429-ты дзень вайны: асноўныя падзеі на гэты час
Новая масіраваная ракетная атака РФ. Ва Умані колькасць загінулых узрасла да 11 чалавек, дзевяць — шпіталізаваныя, паведамілі ў МУС.
РФ здзейсніла новую масіраваную ракетную атаку. Што вядома?
Расія раніцай у пятніцу, 28 красавіка, здзейсніла новую масіраваную ракетную атаку па Украіне. Паветраная трывога была абвешчаная ва ўсіх абласцях і доўжылася дзве гадзіны, з 4:02 да 6:14. Вайскоўцы мяркуюць, што галоўнай мэтай сённяшняга абстрэлу быў Кіеў.
У выніку ракетнага ўдару па Умані пашкоджаныя каля дзесяці шматкватэрных дамоў, у адным з іх знішчаны цэлы пад'езд, паведаміў Уладзімір Зяленскі. Пад заваламі застаюцца людзі.
У офісе прэзідэнта паказалі наступствы ракетнага ўдару па шматкватэрным доме ва Умані.
Паводле папярэдніх звестак, у разбураным пад'ездзе ва Умані пражывала 109 чалавек. З 46 кватэр 27 цалкам разбураныя, паведаміў міністр унутраных спраў Ігар Кліменка. Тым часам колькасць загінулых вырасла да 11 чалавек, выратавальныя работы працягваюцца.
Сярод загінулых ва Умані — двое дзесяцігадовых дзяцей. Пра гэта паведаміў кіраўнік Чаркаскай вобласці Ігар Табурэц. У горадзе абвешчана трохдзённая жалоба.
Расія гэтай ноччу ўжывала для ўдараў па Украіне ракеты «Іскандэр-К», заявіў спікер паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат: «Паводле ўдакладненай інфармацыі... ляцелі з паўднёвага напрамку ракеты “Іскандэр-К”. Гэта таксама крылатая ракета, якая, у прынцыпе, мае такія ж тактыка-тэхнічныя характарыстыкі, як і “Калібр”, але “Іскандэр-К” — гэта ракета наземнага базавання, не балістычная, а крылатая. Менавіта гэтая ракета ляціць вельмі нізка, у гэтым і палягае праблема яе выяўлення і збівання. Але і такія ракеты збіваліся нашай супрацьпаветранай абаронай». Па словах Ігната, удар па Мікалаеву ўчора, у ноч на 27 красавіка, таксама быў нанесены ракетамі “Іскандэр-К”, хоць учора паведамлялі пра “Калібр”.
Афіцыйны тэлеграм-канал Мінабароны РФ раніцай 28 красавіка, пасля масіраванага ракетнага ўдару па Украіне і трапляння ў шматкватэрны жылы дом ва Умані, апублікаваў пост.
Мінабароны РФ выхваляецца ракетным ударам па жылым доме:
Яго пракаментаваў кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак: «"Минубийства" РФ радуецца, што трапіла ў жылы дом ракетай і забіла мірных людзей. Відавочная неадэкватнасць і закамплексаванасць цэлай нацыі тэрарыстаў і забойцаў».
Жорсткасць Расіі толькі ўмацоўвае рашучасць украінцаў і паглыбляе прыхільнасць ЗША падтрымцы Украіны ў яе барацьбе, заявіла амерыканскі амбасадар Брыджыт Брынк, калі каментавала ракетную атаку РФ.
Ранішняя ракетная атака расіян не нанесла пашкоджанняў энергетычнай інфраструктуры і не прывяла да неабходнасці абмежавання спажывання электраэнергіі. Аднак застаецца складанай сітуацыя на ўсходзе Украіны, дзе з-за абстрэлаў атрымаў пашкоджанні энергетычны аб'ект, паведаміла Укрэнерга. Працягваецца экспарт электраэнергіі ў Польшчу і Малдову, таксама ідзе нязначны імпарт са Славакіі.
Пасля паўзы працягласцю 51 дзень расіяне нанеслі чарговы ракетны ўдар па Кіеву (апошні ракетны абстрэл украінскай сталіцы быў 9 сакавіка). Паводле папярэдніх звестак, у раёне паветранай прасторы Кіева было знішчана 11 крылатых ракет і два БПЛА, паведаміў начальнік КГВА Сяргей Папко.
Папярэдне, у выніку падзення абломкаў у Абалонскім раёне ўкраінскай сталіцы перабіта лакальная лінія электрасетак і пашкоджанае дарожнае пакрыццё. Ахвяр і разбурэнняў жылых аб'ектаў або інфраструктуры няма.
У Дняпры ў выніку начной атакі разбураны прыватны дом, загінула двухгадовае дзіця і яго маці, яшчэ тры чалавекі пацярпелі, паведаміў кіраўнік горада Сяргей Лысак. Акрамя таго, разбураны будынак прыватнага прадпрыемства і будаўнічая база, там паранены яшчэ адзін чалавек.
У горадзе Украінка Кіеўскай вобласці ў выніку падзення абломкаў расійскай ракеты ёсць траплянне ў шматпавярховы дом, пашкоджаныя кватэры на двух паверхах, пацярпела адно дзіця, паведаміў кіраўнік Кіеўскай вобласці Руслан Краўчанка.
Весткі з палёў вайны
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 28 красавіка: асабовага складу — каля 189 460 (+540) чалавек.
Армія РФ працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. За мінулыя суткі сіламі абароны Украіны адбітыя больш за 65 нападаў на названых участках фронту. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут і Мар'інка, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
У Мелітопальскім раёне Запарожскай вобласці ў адным з падраздзяленняў ворага ў выніку атручання з-за «ўжывання невядомага рэчыва» 24 красавіка памерлі 20 чалавек, паведаміў Генштаб.
У Марыупалі ўжо больш за 40 тысяч грамадзян Расеі, і яны працягваюць прыбываць, паведаміў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка. Пераважна гэта прадстаўнікі аддаленых рэгіёнаў РФ.
Зброя для Украіны
Германія пачне перадаваць Украіне 80 асноўных баявых танкаў Leopard 1 у сярэдзіне 2023 года, а на гэтым тыдні ўжо пачалася падрыхтоўка больш за 100 украінскіх вайскоўцаў, распавёў міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус. Ён нагадаў, што ў сакавіку Украіне было перададзена 18 танкаў Leopard 2 A6 і 40 баявых машын пяхоты Marder, а таксама неабходныя запчасткі і боепрыпасы.
Іран выкарыстоўвае скрадзеныя ваенныя тэхналогіі
Іранскія дроны Shahed-136 абсталяваныя рухавіком, заснаваным на нямецкай тэхналогіі, якая была незаконна атрыманая Тэгеранам больш за 15 гадоў таму. Гэта высветліла Брытанская арганізацыя Conflict Armament Research, якая займаецца даследаваннем кампанентаў зброі. Рухавік кампаніі Mado, які выкарыстоўваецца ў іранскіх БПЛА, быў распрацаваны пасля таго, як у 2006 годзе Іран атрымаў рухавікі для беспілотнікаў нямецкай кампаніі Limbach Flugmotoren.
Акрамя таго, у 2020 годзе высветлілася, што ў іранскіх ракетах Quds-1 выкарыстоўваецца копія чэшскага рухавіка TJ-100 вытворчасці PBS Velká Bíteš. Гэтыя высновы паказваюць на здольнасць Ірана выкарыстоўваць ваенныя тэхналогіі, атрыманыя ім незаконным шляхам.
У сувязі з гэтым на Захадзе занепакоеныя, што Расія можа перадаць Ірану зброю і тэхніку, выяўленыя на полі бою ва Украіне, адзначае CNN.
Расійскія войскі змянілі тактыку?
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што расійскія войскі змянілі тактыку ракетных удараў па Украіне, каб ускладніць задачу ўкраінскім сілам СПА. Такую выснову аналітыкі зрабілі пасля ўдару па Мікалаеву 27 красавіка чатырма ракетамі “Калібр”. Расійскія сілы наводзілі ракеты, выкарыстоўваючы розныя асаблівасці мясцовасці, розную вышыню пуску і шматразовае змяненне траекторыі, каб абцяжарыць іх перахоп сродкамі СПА.
Спецыялісты адзначаюць, што расіяне такім чынам яшчэ і эканомяць свае ракеты. На думку аналітыкаў, расійскія сілы захоўваюць здольнасьць аднавіць сваю ракетную кампанію, калі захочуць.
Украіна ўяўляе сабой самую вялікую замініраваную краіну свету
Украіна абышла па колькасці мін на сваёй тэрыторыі нават Афганістан і Сірыю. Міжнародны аналітычны цэнтр Globsec апублікаваў справаздачу, у якой гаворыцца пра «складаную, дарагую і амаль невыканальную» задачу размініравання тэрыторыі краіны, з якой Украіна ў канчатковым выніку сутыкнецца пасля заканчэння вайны.
У Кіеў прыбылі прэзідэнты Чэхіі Пётр Павел і Славакіі Зузана Чапутава
У пятніцу, 28 красавіка, у Кіеў прыехалі прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел і кіраўнік Славакіі Зузана Чапутава, паведамляе 420on.cz.
«Паездка Паўла, як і ўсіх іншых палітыкаў, якія наведалі Украіну пасля пачатку вайны ў лютым мінулага года, суправаджаецца строгімі мерамі бяспекі, а падрабязная праграма яго візіту засакрэчаная.
Чэшскі прэзідэнт плануе наведаць некаторыя разбураныя вайной раёны і правесці палітычныя сустрэчы. Ён сустрэнецца з кіраўніком украінскай дзяржавы Уладзімірам Зяленскім», — піша чэшскае выданне.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua, Украінская служба РБК, 420on.cz, сацестак