413-ты дзень вайны. Калі пачнецца ўкраінскі контрнаступ?

Расіяне ва Украіне па-ранейшаму спрабуюць атакаваць, але без асаблівых поспехаў. Украінскія вайскоўцы вымотваюць захопнікаў у раёне Бахмута і збіраюць сілы для ўдару ў адказ.

Фота: Zelenskiy / Official

Фота: Zelenskiy / Official


Афіцыйна: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі праціўнік нанёс 1 ракетны і 21 авіяцыйны ўдар, здзейсніў 33 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і грамадзянскай інфраструктуры населеных пунктаў, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі абаронцамі было адбіта 72 атакі праціўніка на названых напрамках.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен. Пэўныя падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў Узброеных Сіл РФ працягваюць знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Вораг і ў далейшым захоўвае ваенную прысутнасць у прыгранічных з Украінай раёнах Курскай і Белгарадскай абласцях, працягвае ажыццяўляць інжынернае абсталяванне мясцовасці.

Украінскія абаронцы за мінулыя суткі ліквідавалі яшчэ 730 захопнікаў. Агулам страты расійцаў з пачатку поўнамаштабнага ўварвання, па меркаванні УСУ, склалі больш за 180 тысяч чалавек.


Бахмут

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр у эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафона патлумачыла ўпартую абарону Бахмута. Паводле яе, горад прыняў на сябе асноўны ўдар расійскіх захопнікаў на Усходзе.

«Вораг менавіта ў Бахмуце сканцэнтраваў асноўныя свае намаганні, таму і мы павінны там у адказ канцэнтраваць свае для таго, каб спыняць ворага. Фактычна Бахмут на сябе прыняў цяпер на Усходзе асноўны ўдар узброеных сіл ворага і іх прыватных армій», — сказала яна.

Паводле ейных слоў, калі б Україна не абараняла Бахмут, расійцы прасоўваліся б углыб тэрыторыі краіны. «Таму значэнне абароны Бахмута трэба разумець у такім кантэксце», — падкрэсліла Маляр.

Яна дадала, што УСУ ўжо знішчылі вялікую колькасць наймітаў ПВК «Вагнер», расійцы пачалі падцягваць дэсантныя, штурмавыя падраздзяленні.

У справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) гаворыцца, што баевікі ПВК «Вагнер» складаюць асноўную частку войскаў, якія імкнуцца захапіць Бахмут, а падраздзяленні ПДВ арміі РФ забяспечваюць падтрымку на флангах на поўнач і поўдзень ад горада.

Расійскія сілы ПДВ на флангах, верагодна, нацэлены толькі на ўтрыманне флангаў, а не на якія-небудзь значныя наступальныя дзеянні. Такім чынам Мінабароны Расіі мае намер выкарыстоўваць групу «Вагнер» для захопу Бахмута, зводзячы да мінімуму страты сярод кадравай арміі. А затым армія РФ выцесніць «вагнераўцаў» і возьме на сябе лаўры пераможцаў.


Абстрэлы Украіны працягваюцца

Расійскія войскі за мінулыя суткі здзейснілі 35 абстрэлаў Херсонскай вобласці, выпусціўшы 170 снарадаў з цяжкай артылерыі і авіяцыі. Акупанты патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў, царква, лінію электраперадач, тэрыторыю порта ў горадзе Херсон і прадпрыемствы ў пасёлках Дняпроўскае і Берыслаў. У выніку варожых абстрэлаў адзін чалавек загінуў.

Уначы ў сераду, 12 красавіка, расійскія акупанты абстралялі Ачакаў Мікалаеўскай вобласці. На шчасце, абышлося без пацярпелых.

Раніцай у сераду, 12 красавіка, расейскія захопнікі абстралялі памежжа Сумскай вобласці. Пад ударам апынулася Белапольская Абшчына. Расійцы здзейснілі абстрэл з мінамётаў, выпусціўшы 30 мін. Папярэдне — без наступстваў.


Контрнаступленне Украіны

Штаб галоўнакамандуючага Узброеных Сіл Украіны будзе прымаць рашэнне аб пачатку запланаванага контрнаступлення ў апошні момант, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

Ён адзначыў, што ўцечка сакрэтных дакументаў з Пентагона не паўплывала на планы Украіны. «Калі хтосьці думае, што ў нас толькі адзін варыянт, то гэта не так. Нават тры варыянты — гэта мала», — растлумачыў Данілаў.

У апошнія тыдні Расія працягвае будаваць шырокую лінейную абарону ў Запарожскай вобласці на поўдні Украіны. Хутчэй за ўсё, за гэты раён адказвае Паўднёвая групоўка войскаў Расіі (ПГВ), паведаміла Міністэрства абароны Вялікабрытаніі.

Як адзначаецца ў зводцы, цяпер Расія завяршыла стварэнне трох узроўняў абарончых зон прыкладна на 120 км у гэтым сектары. Яны складаюцца з пярэдняй лініі перадавых баявых пазіцый, а затым дзвюх зон амаль бесперапыннай, больш складанай абароны. Кожная зона знаходзіцца прыкладна на 10-20 км ззаду той, што наперадзе.

Паводле звестак брытанскай выведкі, Расія, імаверна, прыклала значныя намаганні для гэтых абарончых збудаванняў, таму што перакананая, што Украіна разглядае магчымасць атакі на Мелітопаль. Але, як адзначаюць брытанскія вайскоўцы, карыснасць лініі абароны амаль цалкам залежыць ад яе падтрымкі дастатковай колькасцю артылерыі і асабістага складу. «Застаецца незразумелым, ці можа ПГВ цяпер сабраць гэтыя рэсурсы», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.