393-і дзень вайны. Расіяне выдыхаюцца пад Бахмутам?

Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што наступальны патэнцыял арміі РФ у раёне Бахмута зніжаецца.

Вайна ва Украіне. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Вайна ва Украіне. Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Колькасць загінулых у выніку расійскага ўдару па інтэрнаце ў Ржышчаве Кіеўскай вобласці ўзрасла да дзевяці, яшчэ дзевяць чалавек пацярпелі, 20 чалавек звярнуліся ў бальніцу з нязначнымі траўмамі. Гэта канчатковыя звесткі аб ахвярах атакі дронаў на Кіеўшчыну 22 сакавіка, паведаміў начальнік абласной паліцыі Андрэй Небытаў. Выратавальныя работы завершаны.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі (у Аўдзееўцы), яшчэ чацвёра атрымалі раненні. Расіяне ўдарылі трыма ракетамі па тэрыторыі коксахімічнага завода. Таксама ноччу РФ абстраляла Краматорск і наваколлі горада, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі праз расійскія абстрэлы адзін чалавек загінуў, двое паранены.

Расіяне выдыхаюцца пад Бахмутам, і хутка УСУ гэтым скарыстаюцца, заявіў камандуючы сухапутнымі войскамі Аляксандр Сырскі:«Асноўнымі сіламі РФ на гэтым кірунку з'яўляюцца прадстаўнікі ПВК «Вагнер». Не шкадуючы нічога, яны губляюць значныя сілы і выдыхаюцца. Зусім хутка мы скарыстаемся гэтай магчымасцю, як у свой час рабілі гэта пад Кіевам, Харкавам, Балаклеяй і Купянскам».

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 23 сакавіка: асабовага складу — каля 168 150 (+660 за мінулыя суткі) чалавек.

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Армія РФ працягвае весці наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках, на іншых — абараняецца. За мінулыя суткі падраздзяленнямі Сіл абароны Украіны адбіты 83 атакі РФ на ўсходнім участку фронту, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

У Запарожскай вобласці ў некаторых населеных пунктах (Рэшацілаўскае, Чумацкае і Канстанцінаўка) рускія захопнікі забаранілі мясцовым жыхарам выходзіць з дома. Генштаб не выключае, што гэта можа рабіцца для таго, каб мясцовае насельніцтва не бачыла планавага перакідання арміяй РФ сваёй жывой сілы і ваеннай тэхнікі да лініі баявога сутыкнення.

У Расіі ў адной з вайсковых частак, якая дыслацыруецца ў Паўднёвай Асеціі, праводзіцца актыўная праца з салдатамі тэрміновай службы для падпісання імі кантрактаў і далейшага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. У перыяд з 1 па 10 сакавіка кантракт падпісалі больш за 50 расійскіх вайскоўцаў тэрміновай службы. Без належнай баявой падрыхтоўкі яны адпраўлены ў Мелітопаль.

Раніцай у Мелітопалі прагрымеў выбух. У мясцовым «МУС» паведамілі, што спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне, паранены супрацоўнік «паліцыі», ён шпіталізаваны.

РФ аднавіла працу порта ў захопленым Марыупалі. У яго зайшлі чарговыя кантэйнеры з грузам «падвойнага прызначэння», прычым пры ўдзеле толькі расіян, распавёў дарадца мэра Пётр Андрушчанка. З ягоных слоў, цяпер порт тэарэтычна можа прымаць караблі да 20 тысяч тон. Туды могуць павезці ваенныя грузы — гэта хутчэй і танней, чым грузавікамі, дадаў Андрушчанка.

Украіна штодня выкарыстоўвае ад 4 да 7 тысяч артылерыйскіх снарадаў супраць 20 тысяч, якія выкарыстоўвае РФ. Бягучы ўзровень выдаткаў боепрыпасаў вышэйшы, чым узровень вытворчасці, заявіў Столтэнберг. Са слоў генеральнага сакратара NATO, пытанне боепрыпасаў для Украіны застаецца актуальным, бо Пуцін не мае намеру заканчваць вайну. «Захаду трэба быць гатовым у далейшым падтрымліваць Украіну боепрыпасамі і зброяй», — падкрэсліў Столтэнберг.

Ён адзначыў, што Расія нарошчвае вайскова-прамысловую вытворчасць і звяртаецца па зброю да аўтарытарных рэжымаў Ірана, Паўночнай Карэі і іншых дзяржаў. Так што чальцам NATO неабходна павялічыць свае выдаткі на абарону, рэзюмаваў генеральны сакратар.

Каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі заявіў, што ракетны ўдар Расіі па жылым масіве ў Запарожжы «выразна нагадвае» папярэднія аналагічныя атакі і можа быць свядомым дзеяннем расійскага камандавання.

ЗША працягнуць аказваць падтрымку Украіне ў галінах бяспекі, эканомікі, энергетыкі і гуманітарнай сферы, заявіў дзяржсакратар Энтані Блінкен і падкрэсліў, што ў Штатаў захаваецца магчымасць фінансавання ўсіх праектаў.

Пры гэтым Блінкен дадаў, што амерыканцаў чакае некалькі выклікаў, і першы з іх — «выклік з боку нашых стратэгічных канкурэнтаў, непасрэдная вострая пагроза з боку расійскага самадзяржаўя і агрэсіі». Другой пагрозай ён назваў доўгатэрміновы выклік з боку Кітая.

Імаверны канкурэнт Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША Рон Дэсанціс патлумачыў свае заявы пра нібыта немэтазгоднасць дапамогі Украіне, якія выклікалі шквал крытыкі. Са слоў Дэсанціса, калі ён казаў, што падтрымка Украіны «не ў жыццёва важных інтарэсах ЗША», і назваў вайну «тэрытарыяльнай спрэчкай», то выкарыстаў недарэчную фармулёўку і зусім не меў на ўвазе, што Расія «можа захопліваць Украіну» або пагражаць NATO.

«Несумненна, Украіна мае права на гэтую тэрыторыю. Калі б можна было адным махам нешта змяніць, я б 100% вярнуў гэтыя тэрыторыі Украіне», — сказаў ён. Дэсанціс таксама выказаўся наконт Пуціна: «Думаю, ён вайсковы злачынец. І я сапраўды лічу, што яго трэба прыцягнуць да адказнасці».


Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што расійскія войскі перакідваюць падраздзяленні на розныя ўчасткі фронту ва Украіне, верагодна, каб пачаць наступ на новых кірунках. Паводле інфармацыі аналітыкаў, у раёне Бахмута расіяне аслабілі інтэнсіўнасць баёў, а УСУ 21 і 22 сакавіка правялі контратакі на паўднёва-заходняй і паўночна-заходняй ускраінах горада. На іх думку, гэта можа паказваць, што расійскія войскі часткова адводзяць ад Бахмута, каб пачаць наступ на іншых участках фронту.

Так, у цяперашні час войскі РФ нарошчваюць тэмпы наступальных аперацый у раёне Аўдзееўкі, і не выключана, што робяць яны гэта за кошт сваіх аперацый у раёне Бахмута і наступу ў раёне Вугледара, адзначаюць у ISW.

Акрамя таго, аналітыкі не знайшлі пацвярджэння прысутнасці расійскай 2-й мотастралковай дывізіі 1-й гвардзейскай танкавай арміі (Заходняя вайсковая акруга), нягледзячы на паведамленні аб тым, што яна нібыта была перафарміравана ў Беларусі і перакінута ў Луганск. У ISW лічаць, што расіяне могуць задзейнічаць гэта падраздзяленне ў адным або некалькіх ужо пачатых наступленнях або ў новым наступе.

Брытанская выведка мяркуе, што расіяне, імаверна, хочуць адбіць Купянск, які з'яўляецца лагістычным вузлом. Паводле аналітыкаў, пра гэта сведчыць той факт, што з пачатку сакавіка на ўчастку Сватава — Крамянная на поўначы Луганскай вобласці ідуць жорсткія баі. Пры гэтым Расія часткова аднавіла кантроль над найбліжэйшымі подступамі да Крамянной.

Паводле інфармацыі выведкі, месцамі Расія дамаглася выйгрышу да некалькіх кіламетраў. Расійскае камандаванне, верагодна, спрабуе пашырыць зону бяспекі на захад ад падрыхтаваных імі абарончых рубяжоў уздоўж узвышшаў і інтэграваць натуральную перашкоду ў выглядзе ракі Аскол, лічаць эксперты.

У выведцы лічаць, што ў аператыўным плане намеры Расіі на паўночным усходзе застаюцца абарончымі, а расійскія камандзіры, верагодна, асцерагаюцца, што гэта адзін з сектараў, дзе Украіна можа распачаць буйныя наступальныя аперацыі.