Ваенны эксперт: Беларускае кіраўніцтва вырашыла ўзяць удзел у вайне, але гэта здарыцца не ў снежні

Ёсць рэальная пагроза, што беларускія войскі ўступяць у вайну з Украінай?

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

«Зменаў на ўкраінска-беларускай мяжы няма, колькасць падраздзяленняў Беларусі не павялічылася», — адзначае прадстаўнік дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

«Сёння Мінабароны Беларусі паведаміла аб праверцы боегатоўнасці сваіх падраздзяленняў. Сілы абароны Украіны сочаць за гэтым, каб зразумець, якія пагрозы гэта можа несці нашай краіне. Цяпер мы гатовыя да развіцця любой сітуацыі», — адзначыў ён.

Па словах Дземчанкі, Беларусь не сфармавала баявую групоўку, але сумесныя вучэнні з Расіяй, разгортванне войскаў, праверка баявой гатоўнасці — усё гэта сведчыць аб тым, што Беларусь працягвае дзейнічаць паводле задумы Крамля

Зрэшты, эксперты ў сваёй большасці не бачаць у праверцы боегатоўнасці прамога «сігналу» аб уступленні беларускіх войскаў у вайну Расіі супраць Украіны.

Аднак ваенны эксперт Міхаіл Жырахаў лічыць досыць рэальнай пагрозу для Украіны.

«На жаль, сітуацыя, як я бачу, дастаткова пагрозлівая. Усё ж такі беларусы, хутчэй за ўсё, вырашылі ўзяць удзел (у вайне супраць Украіны. — Рэд.), і нейкія аргументы знайшоў Пуцін для Беларусі. Але гэта адбудзецца не цяпер. Калі нешта і будзе, то калі будзе больш маразоў. У снежні гэтага не адбудзецца», — дапускае ён у каментары ўкраінскай службе РБК.

Пры гэтым эксперт ацаніў здольнасць беларусаў дапамагчы расіянам у іх агрэсіі.

«Гэта кадравая армія, гэта гатовыя ваенныя. Нават не зняволеныя, якіх расіяне набіраюць па ўсіх турмах РФ. Гэта значыць, калі ў беларусаў і састарэлая зброя і малая падрыхтоўка, але гэта — армія. Прынамсі 17 000 – 20 000, з якімі прыйдзецца ваяваць», — кажа Жырахаў.

Ён таксама адзначае, што маральнай дылемы ў выпадку горшага сцэнара ў беларускіх вайскоўцаў не будзе, і не варта гэтага чакаць, таму што вайскоўцы «выконваюць загад».

«Немагчыма казаць пра настроі ў ваенным асяроддзі. У вайскоўцаў ёсць загад. Калі хтосьці не згодны з загадам, то звальняецца, — усё. Такіх тэндэнцый, як у цывільных, «добра» або «дрэнна», у вайскоўцаў папросту не існуе. Ёсць загад і яго выконваюць», — тлумачыць Жырахаў.

Нагадаем, сёння, 13 снежня па даручэнні Лукашэнкі, беларуская армія пачала раптоўную праверку баявой гатоўнасці. Сярод пастаўленых задач — вайскоўцы павінны навесці маставыя пераправы праз рэкі Нёман і Бярэзіну. Маніторынгавая група «Беларускі Г*юн» звяртае ўвагу: рэкі Нёман і Бярэзіна не знаходзяцца паблізу мяжы з Украінай.