Зварот Галоўнага кабана да жыхароў Беларусі

Актывісты «Нашага Дома» выклалі ў інтэрнэт відэаролік, дзе ў сатырычнай форме вырашылі выказаць сваё меркаванне аб стаўленні падчас афрыканскай чумы свіней да жывёл, якіх «нават хаваюць па-свінску, а не па-людску».



halouny_kaban.jpg

Вольга Карач і Галоўны кабан
— У нас па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь усе гаспадаркі маюць роўныя правы. І не важна — гэта дзяржаўная калгасная ферма ці прыватная гаспадарка. Але па практыцы — нават свінні ў нас не роўныя — распавядае Вольга Карач парталу TUT.BY — Атрымліваецца, што жывёлы ў нас падзелены на дзяржаўных і недзяржаўных. У «дзяржаўных» — свае прывілеі, якія вельмі ясныя. А вось да жывёл з прыватных гаспадарак прыязджаюць у вёскі і забіваюць. Сваім відэа мы хочам звярнуць увагу як насельніцтва, так і чыноўнікаў, што сітуацыя ненармальная. Усё ж такі свінні ў вёсках — гэта не толькі жывёла, гэта сябра сям'і і валюта. А яшчэ моцны прыбытак. Таму і ўсе гэтыя працэдуры павінны выглядаць па-чалавечы, а не па-свінску.


ТЭКСТ ЗВАРОТУ:
«У сувязі з эпідэміяй чумы Галоўны Кабан Беларусі Хрун Карытаў запісаў відэазварот да грамадзянаў», — такое апісанне прыдумалі актывісты кампаніі да новага роліку.
«Грамадзяне Беларусі! Перадусім хачу шчыра падзякаваць грамадзянскай кампаніі «Наш дом» за магчымасць выказаць з публічнай трыбуны боль і клопат за лёс усіх свіней краіны. Ввы добра ведаеце, што мы стагоддзямі верай і праўдай служылі народу. Дзесяцігоддзямі служылі стабільнай крыніцай валюты для Самі-ведаеце-каго.
І вось зараз нас паставілі ўсіх па-за законам... Самае крыўднае, што насуперак Канстытуцыі, якая гарантуе нам і народу права на атрыманне дакладнай інфармацыі, ніхто не хоча сказаць праўду.
З аднаго боку, мы ведаем, што асноўнай крыніцай афрыканскай чумы свіней з'яўляюцца нашы дзікія суродзічы, але ў большасці вёсак Беларусі іх ахоўвае інспекцыя з аўтаматамі наперавес, а нас пазбаўляюць права на існаванне! Мы ведаем, што асноўныя ачагі АЧС знаходзяцца ў суседняй Смаленскай вобласці, і там дэзактывуюць кожны аўтамабіль, але дазваляюць свабодна вірусам пранікаць у Беларусь. І  робяць гэта, бяздзейнічаюць, нашы беларускія ветэрынары і чыноўнікі.  
Хачу звярнуцца да прэзідэнта. Можа, вы, прэзідэнт, скажаце, у чым прычына такога стаўлення? Чым мы прагнявілі і Бога, і вас. Які, па нашаму свінскаму разуменню, вышэй за Бога?»
Паводле nash-dom.info