349-ты дзень вайны. Бахмут трымаецца, Расія набывае кампаненты для дронаў у ЗША

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскіх агрэсараў у раёнах 10 населеных пунктаў Луганшчыны і Данеччыны. Пра гэта распавёў Генштаб УСУ.

1_663.jpg

Расійскія акупанты засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках.

Як гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны, праціўнік працягвае праводзіць перагрупоўку на асобных напрамках.

«За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Наваселіўскае, Крамянная і Дубрава Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Вясёлае, Залізнянскае, Чырвоная Гара, Бахмут, Іванаўскае і Параскавіеўка Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама адзначаецца, што на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках наступальных груповак праціўніка не выяўлена. У той жа час абстрэлам падвергліся раёны населеных пунктаў Папоўка і Аляксандраўка Сумскай вобласці і Стралечча, Глыбокае, Краснае, Гацішча, Ваўчанск і Двухлетняе — Харкаўскай.

На Купянскім кірунку, як паведамілі ў Генштабе, вораг абстраляў з танкаў, мінамётаў і артылерыі раёны населеных пунктаў Іванаўка, Кучарыўка, Кіслаўка і Катляроўка на Харкаўшчыне, а таксама Навасёлаўскае і Стэльмахоўка Луганскай вобласці.

Акрамя таго, на Ліманскім кірунку агнявому ўздзеянню падвергліся Церні Данецкай вобласці і Плашчанка, Чырвонапапоўка, Крэмень і Дубрава на Луганшчыне.

На Бахмуцкім кірунку, як гаворыцца ў зводцы, пад варожы агонь патрапілі Спорнае, Бераставое, Белагораўка, Чырвоная Гара, Бахмут, Кляшчэеўка, Курдзюмаўка і Азаранаўка.

1671483891_4077.jpeg

Пры гэтым самым гарачым месцам вайны застаецца Бахмут. Украінскія воіны працягваюць процідзейнічаць спробам расійскіх акупантаў акружыць горад і зламаць там абарону.

Як распавёў учора ўвечары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, «Асаблівая ўвага — Бахмуту. Нашай абароне. Спробам акупанта акружыць горад і ўзламаць там абарону. Процідзейнічаем».

Прэзідэнт падзякаваў кожнаму воіну, які сваёй мужнасцю забяспечвае процідзеянне. Ён адзначыў байцоў 54-й і 93-й асобных механізаваных брыгад, 15-га асобнага батальёна 128-й горна-штурмавой брыгады.

1664020064_2064.jfif

Паводле даных аналітыкаў Інстытута вывучэння вайны, Расія можа выкарыстаць свае эканамічныя сувязі з іншымі краінамі для адмывання кампанентаў дронаў. Так, неэфектыўнасць заходніх санкцый супраць Ірана і РФ спрыяла таму, што Крэмль змог набыць амерыканскія кампаненты для БПЛА «Shahed-131», «Shahed 136» і «Mohajer-6».

Аналітыкі з ISW адзначаюць, што Расія і Іран прасоўваюць планы па будаўніцтве іранскага завода па вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў на тэрыторыі Расіі. Раней такі ўжо адкрыўся ў Таджыкістане.

На думку экспертаў, Крэмль можа выкарыстоўваць свае значныя эканамічныя сувязі з Таджыкістанам праз АДКБ і ЕАЭС для адмывання кампанентаў дронаў або закупкі вырабленых БПЛА для вайны ва Украіне ў абыход міжнародных санкцый.

Паводле звестак брытанскай следчай групы Conflict Armament Research (CAR), 82% іранскіх беспілотнікаў «Shahed-131», Shahed 136» і «Mohajer-6», збітых ва Украіне, мелі мікрасхемы, паўправаднікі і іншыя кампаненты з ЗША. Пры гэтым большасць заходніх кампаній, чые кампаненты знайшлі ў іранскіх дронах, з пачатку вайны адмаўлялі наўпроставы продаж кампанентаў у Расію, Іран або Беларусь.