Вандроўкі з «Новым Часам»: Баруны

Гісторыя гэтага мястэчка звязана найперш з распаўсюджаннем уніяцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Цікавыя факты пра гісторыю мястэчка і ўнікальны касцёл св. Пятра і Паўла, які захаваўся да нашых дзён, вы даведаецеся падчас вандроўкі з Янам Зыгмантовічам і Юліяй Буйніцкай.

У 1613 годзе Язэп Руцкі (уніяцкі царкоўны дзеяч, мітрапаліт Язэп IV, пісьменнік-палеміст, філосаф, педагог, тэолаг) паспрыяў адкрыццю некалькіх устаноў адукацыі, у тым ліку пачатковай школы для манахаў і святароў у Барунах.

На мяжы XVI-XVII стагоддзяў у Барунах пачалі будаваць драўляны касцёл, які згарэў яшчэ незавершаным, і да канца XVII ст. тут не было іншых культавых збудаванняў. А ў 1692 годзе намаганнямі ксяндза Мікалая Песляка была закладзена ўніяцкая царква ў гонар З'яўлення Дзевы Марыі і заснаваны манастыр. У 1700-м з мястэчка Вішнева «разам з маёмасцю і настаўнікам» сюды была  пераведзена базылянская школа. Таксама базыляны прывезлі з сабой цудадзейны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву. 

Мураваную царкву пасля некалькіх няўдалых спроб збудавалі толькі ў 1747-1753 гадах паводле праекта архітэктара Аляксандра Асікевіча. Дзеля афармлення інтэр’еру, якое працягвалася да 1770 года, базыляны запрашалі найлепшых майстроў з Вільні і Менска. У 1778-1793 гадах быў збудаваны мураваны манастырскі корпус, што дайшоў да нашых дзён і цяпер у заняпадзе.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай, калі Баруны аказаліся ў складзе Расійскай імперыі, царква і манастыр працягвалі дзейнічаць. У XIX стагоддзі базылянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, сярод якіх былі вядомыя пісьменнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антоні Эдвард Адынец і Ігнат Ходзька.

У 1833 годзе расійскія ўлады гвалтоўна адабралі царкву і манастыр, і перадалі Урадаваму сіноду Расійскай імперыі, таму з 1845 года ў манастыры размяшчалася духоўная вучэльня. 22 верасня 1881 года царкву пераасвяцілі пад тытулам Пакрова Багародзіцы. Пазней для русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага акупацыйныя ўлады адкрылі тут царкоўна-прыходскую школу.

Згодна з Трэцяй Устаўной граматай БНР ад 25 сакавіка 1918 года Баруны абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. А ўжо 1 студзеня 1919 года, у адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, але ў выніку, паводле Рыжскай мірнай дамовы, Баруны аказаліся пад Польшчай.

У 1920-1922 гадах у былым манастыры дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў вядомы дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі. У 1922 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі пераасвяцілі царкву пад касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла. 

Касцёл уяўляе сабою 3-нефную базіліку з кампактавым каталіконам і выцягнутай алтарнай апсідай. З вуглоў бакавых нефаў узвышаюцца адносна невялікія чацьверыковыя вежы, дыяганальны разварот якіх надае ўсяму фасаду хвалістую прасторавую структуру. Адна з вежаў мае тэлескапічную 3-ярусную будову, завяршэнне другой не захавалася або ўвогуле не існавала. Побач з ёй, праз браму, асобна стаіць 2-ярусная вежа-званіца. 

Усярэдзіне цэнтральны неф, апсіда і сакрыстыі перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовымі. Завяршае магутную перспектыву інтэр’еру алтар. Над ім — чатыры скульптуры арханёлаў. У інтэр’еры сем высокамастацкіх разьбяных алтароў, славуты абраз Маці Божай Барунскай. 

Побач з касцёлам месціцца капліца, скразная вежа з чатырма лучковымі прасветамі. Яна завяршаецца невялікай 2-яруснай цыліндрычнай вежачкай з крыжам і аздабляецца скульптурай Хрыста. Капліца абнесена мураванай агароджай з брамкай. У гэтай «студэнцкай» капліцы, паводле мемуараў Ігната Ходзькі, захоўвалася школьная харугва, на якой на белым атласе з аднаго боку быў вышыты абраз Маці Божай, апякункі школы, з другога — сноп збожжа — эмблема плёну навук, якую вучні тлумачылі па-свойму: «Вучыся, асёл, добра — будзеш мець хлеб».