Зяленскі не чакае прарыву ад перамоў на Прыпяці

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не звязвае вялікіх надзей з украінска-расійскай сустрэчай на беларускай мяжы. Аднак лічыць, што варта паспрабаваць.

zelenskij_6.jpg


Пра гэта ён заявіў у сваім новым відэазвароце. Зяленскі таксама падзяліўся падрабязнасцямі размовы з Лукашэнкам, піша REFORM.by.

«Мы не размаўлялі з ім два гады, а сёння я гаварыў з ім доўга, вельмі прадметна. Я растлумачыў яму дэталёва немагчымасць нашага сутыкнення. Я не хачу, каб ракеты, самалёты, верталёты ляцелі ва Украіну з Беларусі. Я не хачу, каб ішлі войскі ва Украіну з Беларусі. І ён запэўніў мяне ў гэтым», — сказаў ён.

«Мая задача — я прэзідэнт — абараніць нашу дзяржаву. І вы ўбачылі на працягу гэтых жорсткіх дзён, як мы гэтую задачу выконваем. Лукашэнка звярнуўся да мяне, каб украінская і расbйская дэлегацыя сустрэліся на рэчцы Прыпяць, падкрэсліваю, без умоваў. Скажу адкрыта, як заўсёды, я не вельмі веру ў вынікі гэтай сустрэчы, але хай спрабуюць, каб потым ні ў аднаго грамадзяніна Украіны не было ніякіх сумневаў, што я, як прэзідэнт, не спрабаваў спыніць вайну, калі быў хай і маленькі, але ўсё ж такі шанц», — працягнуў Зяленскі.

Зяленскі падкрэсліў, што ўсё кіраўніцтва краіны знаходзіцца ў Кіеве. Ён дадаў, што дзейнічаць трэба прагматычна, каб дасягнуць сваёй мэты — тэрытарыяльнай цэласнасці і абароны нацыянальнай дзяржаўнасці.