Выбарчыя камісіі адказалі на скаргі па забракаваных подпісах
Па законе, рашэнні камісій можна абскардзіць.

Адзін з каардынатараў штаба Віктара Бабарыкі так і зрабіў — напісаў скаргу на рашэнне Цэнтральнай раённай камісіі пра «забракаваныя» подпісы у Гомелі: нагадаем, яна прызнала несапраўднымі ўсе 4177 подпісаў за Бабарыку. На скаргу прыйшоў адказ.
«29 чэрвеня па выніках пасяджэння Цэнтральнай раённай камісіі ў Гомелі па выбарах прэзідэнта Беларусі рашэнне не прымалася, а быў складзены акт аб выніках праверкі дакладнасці подпісаў выбаршчыкаў і пратакол аб устанаўленні колькасці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку вылучэння кандыдата ў прэзідэнты», — гаворыцца ў адказе.

Там таксама ўказваецца, што паколькі рашэнне не прымалася, то яго нельга абскарджваць у Гомельскай абласной камісіі, а таксама ў ЦВК і судзе.
Нагадаем, з 365 тысяч подпісаў, сабраных за Віктара Бабарыку, камісіі прызналі сапраўднымі толькі 165 744. Штаб Бабарыка заявіў, што ён не згодны з рашэннем камісій і хоча ведаць, што здарылася з астатнімі 200 тысячамі, таму падаў скаргі ў раённыя выбарчыя камісіі па ўсёй краіне.
tut.by