440-вы дзень вайны. У ноч на 9 траўня Расія атакавала Украіну крылатымі ракетамі
У ноч на 9 траўня расійцы абстралялі Украіну крылатымі ракетамі. Паведамляецца пра 25 пускаў, 23 ракеты збіла ўкраінская СПА. Чалавечых ахвяр няма.
17 ракет было выпушчана з носьбітаў паветранага базавання — з самалётаў стратэгічнай авіяцыі Ту-95МС. 15 з іх былі збітыя.
Пра гэта паведаміў галоўнакамандуючы Валерый Залужны. Каля 22:00 гадзін 8 мая акупанты таксама выпусцілі 8 крылатых ракет «Калібр» з носьбітаў у Чорным моры, якія накіраваў на ўсходнія
рэгіёны краіны. Усе 8 былі знішчаныя сіламі і сродкамі СПА паветранага
камандавання «Усход».
Крылатымі ракетамі быў атакаваны Кіеў і Кіеўская вобласць. Паведамляецца, што СПА паспяхова справілася з абаронай сталіцы, прамых трапленняў не дапушчана.
У ходзе начной атакі па Кіеве расійскі агрэсар ужыў каля 15 ракет тыпу Х-101. Ні адна не змагла ўразіць прызначаную ёй мэту, паведамляе Кіеўская гарадская ваенная адміністрацыя.
Адзначаецца, што гэтая паветраная атака па Кіеве ўжо
пятая з пачатку траўня і самая магутная з усіх.
«Цяперашняя начная атака была ажыццёўлена з чатырох
бартоў стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС з раёна Каспійскага мора. Нагадаю, што
напярэдадні рашысты наўмысна задзейнічалі рэкордную колькасць «Shahed», каб выявіць і максімальна знясіліць СПА Кіева. Але, як і на
фронце, планы агрэсара праваліліся», — паведаміў кіраўнік КГВА Сяргей
Папко.
Паводле яго слоў, украінскія байцы змаглі адбіць паветраны налёт
на сталіцу, не дапусціўшы ніводнага траплення ракеты па зададзенай цэлі.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, у паветранай прасторы
вакол Кіева было выяўлена і знішчана каля паўтары дзясяткаў варожых паветраных
цэляў! Трапленняў не дапушчана. Папярэдне, без ахвяр і сур'ёзных разбурэнняў у
выніку падзення абломкаў», — заявіў ён.
Няма разбурэнняў і ахвяр і ў выніку абстрэлу Кіеўскай вобласці.
У ноч на аўторак акупанты запусцілі восем ракет на Днепрапятроўскую вобласць, украінскія ваяры з паветранага камандавання «Усход» ліквідавалі іх усе. Паведамляецца пра трапленне ў чатырохпавярховы дом у Дняпры, у выніку пацярпела і шпіталізаваная 32-гадовая жанчына. Пра гэта распавёў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.
«Дзякуй СПА за гэтую раніцу! Адпрацавалі магутна. Уначы вайскоўцы з паветранага камандавання «Усход» збілі ўсе восем
ракет, якія вораг накіраваў на вобласць. Абломкі расійскага «металалому» ўпалі на чатырохпавярхоўку ў Дняпры», — адзначыў чыноўнік.
Кіраўнік АВА дадаў, што ў доме абломкамі пашкоджаны дах і
перакрыцце некалькіх памяшканняў. Акрамя таго, на трэцім паверсе чатырохпавярхоўкі
знайшлі баявую частку ракеты. Паколькі ў доме працавалі выбухатэхнікі, былі
эвакуяваныя дзясяткі жыхароў. «Небяспечныя абломкі ўжо вывезлі, іх
знішчаць», — дадаў Лысак.
Агульная сітуацыя на фронце за мінулыя суткі істотна не змянілася. За ўчорашні дзень украінскія абаронцы адбілі 42 спробы наступу расійцаў на чатырох аператыўных кірунках фронту — Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб УСУ.
Вайскоўцы адзначаюць, што найбольш цяжкая сітуацыя
складваецца ў раёне Бахмута і Мар'інкі.
Так, на працягу сутак агрэсары актыўна, але беспаспяхова
атакавалі ў напрамку пасёлка Іванаўскае і горада Часаў Яр, праз якія ідуць
асноўныя шляхі забеспячэння ўкраінскіх войскаў у Бахмуце. А на Мар'інскім
кірунку ўкраінскім байцам давялося адбіваць шматлікія атакі акупантаў на
сам горад.
На Ліманскім кірунку асноўныя намаганні расійскай наступальнай групоўкі засяродзіліся ў напрамку пасёлка Белагораўка. Пад Аўдзееўкай акупанты наступалі на сам горад, а таксама на пасёлак Першамайскае — без поспеху.
Тым часам прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен прыбыла ў Кіеў. Пра гэта яна паведаміла ў «Твітары».
«Прыемна вярнуцца ў Кіеў, дзе каштоўнасці, якія мы цэнім, абараняюцца кожны дзень. Таму гэта годнае месца для святкавання Дня Еўропы», — паведаміла фон дэр Ляен.
Яна вітала пастанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага зрабіць 9 траўня менавіта Днём Еўропы ва Украіне.
Прэзідэнт Еўракамісіі таксама апублікавала фатаграфію з платформы чыгуначнага вакзала Кіева, дзе яе сустракаў намеснік міністра замежных спраў Украіны Яўген Перабійніс.
Вядома, што сёння фон дэр Ляен правядзе сустрэчу з Зяленскім.