Народ існуе, пакуль людзі памятаюць сваіх герояў (фота, відэа)

У Беларусі ўшанавалі памяць пра Міхаіла Жызнеўскага.

novychas_pamiaci_zyzneuskaha_arciom_liava_6975_logo.jpg


На трэцюю гадавіну смерці Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў за свабоду Украіны падчас рэвалюцыі Годнасці, Рух салідарнасці «Разам» арганізаваў вандроўку з Мінску пад Гомель, на могілкі, дзе ён пахаваны.
Лейтматыў выступаў быў такі: трэба шанаваць сваіх герояў, бо пакуль людзі іх шануюць і памятаюць, народ існуе.


У аўтобусе было каля 30 чалавек, сярод якіх былі сябры Руху салідарнасці “Разам”, Партыі БНФ, БХД ды іншыя грамадскія дзеячы і актывісты.
На могілкі таксама прыехалі актывісты з Гомелю, Бабруйску, Светлагорску, Рэчыцы, Ліды, Барысава. Усяго сабралася каля 50 чалавек.
Падчас ушанавання памяці беларуса, якога ва Украіне шануюць як народнага героя, выступілі з прамовамі лідар Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, бацька загінулага героя Міхаіл Жызнеўскі, мастакі Алесь Цыркуноў і Генадзь Драздоў, рэжысёр Аляксей Туровіч, актывісты Алена Талстая з Мінска, Уладзімір Кацора з Гомелю, Валеры Мінец з Ліды, Таісія Кабанчук з Бабруйску. 

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

novychas_pamiaci_zyzneuskaha_arciom_liava_6898_logo.jpg

Зміцер Захарэвіч

Шмат цёплых словаў ад прысутных пачулі  сваякі Міхаіла Жызнеўскага ягоны бацька, маці і сястра. Айцец Акаловіч адслужыў малебен і прачытаў малітву. Бард Зміцер Захарэвіч выканаў песню, прачытаў верш, а таксама зачытаў пасланне ад сябра прэзідыума Украінскай сусветнай каардынацыйнай рады, каардынатаркі Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай Валянціны Логвін.
 Беларус Міхалі Жызнеўскі, які ў 2005-м годзе быў вымушаны пакінуць Радзіму, дапамагаў у грамадска-палітычнай дзейнасці ўкраінскім нацыяналістам, быў сябрам самаабароны падчас украінскай рэвалюцыі Годнасці, загінуў у час жорсткіх сутыкненняў дэманстрантаў з праўладнымі спецпадраздзяленнямі на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года.
26 лістапада 2014 года ў Кіеве ўсталяваны помнік Міхаілу Жызнеўскаму. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай Сотні, а таксама прызначыў пажыццёвую дапамогу бацькам беларуса, які аддаў жыццё за свабодную і еўрапейскую Украіну.  

Бацькі загінулага Міхаіла Жызнеўскага

Бацькі загінулага Міхаіла Жызнеўскага


7 ліпеня 2015 года намаганнямі беларусаў на месцы пахавання Міхаіла Жызнеўскага ў Гомелі быў усталяваны помнік аўтарства скульптара Алеся Шатэрніка.
Удзячныя ўкраінцы не забываюць пра Міхаіла Жызнеўскага. Сёння прэзідэнт Украіны з жонкай наведаў помнік беларусу ў Кіеве. Увечары ва ўкраінскай сталіцы запланавана акцыя памяці.