Сяргей Стрыбульскі на волі! (абноўлена)
Сяргей Стрыбульскі вельмі ўдзячны ўсім, хто яго падтрымліваў.

Доўгачаканая сустрэча: Сяргей Стрыбульскі і ягоны сабака Айва
Сяргей вызвалены пад падпіску аб нявыздзе. Зараз ён знаходзіцца сярод сваіх сяброў. Бліжэйшым часам збіраецца, як ён кажа, "рабіць звычайныя рэчы": прыйсці дахаты, прыбрацца там, забраць сваю Аву (сабака). А яшчэ збіраецца дапамагаць хлопцам, якія застаюцца за кратамі.

Фота з фб Юрыя Меляшкевіча
Сяргей вельмі ўдзячны ўсім тым людзям, якія пісалі яму лісты, выходзілі на акцыі салідарнасці. "Я нават не ведаю, як усім аддзячыць! Гэта была вялікая і вельмі адчувальная падтрымка!" — кажа Стрыбульскі.
Паводле яго меркавання, "справу патрыётаў" усё ж давядуць да суда, але, хутчэй за ўсё, тыя, каго ўлады пазначылі як арганізатараў, атрымаюць умоўныя тэрміны.

Фота з фб Юрыя Меляшкевіча
Ёсць інфармацыя, што на волі хутка апынуцца і некаторыя іншыя фігуранты справы патрыётаў. Ужо вядома, што на волі Аляксандр Зімніцкі.
Нагадаем, Сяргея Стрыбульскага затрымалі 21
сакавіка каля 18-й гадзіны на скрыжаванні вуліц Лібкнехта і Каржа ў Мінску. Яму
выстаўлена абвінавачанне ў навучанні і падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў
паводле 3 часткі 293 артыкула Крымінальнага кодэксу ("Навучанне і
падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках"). Утрымліваўся
ў СІЗА
№1.