426-ты дзень вайны. Прасоўванне расійцаў у Бахмуце спынілася

Ад лютага мінулага года ва Украіне працягваецца вайна, якую развязала пуцінская Расія. Сабралі галоўнае з апошніх падзей.

Разбурэнні ў Купянску пасля расійскага абстрэла. Фота з тэлеграм-канала Алега Сінягубава

Разбурэнні ў Купянску пасля расійскага абстрэла. Фота з тэлеграм-канала Алега Сінягубава

Расійцы ўдарылі па горадзе Купянск Харкаўскай вобласці. Вядома, што адзін са снарадаў трапіў у будынак мясцовага краязнаўчага музея.

Паводле даных кіраўніка Харкаўскай вобласці Алега Сінягубава, цяпер вядома, што пяць грамадзянскіх людзей атрымалі раненні, яшчэ па меншай меры два чалавекі знаходзяцца пад заваламі.

«На месцы працуюць усе экстраныя службы. Інфармацыя ўдакладняецца», — адзначыў Сінягубаў.

Як дадаў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак, расійцы ўдарылі па Купянску з комплексаў С-300.

На працягу апошніх сутак пад агнём акупантаў знаходзілася па меншай меры 18 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. У прыватнасці, расійцы ўдарылі па пасёлку Дворычна Купянскага раёна. Падчас артылерыйскага абстрэлу загінула 60-гадовая жанчына. Таксама пад мінамётным агнём знаходзіўся горад Ваўчанск Чугуеўскага раёна. Там абышлося без пацярпелых і сур'ёзных разбурэнняў.

Вынікі абстрэлаў у Данецкай вобласці. Фота з тэлеграм-канала Паўла Кірыленкі

Вынікі абстрэлаў у Данецкай вобласці. Фота з тэлеграм-канала Паўла Кірыленкі

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскай агрэсіі загінулі два цывільныя чалавекі, яшчэ 13 атрымалі раненні. Пра гэта паведаміў старшыня Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка.

«За 24 красавіка расійцы забілі двух жыхароў Данецкай вобласці — у Шахцёрскім. Яшчэ 13 чалавек у вобласці атрымалі раненні», — адзначыў Кірыленка. У прыватнасці, тры чалавекі параненыя ў Нью-Ёрку (населены пункт у Данецкай вобласці. — «НЧ».).

Як паведаміў кіраўнік АВА, на Горлаўскім кірунку ў выніку абстрэлу пашкоджана школа ў Гадзінаярскай грамадзе. Пад абстрэлы патрапілі наваколлі Ільінаўскай грамады.

На Данецкім кірунку адбылося шэсць абстрэлаў Курахоўскай грамады — пашкоджаныя школа, двухпавярхоўка і 15 прыватных дамоў. У Новабахмутаўцы Ачэрэцінскай грамады пашкоджаны дом. Аўдзееўка цягам мінулага вечара зазнала абстрэлы з артылерыі і «Градаў» — пашкоджаныя дамы на пяці вуліцах.

У выніку абстрэлаў на Лісічанскім кірунку пашкоджаныя два дамы ў Ліманскай грамадзе: у Ямпалі і Торскім. На Валнавахскім кірунку расійцы пяць разоў абстралялі Наваўкраінку і тры разы — Прачыстаўку. Ніхто не пацярпеў.

Бахмут сёння. Фота з тэлеграм-канала Паўла Кірыленкі

Бахмут сёння. Фота з тэлеграм-канала Паўла Кірыленкі

Самым гарачым месцам вайны застаецца горад Бахмут Данецкай вобласці. Апошнія звесткі адтуль: прасоўванне акупантаў у горадзе спынілася. Пра гэта паведамілі эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Паводле ацэнак аналітыкаў, за апошнія два дні расійцы не дамагліся якіх-небудзь тэрытарыяльных поспехаў у Бахмуце. Яны працягвалі наземныя атакі ў горадзе і яго ваколіцах, але плёну не мелі.

У зводцы ISW адзначаецца, што УСУ адбілі расійскія атакі на паўночным захадзе ад Бахмута. Акрамя таго, украінскія вайскоўцы працягваюць баі, каб адкінуць вагнераўцаў ад дарогі Хромава — Часаў Яр.

Аналітыкі прывялі словы кіраўніка ПВК Вагнера Яўгена Прыгожына аб тым, што задача яго наймітаў палягае ў тым, каб выматаць украінскія сілы перад магчымым контрнаступленнем, паколькі падзенне Бахмута, паводле ягоных слоў, не зменіць аператыўнай сітуацыі РФ на кірунку Данецкай вобласці.

Таксама аналітыкі Інстытута звярнулі ўвагу на сітуацыю ва Угледары. У справаздачы гаворыцца, што некалькі дзён таму расійскія акупанты нанеслі серыю буйных авіяўдараў па гэтым горадзе. Эксперты адзначылі, што днямі з'явілася інфармацыя, быццам расійскія войскі прарвалі абарону УСУ ў раёне Вялікай Навасёлкі і 23 красавіка атакавалі Угледар. ISW працягвае лічыць, што «расійскім сілам не хапае баявой моцы, неабходнай для колькі-небудзь значнага наступу на Угледарскім кірунку, асабліва пакуль ідзе бітва за Бахмут».

Ілюстрацыйнае фота unian.net

Ілюстрацыйнае фота unian.net

Тым часам у Расіі зафіксаваныя чарговыя інцыдэнты з беспілотнікамі. У розных раёнах Падмаскоўя знойдзеныя тры квадракоптары з камерамі і без апазнавальных знакаў. Пра гэта паведамілі расійскія прапагандысты.

Адзначаецца, што адзін з дронаў знойдзены недалёка ад месца падзення нібыта ўкраінскага беспілотніка з выбухоўкай, які быў выяўлены ў Багародскай акрузе напярэдадні.

23 красавіка ў Багародскай акрузе недалёка ад садовага таварыства «Зара» быў знойдзены дрон, начынены выбухоўкай. Расійскія прапагандысты сцвярджалі, што БПЛА нібыта быў выраблены ва Украіне і можа праляцець 900 км.

23 красавіка ў 8:00 на тэрыторыю Маскоўскага нафтаперапрацоўчага завода заляцеў квадракоптар маркі «Mavic». Побач з ім быў знойдзены газавы балон «Шпага».

Паводле ўкраінскіх медыя