Валер Булгакаў: Справа «Белага легіёна» — непаразуменне
Рэдактар гістарычнага часопіса «Arche» Валер Булгакаў лічыць, што «справа «Белага легіёну» можа не дайсці да суда.

Беларускаму грамадству так і не прад’явілі доказаў віны па справе “Белага легіёна”.
Многія фігуранты
крымінальнай справы — супрацоўнікі, аўтары тэкстаў альбо актыўныя чытачы
“Arche”. Валер Булгакаў ведае многіх арыштаваных асабіста ўжо шмат гадоў і не
верыць, што яны маглі планаваць нейкі ўзброены пераварот.
Абвінавачанне, на думку рэдактара, — выпадковае, а следчыя органы дагэтуль не прад’явілі беларускаму грамадству бясспрэчных фактаў віны арыштаваных:
— Тое, што робіцца з гэтымі людзьмі, — для нас вялікі сардэчны боль. Я пэўны, што гэтыя людзі — ніякія не тэрарысты, ніякія не злачынцы. І папросту тое абвінавачванне, якое выстаўлена супраць іх, з’яўляецца нейкім выпадковым непаразуменнем. У мяне ёсць вялікі сумнеў, што гэтая справа дойдзе да суда — паколькі людзі арыштоўваюцца, пасля выходзяць на волю, і самае галоўнае — беларускаму грамадству дагэтуль не прад’яўлена ніякіх бясспрэчных фактаў, што арыштаваныя сапраўды задумвалі нейкія антыдзяржаўныя мерапрыемствы.
Міраслаў Лазоўскі падаваў калектыву часопіса многія цікавыя ідэі па новых матэрыялах і кнігах. Алесь Яўдаха доўгі час узначальваў службу распаўсюду “Arche”.
Валер Булгакаў спадзяецца, што неўзабаве справа будзе закрытая, а яе фігуранты адпушчаныя на волю.