388-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. Асноўная інфармацыя за апошнія суткі

Сабралі для вас галоўныя навіны пра тое, што адбылося на ўкраінскім фронце за мінулую ноч.

Хронікі 388-га дня вайны Расіі супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота: t.me/starukhofficial

Хронікі 388-га дня вайны Расіі супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота: t.me/starukhofficial


***

Расійскія вайскоўцы ў ноч на 18 сакавіка падвергнулі некалькі рэгіёнаў Украіны нападу дронаў-камікадзэ. Паводле звестак Паветраных сіл украінскай арміі, усяго было задзейнічана 16 беспілотнікаў. Украінскім сілам СПА ўдалося знішчыць 11 баражуючых снарадаў, паведамляецца ў тэлеграм-канале ПС УСУ.

У ліку іншых ударам дронаў падверглася Львоўская вобласць. Як паведаміў кіраўнік рэгіёна Максім Казіцкі, тры з шасці беспілотнікаў удалося збіць. «Яшчэ тры беспілотнікі трапілі ў нежылыя памяшканні ў Явараўскім раёне. Памяшканні пашкоджаныя, але, на шчасце, пацярпелых няма», — напісаў Казіцкі ў Telegram.

***

Расійскімі ракетамі ноччу было абстралянае Запарожжа, паведамляецца ў тэлеграм-канале Запарожскай АВА. «Рашысты ў чарговы раз атакавалі мірны горад, — гаворыцца ў паведамленні АВА. — Ракеты С-300 былі накіраваныя на тэрыторыю аднаго з жылых комплексаў. Снарады патрапілі ў адзін з аб'ектаў комплексу. Выбуховай хваляй і абломкамі пашкоджаныя побач жылыя шматкватэрныя дамы: фасады, вокны, дахі».

Таксама чатыры авіяўдары былі нанесеныя па Аўдзееўцы ў Данецкай вобласці. Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак заявіў, што горад кругласутачна абстрэльваюць. Зараз Аўдзееўка знаходзіцца ў паўколе: на поўначы ад яго ідуць баі за Краснагораўку, на поўдні — за Вопытнае.

***

У Кіеве знішчылі ўсе дроны-камікадзэ, якія атакавалі сталіцу Украіны. Пра гэта ў Telegram паведаміў кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі (ГВА) Сяргей Папко. «Вораг у чарговы раз запусціў у напрамку Кіева баражуючыя боепрыпасы "Shahed", — напісаў ён. — Сіламі нашай СПА ўсе паветраныя цэлі знішчаныя. Яшчэ раз дзякуем ім за выдатную працу. Паводле інфармацыі на дадзены момант — без ахвяр і разбурэнняў. Інфармацыя ўдакладняецца».

У Дняпроўскай вобласці знішчаны тры дроны, але ўдары двух беспілотнікаў пашкодзілі аб'екты крытычнай інфраструктуры ў Новамаскоўску, паведамілі паветранае камандаванне «Усход» і кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак. Ударам з дронаў падвергнуўся аб'ект крытычнай інфраструктуры, ёсць сур'ёзныя разбурэнні, працуюць усе службы, наступствы атакі ўдакладняюцца, напісаў кіраўнік АВА. Раней украінскія тэлеграм-каналы апублікавалі фота вогненнага слупа ў Днепрапятроўскай вобласці — так украінская СПА збівала варожыя дроны.

***

Расійскія войскі правялі ў Луганскай вобласці абмежаваныя наступальныя аперацыі на лініі Купянск — Сватава — Крэменная, у тым ліку ў раёне Гранікаўкі, Крамянной, Верхнякаменскага і Спорнага, але поспеху не дамагліся, паведаміў амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW). Адзначаюцца беспаспяховыя спробы расійцаў атакаваць каля Макееўкі, Неўскага, Ямполаўкі, Белагораўкі і Чырвонапапоўкі. Паралельна расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў Бахмуце Данецкай вобласці і ваколіцах. Паводле звестак ISW, украінскія войскі адбілі атакі расійцаў пад Арэхава-Васільеўкай і Грыгароўкай, а таксама пад Іванаўкай і Кляшчаеўкай. Паведамляецца пра атакі расійцаў пад Хромавым і Багданаўкай. Мяркуючы па здымках з геалакацыяй, расійцы дамагліся мінімальных поспехаў у паўночнай частцы Бахмута, адзначае ISW, дадаючы, што ўкраінцы назапашваюць сілы для контрнаступлення супраць расійскіх войскаў.

***

За мінулыя суткі расійскія акупанты засяродзілі асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. Вайскоўцы Сіл абароны Украіны адбілі больш за 100 нападаў расійцаў, паведамляецца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

Авіяцыя УСУ нанесла шэсць удараў па раёнах засяроджання акупантаў, а падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі разбілі два раёны засяроджання асабістага саставу праціўніка і адну пазіцыю разгортвання варожых сродкаў СПА.

***

У апошнія дні «ПВК Вагнера» змаглі замацавацца на заходнім беразе ракі Бахмутка, якая праходзіць праз цэнтр горада, паведамляе брытанская выведка ў сваёй штодзённай зводцы. У папярэдні тыдзень рака з'яўлялася лініяй фронту. Адначасова з гэтым на іншых участках фронту расійскія войскі практычна спынілі наступ, з чаго брытанцы робяць выснову, што ўсе сілы адтуль былі сцягнутыя для гэтага мікрарыўка пад Бахмутам. Украінскія ўлады працягваюць паўтараць, што Бахмут — «вельмі важная і ключавая кропка», якую Украіна не збіраецца здаваць.