну», — падкрэсліла лідарка Беларусі.

51668606122_a34fa5497d_k.jpg


Свой відэазварот на англійскай мове Святлана Ціханоўская апублікавала ў Twitter.

«Я заклікаю міжнародную супольнасць патрабаваць поўнага вываду расійскіх войскаў з Беларусі — яны не павінны знаходзіцца на тэрыторыі ні нашай краіны, ні Украіны. Пасля здымкаў, якія мы бачылі з Бучы, спадзяюся, не трэба тлумачыць, чаму.

Беларусы дзеляцца шматлікімі фотаздымкамі тысяч расійскіх вайскоўцаў, дыслакаваных па ўсёй нашай краіне. Яны выкарыстоўваюць вайсковую структуру для размяшчэння ракет і самалётаў для нападу на Украіну. Яны выкарыстоўваюць шпіталі для параненых салдат.

Канцэнтрацыя войскаў у некаторых гарадах стала настолькі высокай, што ўжо пагражае жыхарам у Мазыры, Рэчыцы, Гомелі і іншых. Яны паводзяць сябе правакацыйна.

Прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі супярэчаць беларускаму канстытуцыйнаму нэйтралітэту, але яны таксама з’яўляюцца пагрозай для ўсёй Еўропы. Спадзяюся, што мяне пачуюць у свеце, у Еўрасаюзе, ва Украіне, у ААН», — заявіла Ціханоўская.

Лукашэнка дазволіў Расіі скарыстаць беларускую тэрыторыю для нападаў на Украіну з поўначы; расійцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Паводле зводкі ўкраінскага Генштабу за 5 красавіка, калоны ўзбраення і вайсковай тэхнікі рухаюцца праз Беларусь у кірунку вакзалаў Гомель, Ельск і Мазыр для пагрузкі ў цягнікі. Значная частка самалётаў і верталётаў ВПС Расіі перадыслакавалася з аэрадромаў Беларусі ў Расію.