389-ты дзень вайны. Расійцы хлусяць пра «поспехі» ў Бахмуце, дзіўны візіт Пуціна ў Марыупаль

Інстытут вывучэння вайны (ISW) не знайшоў візуальных доказаў сцвярджэнняў расійцаў аб акупацыі шэрагу аб'ектаў у горадзе Бахмут Данецкай вобласці.

Скрын unian.net

Скрын unian.net

Аналітыкі паказваюць, што акупанты, верагодна, засяроджваюцца на наступальных аперацыях у паўночнай частцы горада, пра што ідзе гаворка і ў зводцы ўкраінскага Генштаба.

Расійскія блогеры таксама сцвярджалі, што працягваецца зачыстка на тэрыторыі завода па апрацоўцы металаў АЗОМ. Зрэшты, ніякіх пацверджанняў гэтаму аналітыкі не знайшлі.

Не знайшлі доказаў эксперты і слоў Прыгожына, што вагнераўцы нібыта ўжо ў 600-700 метрах ад адмінцэнтра Бахмута і на Заходнім беразе ракі Бахмутка.

Таксама няпраўда і тое, што Расія нібыта акупавала 70% горада. Паводле слоў аналітыкаў, па стане на 8 сакавіка РФ займала 50% Бахмута і з тых часоў сілы РФ значна не прасунуліся.

 

Фота reuters

Фота reuters

Разам з тым Расія працягвае штурм не толькі Бахмута, але і вядзе наступальныя дзеянні на Ліманскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскімі абаронцамі былі адбітыя 83 атакі на гэтым участку фронту, паведамляе Генштаб УСУ.

Войскі РФ за суткі здзейснілі 99 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.

За суткі акупанты нанеслі па Украіне 11 ракетных і 16 авіяцыйных удараў.

«За мінулыя суткі Расійская Федэрацыя працягвала ўжываць тактыку тэрору супраць грамадзянскага насельніцтва Украіны. Абстрэльваючы населеныя пункты, аб'екты крытычнай інфраструктуры, праціўнік цалкам ігнаруе законы і звычаі вайны», — адзначылі ў Генштабе.

У сваю чаргу УСУ таксама атакуюць захопнікаў. Так, учора быў збіты расійскі беспілотнік «Shahed-136», а ракетчыкі і артылерысты падбілі 7 раёнаў засяроджання асабістага складу і ваеннай тэхнікі РФ.

Агулам за мінулыя суткі ўкраінская авіяцыя нанесла 10 удараў па скапленнях акупантаў, паведамляе Генштаб УСУ.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Тым часа расійцы спяшаюцца з наступам пад Вугледарам, але прадпрымаюць дзіўныя дзеянні — камплектуюць падраздзяленні раненымі.

Для папаўнення сіл на гэтым кірунку камандзіры расійскіх акупантаў адклікаюць вайскоўцаў з лячэння і рэабілітацыі.

«Улічваючы сітуацыю, якая склалася пад Вугледарам, вайсковае расійскае кіраўніцтва спяшаецца накіраваць узмацненне. З 13 сакавіка ў 37 асобнай мотастралковай брыгадзе 36 арміі Усходняга ва праводзіцца баявое зладжванне падраздзялення «Шторм», — паведамляе ўкраінскі Генштаб.

Адзначаецца, што яго рыхтуюць да адпраўкі ва Украіну 24 сакавіка.

«У брыгадзе значная недаўкамплектацыя асабістага складу, таму камандзіры падраздзяленняў адклікаюць падначаленых з лячэння і рэабілітацыі. Вайскоўцы скардзяцца на нізкі ўзровень забеспячэння», — сказана ў зводцы.

Акрамя таго, адзначаецца вельмі нізкі ўзровень матывацыі асабістага складу і вялікая колькасць спробаў пазбягання адпраўкі ў раён вядзення баявых дзеянняў.

Фота РІА «»Новости»

Фота РІА «»Новости»

Расійскія прапагандысты паказалі дзіўнае відэа нібыта візіту Уладзіміра Пуціна ў акупаваны Марыупаль Данецкай вобласці.

Як паведамляе дзяржагенцтва РІА «Новости», Пуцін нібыта прыляцеў у Марыупаль верталётам, а затым перасеў на машыну, за рулём якой агледзеў разбураны паводле яго загаду горад, робячы прыпынкі.

На кадрах, апублікаваных прапагандыстамі, відаць за рулём аўтамабіля чалавека, падобнага на Пуціна. Яго твар разгледзець нерэальна, як і карцінку за вакном аўтамабіля.

Пасля нібыта Пуцін прыязджае ў нейкі будынак. Яго прапагандысты Крамля выдаюць за філармонію Марыупаля. Там нібыта Пуцін сеў на крэсла і пракаментаваў: «Зручна, прыгожа». Гэта, дарэчы, адзіныя словы кіраўніка РФ за ўвесь ролік.