430-ты дзень вайны. Колькасць загінулых ад расійскага ўдару ва Умані ўзрасла да 23 чалавек

У горадзе Умань Чаркаскай вобласці працягваюцца выратавальныя працы. Спецыялісты ідэнтыфікавалі ўжо 22 ахвяры расійскага ўдару, сярод іх пяцёра дзяцей. Усяго ахвяр 23.

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Расійскія войскі ў ноч на 28 красавіка нанеслі ракетны ўдар па жылой шматпавярхоўцы ва Умані. Там дагэтуль працягваюцца выратавальна-пошукавыя работы.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства ўнутраных спраў Украіны. «Умань. У працэсе ідэнтыфікацыі высветлілася, што загінулі пяць дзяцей: два хлопчыкі (паўтара і 16 гадоў) і тры дзяўчынкі (8, 11 і 14 гадоў). Без вестак зніклай лічыцца адна жанчына. Пошукі працягваюцца», — паведаміў дэталі кіраўнік МУС Ігар Кліменка.

Міністр адзначыў, што разбор завалаў працягваецца. «Пацверджаная гібель у выніку ракетнай атакі Расіі 23 чалавек, з якіх следчыя і крыміналісты паліцыі ідэнтыфікавалі 22 целы», — сказаў ён.

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Фота Нацыянальнай паліцыі Украіны

Аналітыкі брытанскай выведкі заўважылі, што абстрэл Умані стаў самым буйным ударам Расіі па Украіне з пачатку сакавіка. Ён быў здзейснены крылатымі ракетамі.

Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы брытанскай выведкі. «Атакі паказваюць, што РФ перастала выкарыстоўваць дальнабойныя ўдары. У гэтай хвалі было выпушчана менш ракет, чым зімой, і яна не была нацэлена на энергетычную інфраструктуру Украіны», — адзначылі эксперты.

Яны дапусцілі, што існуе рэальная магчымасць таго, што такім чынам расійцы спрабавалі перахапіць украінскія рэзервовыя падраздзяленні і ваенныя пастаўкі, нядаўна дастаўленыя на ўкраінскую тэрыторыю.

Фота unian.net

Фота unian.net

У ноч на 29 красавіка невядомы беспілотнік атакаваў рэзервуар з палівам акупантаў у Казачай Бухце Крыма, побач з Севастопалем. Пра гэта паведаміў прызначаны Крамлём так званы «губернатар Севастопаля» Міхаіл Развазжаеў.

«Гарыць рэзервуар з палівам у раёне вуліцы братоў Манганары ў Казачай Бухце. Паводле папярэдняй інфармацыі, узгаранне адбылося праз трапленне БПЛА. На месцы працуюць усе неабходныя службы. Плошча пажару каля 1000 кв. м», — заявіў Развазжаеў.

Ён таксама паведаміў, што інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца.

Фота Генштаба Украіны

Фота Генштаба Украіны

Што да агульнай сітуацыі на фронце, то расійскія акупанты працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі здзейсніў 48 нападаў на гэтых участках фронту. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Украіны. Адзначаецца, што ў эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца гарады Бахмут і Мар'інка, дзе УСУ трымаюць абарону.

Фота libkos

Фота libkos

Акупанты працягваюць спробы акупаваць Бахмут Данецкай вобласці. Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што ў захопнікаў ёсць некаторыя поспехі.

Як гаворыцца ў новай справаздачы ISW, расійцы ўзмацняюць ціск на трасу Канстанцінаўка — Часаў Яр — Бахмут. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 27 красавіка, паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся да Бахмуцкага індустрыяльнага каледжа на гэтай дарозе на паўднёвым захадзе горада.

Іншыя кадры з геалакацыяй сведчаць пра тое, што ўкраінскія сілы ажыццяўляюць кантраляваны адыход з аднаго будынка ўздоўж трасы. Верагодна, акупанты прасоўваліся ў гэтым раёне. Разам з тым 27 красавіка Генштаб Украіны ўпершыню паведаміў, што ўкраінскія войскі адбілі расійскую наземную атаку ў кірунку Часава Яру, што за 9 км на захад ад Бахмута.

Тым часам непасрэдна у Бахмуце працягваюцца цяжкія баі. Расійцы працягнулі наземныя атакі ў горадзе і на яго ўскраінах. Украінскія сілы адбілі расійскія наземныя атакі ў кірунку Багданаўкі, што за 5 км на паўночны захад ад Бахмута.

У той жа час расійскія «ваенкары» сцвярджалі, што сілы ПВК Вагнера прарвалі ўкраінскую абарону ў цэнтры Бахмута і працягвалі атакаваць украінскія пазіцыі на поўначы, поўдні і захадзе горада.

Паводле ўкраінскіх медыя