Украінскі рух супраціву: у акупаваным Расіяй Херсоне забілі супрацоўніка паліцыі

Супрацоўнік акупацыйнай паліцыі быў забіты выбуховай прыладай, закладзенай украінскім «рухам супраціву», і яшчэ адзін быў паранены.

79_main_v1658297879.jpg


На акупаваных Расіяй украінскіх землях разварочваецца дзейнасць падпольнага руху супраціву. Сёння ў Херсоне ў выніку спрацоўвання выбуховай прылады быў забіты супрацоўнік мясцовай паліцыі, яшчэ адзін атрымаў раненні, паведамляе «Reuters» са спасылкай на Міністэрства абароны Украіны.
«Рух супраціву ачышчае Херсон ад здраднікаў», — гаворыцца ў заяве выведвальнага ўпраўлення Міністэрства абароны. Украінскае Мінабароны паведамляе, што прылада была прыведзена ў дзеянне з дапамогай радыёкіравання на вуліцы, што знаходзіцца на поўначы ад цэнтра горада.
У суботу кіраўніцтва Херсонскай вобласці заклікала сваіх грамадзян паведаміць, дзе размяшчаюцца расійцы і якія мясцовыя жыхары супрацоўнічаюць з акупацыйнымі ўладамі.
«Нагадваем усім здраднікам пра непазбежную адплату за дапамогу расійскім акупантам», — заявілі ў адміністрацыі Херсонскай вобласці.
У чэрвені ў выніку выбуху ўжо загінуў адзін прарасійскі чыноўнік. Раней у тым жа месяцы кіраўнік рэгіянальнай пенітэнцыярнай службы быў дастаўлены ў бальніцу пасля таго, як побач з яго аўтамабілем выбухнула бомба.