384-ты дзень вайны: У Херсоне і Харкаве падчас паветранай трывогі прагучалі выбухі

У сераду, 15 сакавіка, у Херсоне гучаць выбухі. Цяпер па ўсёй Украіне абвешчаная паветраная трывога. Што яшчэ здарылася ва Украіне да гэтага часу?

Украінскія вайскоўцы. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Украінскія вайскоўцы. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Сёння раніцай, 15 сакавіка, ва Украіне была абвешчаная маштабная паветраная трывога. Тым часам у Беларусі паднялі ў неба расійскі знішчальнік, што можа быць носьбітам ракет.

«У Херсоне чутныя выбухі», — гаворыцца ў паведамленні «Суспільнэ».

Выбухі падчас паветранай трывогі чулі і ў Харкаве. «Прылёт» зафіксаваны па цывільнай інфраструктуры горада — жылых дамах і гарадской інфраструктуры. Мэр Харкава Ігар Церахаў удакладніў, што ў раёне месца ракетнага ўдару няма ніводнага ваеннага або інфраструктурнага аб'екта — толькі жылыя дамы і гарадская інфраструктура. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.



У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Краматорску), яшчэ 16 чалавек параненыя. У Херсонскай вобласці чатыры чалавекі параненыя. У Харкаўскай вобласці два чалавекі загінулі (у Ваўчанску і ў Купянскім раёне), яшчэ двое атрымалі раненні, паведамляюць АВА.

  • Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 15 сакавіка асабовага складу — каля 161 520 (+980 за мінулыя суткі) чалавек.

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua


Армія РФ засяроджвае намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адбілі больш за 90 нападаў праціўніка на названых напрамках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

У Горлаўцы Данецкай вобласці рускія войскі атрымалі распараджэнне аб правядзенні чарговай хвалі мабілізацыі. Плануецца мабілізаваць каля 500 чалавек з катэгорый, якія раней атрымалі бронь з-за абмежаванай або поўнай непрыдатнасці да ваеннай службы.

  • У Расіі з 1 красавіка пачнецца новы набор кантрактнікаў у войска — 400 тысяч

Для гэтага Мінабароны разаслала ў рэгіёны разнарадкі з указаннем колькасці людзей, з якімі павінны быць падпісаныя адпаведныя дакументы. Адразу некалькі рэгіянальных СМІ публікуюць агульную лічбу кантрактнікаў, якімі, паводле планаў Мінабароны РФ, неабходна папоўніць войскі — 400 тысяч, паведамляе Радыё Свабода.

  • Украіну вясной і летам чакаюць цяжкія баі. 

Але саюзнікі зробяць усё магчымае, каб вырашыць праблему дэфіцыту боепрыпасаў, заявіў прадстаўнік Мінабароны ЗША Пэт Райдэр.

Паводле яго слоў, сённяшняе пасяджэнне ў фармаце Рамштайн будзе прысвечана неадкладным патрэбам, у прыватнасці, пастаўкам боепрыпасаў для Украіны.

  • Восем сенатараў ад абедзвюх партый ЗША патрабуюць ад Пентагона адпраўкі самалётаў F-16 ва Украіну.

Пра гэта піша Politico са спасылкай на дакумент. На думку аўтараў звароту, канфлікт паміж Расіяй і Украінай «знаходзіцца на крытычным этапе», а знішчальнікі — гэта «значная магчымасць, якая можа змяніць правілы гульні на полі бою».

  • ISW: Расія мабілізуе АПК для працяглай вайны

Крамлю даводзіцца рабіць выбар паміж кваліфікаванымі рабочымі і вайскоўцамі.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) у штодзённай зводцы адзначаюць, што Уладзімір Пуцін падчас наведвання 14 сакавіка Улан-Удэнскага авіязавода прызнаў недахоп кваліфікаваных кадраў у абаронна-прамысловым комплексе і абвясціў аб рэформах для прыцягнення большай колькасці спецыялістаў. Напрыклад, аб павелічэнні зарплаты і прадастаўленні адтэрміноўкі ад ваеннай службы.

На думку аналітыкаў ISW, гэта кажа пра тое, што Крэмль можа аддаць перавагу кваліфікаваным рабочым на вытворчасці зброі, а не прафесійным вайскоўцам у зоне баявога сутыкнення.

Тым часам міністр абароны краіны Сяргей Шайгу наведаў адно з прадпрыемстваў карпарацыі «Тактычнае ракетнае ўзбраенне» (КТРВ) пад Масквой і заклікаў там падвоіць аб'ёмы вытворчасці ракет.

У сваю чаргу Служба замежнай выведкі Украіны сцвярджае, што расійскія абаронныя прадпрыемствы значна знізілі стандарты прыёму на працу, і цяпер прымаюць работнікаў без досведу, з гісторыяй ужывання наркотыкаў, судзімасцяў і банкруцтваў.

  • У РФ будзе яшчэ больш абмежаванняў на паездкі за мяжу для работнікаў дзяржаўнага сектара

Брытанская выведка прагназуе ўзмацненне жорсткасці абмежаванняў на паездкі для ўсё большай колькасці работнікаў дзяржаўнага сектара РФ. Аналітыкі адзначаюць, што з пачатку ўварвання Расіі ва Украіну расійскія дзяржаўныя чыноўнікі і рабочыя падвяргаюцца ўсё больш строгім абмежаванням на паездкі за мяжу. Некаторым чыноўнікам, верагодна, нават давялося здаць свае пашпарты Федэральнай службе бяспекі.

Гэта пашырэнне існуючых мер, прынятых яшчэ ў савецкі час. Абмежаванні на паездкі сталі больш жорсткімі пасля анексіі Крыма Расіяй у 2014 годзе. Такія захады, імаверна, прызначаныя для прадухілення ўцёкаў усё больш незадаволеных чыноўнікаў, адзначае выведка Брытаніі.

  • Прэм'ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху ўпершыню правёў дыскусію ў палітыцы Ізраіля аб наданні вайсковай дапамогі Украіне, піша The Times of Israel.

Паводле інфармацыі выдання, абмяркоўваўся варыянт прадастаўлення Кіеву ваеннай дапамогі, аднак ніякіх рашэнняў прынята пакуль не было.

  • Расія распрацоўвае біялагічную зброю?

Расія працягвае распрацоўваць біялагічную зброю насуперак палажэнням Канвенцыі аб біялагічнай зброі, заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нед Прайс. Пры гэтым Масква ўсяляк імкнецца адвесці ўвагу ў гэтым пытанні ад сябе — для гэтага расійскія прапагандысты цягам многіх гадоў прасоўваюць ілжывую інфармацыю аб так званых «лабараторыях біялагічнай зброі» на тэрыторыі Украіны.

  • Сакратар РНБА Украіны Данілаў зняпраўдзіў інфармацыю The Washington Post пра нібыта пагаршэнне якасці ўкраінскага войска праз страту кваліфікаваных байцоў, што ставіць пад пагрозу вясновае контрнаступленне: «так, ёсць складаная сітуацыя. Мы ўжо год вядзем вайну супраць вялікай па памеры краіны, але не па розуме. Але расхістваць сітуацыю шляхам прадастаўлення не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі — не зусім прыемная рэч».

Данілаў таксама заявіў, што ў Крамлі абмяркоўваюць перанос сталіцы ў глыб краіны. «Расія падзяляецца. Калі пра гэта пачынае казаць сам Пуцін, то майце на ўвазе, што гэта так і будзе адбывацца. Яны ўжо цяпер вядуць размову аб пераносе сталіцы ўглыб Расіі, і многія іншыя працэсы ўжо працягваюцца», — заявіў сакратар РНБА.

Паводле korrespondent.net, Украінскай службы РБК; www.unian.net, suspilne.media, сацсетак