431-шы дзень вайны. Вагнераўцы прасунуліся ў Бахмуце на 100 метраў, страціўшы 94 чалавекі
Расійскія акупанты дамагліся некаторых поспехаў у Бахмуце Данецкай вобласці, але гэта каштавала ім вялікіх страт асабістага складу.
Відэазапісы з геалакацыяй паказалі абмежаванае прасоўванне расійцаў у паўднёва-заходняй і паўночна-заходняй частках Бахмута. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW). Паводле некаторых звестак, акупанты захапілі медыцынскі каледж у цэнтры Бахмута і Бахмуцкі індустрыяльны каледж у паўднёвай частцы горада.
Паводле інфармацыі аналітыкаў, акупанты праводзілі наземныя
атакі ля дарогі праз Хромава, а таксама каля Арэхава-Васільеўкі, Багданаўкі і
Іваноўскага.
Акрамя таго, як адзначылі эксперты, расійцы нанеслі
наземныя ўдары ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк. Паводле звестак ISW, кадры з
геалакацыяй паказалі, што пад Аўдзееўкай дзейнічае 1454 мотастралковы полк, 9-й
брыгады і 14-й брыгады «Кальміус» «ДНР». А каля Вугледара
нібыта заўважана аператыўна-баявое тактычнае злучэнне «Каскад» (падраздзяленне «ДНР»).
Аналітыкі, спасылаючыся на ўкраінскі Генштаб, адзначылі, што
расійскія сілы ўсё часцей адмаўляюцца ад бою на Мар'інскім кірунку праз значныя страты ў жывой сіле, адсутнасць своечасовай падачы боепрыпасаў,
адсутнасць сродкаў індывідуальнай абароны, загад весці штурмавыя аперацыі без
цяжкай тэхнікі і артылерыйскай падтрымкі.
Вяртаючыся да Бахмута, варта адзначыць, што там у асноўным ваююць найміты ПВК Вагнера.
Кіраўнік групоўкі Яўген Прыгожын заявіў, што ў яго байцоў з'явіліся праблемы ў Бахмуце. Каментуючы сітуацыю ў горадзе, ён адзначыў, што тэрытарыяльны поспех у Бахмуце мінімальны, а страты — велізарныя.
«Прасунуліся на 100-150 метраў. Ад праціўніка ў Бахмуце
засталося 2,98 квадратных кіламетраў тэрыторыі горада», — сказаў Прыгожын.
Зрэшты, нібыта з-за снараднага голаду на поле бою «мінусуюць» сотні вагнераўцаў. Апошні раз падчас атакі
баевікі захапілі 100 метраў тэрыторыі, але УСУ ліквідавалі 94 чалавекі.
Прыгожын абвінавачвае ў стратах камандаванне УС РФ, якое не
забяспечыла ўзбраеннем яго наймітаў.
«Страт павінна было быць у пяць разоў менш, калі б нам хапала снарадаў», — заявіў Прыгожын.
Тым часам расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на лініі Сватава — Крэменная. Пра гэта таксама гаворыцца ў свежым аглядзе Інстытута вывучэння вайны. Аналітыкі адзначылі, што гэтыя атакі былі беспаспяховымі. Са спасылкай на ўкраінскі Генштаб эксперты адзначылі, што расійцы праводзілі наземныя атакі ў кірунку Белагораўкі і на поўдзень ад Дыбровы.
Акрамя таго, расійцы правалілі наземныя атакі ў напрамку
населеных пунктаў Церны і Неўскае і ў лясным масіве Серабранка за 11 км на
поўдзень ад Крэменной.
Таксама ў справаздачы гаворыцца, што УСУ працягваюць
абстрэльваць расійскія тылы ў Луганскай вобласці. «Расійскія крыніцы
сцвярджаюць, што 29 красавіка ўкраінскія сілы нанеслі ўдар чатырма ракетамі
HIMARS па Бранцы за 9 км на захад ад Алчэўска па трасе Т0504», — адзначылі
аналітыкі.
Спікер Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук распавёў, што на Бахмуцкім і Мар'інскім кірунках баі з акупантамі дзе-нідзе вядуцца на дыстанцыях да 50 метраў.
«На працягу тыдня істотна лінія фронту амаль не
рухалася. Асноўныя намаганні па вядзенню наступальных дзеянняў вораг
засяроджвае на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках, але
эпіцэнтрамі з'яўляюцца менавіта Мар'інскі і Бахмуцкі напрамкі...», — адзначыў Музычук.
Паводле яго слоў, на гэтых напрамках засяроджана больш за
ўсё штурмавых дзеянняў ворага, а вулічныя баі працягваюцца на мінімальных
дыстанцыях.
«Як адзначаюць нашы абаронцы, дзе-нідзе баявыя
сутыкненні часам адбываюцца на адлегласцях менш за 100, менш за 50
метраў...», — удакладніў спікер Нацгвардыі.
Праз такі блізкі кантакт з праціўнікам, дадаў Музычук, украінскія вайскоўцы вымушаныя дзейнічаць «досыць хутка».
«Што тычыцца Купянскага і Ліманскага напрамкаў, то ў апошні час на гэтым участку вораг прымяняе не так шмат штурмавых дзеянняў. Але гэта той участак, дзе больш за ўсё ўжываецца артылерыя, дзе працягваюцца абстрэлы з артылерыйскіх сістэм рознага калібра», — паведаміў ён.
Музычук
таксама адзначыў, што падраздзяленні Нацгвардыі на гэтых кірунках на мінулым
тыдні знішчылі значную колькасць варожых артылерыйскіх установак і мінамётаў.
Улады Бранскай вобласці (Расія) заявілі аб начным абстрэле пасёлка Суземка, у выніку якога загінулі людзі. У атацы расійцы абвінавацілі УСУ.
«УСУ абстралялі пасёлак Суземка. У выніку траплення
снарада адбыўся пажар і частковае разбурэнне аднаго жылога дома. На месцы
працуюць усе аператыўныя службы», — паведаміў губернатар
рэгіёна Аляксандр Багамаз.
Паводле яго слоў, у выніку гэтага здарэння загінулі двое мірных жыхароў. Пры гэтым адзін жылы дом быў разбураны цалкам, яшчэ два — часткова. Украінскі бок інцыдэнт у Бранскай вобласці пакуль не каментаваў.
Паводле ўкраінскіх медыя