447-мы дзень вайны: Кіеў абстралялі ракетамі, Прыгожына будуць «зліваць»

Раніцай 16 траўня расійцы ўчынілі магутную ракетную атаку на Кіеў. Але сілы Супрацьпаветранай абароны Украіны абаранілі сталіцу.

Фота: unian.net

Фота: unian.net

«На гэты раз вораг здзейсніў комплексную атаку з розных напрамкаў адначасова, з ужываннем дронаў, крылатых ракет і, верагодна, ракет балістычнага тыпу. Яна была выключнай па сваёй шчыльнасці —максімальная колькасць ракет за самы кароткі прамежак часу», — паведаміў начальнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.

Паводле папярэдняй інфармацыі, сілы СПА выявілі і знішчылі пераважную большасць цэляў у паветранай прасторы Кіева. Пасля атакі зафіксавана падзенне абломкаў у Саломенскім, Шаўчэнкаўскім, Святошынскім і Дарніцкім раёнах горада.

«Найбольшыя пашкоджанні ў Саломенскім раёне — там было ўзгаранне нежылога памяшкання і некалькі адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Пажар ліквідаваны. У астатніх раёнах пашкоджанні неістотныя», — сказаў Папко.

Паводле яго інфармацыі, пацярпелых няма.

Увогуле ў ноч на 16 траўня расійскія захопнікі чарговым разам атакавалі Украіну ракетамі, у тым ліку з акваторыі Чорнага мора. Ва ўсіх абласцях краіны аб'яўлялі паветраную трывогу, у Кіеве раздаваліся гучныя выбухі.

Фота: armyinform.com.ua

Фота: armyinform.com.ua

У сваю чаргу ўкраінская авіяцыя 15 траўня нанесла дзевяць удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх акупантаў. Акрамя таго, было нанесена яшчэ сем удараў па зенітна-ракетных комплексах РФ.

«Знішчана шэсць ударных БПЛА розных тыпаў. Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі знішчылі тры пункты кіравання, пяць раёнаў засяроджвання жывой сілы, чатыры артылерыйскія падраздзяленні на агнявых пазіцыях, зенітна-ракетны комплекс, пяць станцый радыёэлектроннай барацьбы, а таксама склад боепрыпасаў ворага», — гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба УСУ.

У Бранскай вобласці РФ, дзе апошнім часам неспакойна, заўважаны чарговы беспілотнік. Аб яго ліквідацыі заявіў мясцовы губернатар Аляксандр Багамаз. Дрон заляцеў у раён горада Клінцы, там працуюць аператыўныя службы.

«Сістэмай СПА ў Клінцах быў збіты ўкраінскі БПЛА самалётнага тыпу. Пацярпелых няма. Пашкоджаны балкон жылога дома. Аператыўныя службы працуюць на месцы», — паведаміў Багамаз.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Па-ранейшаму вельмі напружанай застаецца сітуацыя вакол горада Бахмут Данецкай вобласці. Там ідуць цяжкія баі.

Пры гэтым УСУ дамагліся тактычных поспехаў на флангах вакол горада, але ў межах Бахмута ПВК «Вагнер» працягвае прасоўванне. Пра гэта гаворыцца ў новай зводцы ад брытанскай выведкі.

«Сілы групы Вагнера працягваюць паступова прасоўвацца, зачышчаючы ўкраінскія пазіцыі ў цэнтры Бахмута. Аднак за апошнія чатыры дні ўкраінскія сілы дамагліся тактычнага прагрэсу, стабілізаваўшы флангі Бахмута на сваю карысць», — кажуць брытанцы.

У прыватнасці, выведка Вялікабрытаніі фіксуе прасоўванне ўкраінскіх сіл на поўдзень і паўночны захад ад горада.

«Гэта, верагодна, дазволіла ўкраінскім сілам аднавіць больш бяспечнае выкарыстанне ключавой дарогі забеспячэння 0506», — адзначаюць у выведцы.

Брытанцы мяркуюць, што ўкраінскае камандаванне мае намер аднавіць кантроль над каналам Северскі Данец — Данбас, каб выкарыстоўваць яго як мяжу абароны на гэтым напрамку, у тым ліку для абароны горада Часаў Яр.

Паводле даных Генштаба УСУ, Бахмут і Мар'інка на працягу апошніх сутак былі самымі гарачымі ўчасткамі фронту. Акрамя нападаў у гарадской мяжы Бахмута, акупанты спрабавалі прасунуцца ў напрамку населенага пункта Іванаўскае. Поспеху там не мелі.

Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

Крэмль рыхтуе механізмы, каб у будучыні прызнаць кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына здраднікам, але гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца не ў бліжэйшы час. Такім чынам аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) пракаментавалі публікацыю «The Washington Post» пра нібыта спробы Прыгожына звязацца з украінскай выведкай і здаць пазіцыі расійскіх вайскоўцаў у абмен на выхад УСУ з Бахмута.

На думку экспертаў, такім чынам кіраўнік ПВК працягвае сваю барацьбу з Мінабароны РФ, але не расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Аналітыкі лічаць, што ў Крамлі маглі ведаць аб патэнцыйных кантактах Прыгожына з украінскім ГУР, а таму не былі здзіўлены гэтым фактам.

«Неназваныя крыніцы ў Крамлі паведамілі, што адміністрацыя прэзідэнта Расіі рыхтуе інфармацыйную аперацыю па публічнай дыскрэдытацыі Прыгожына, але адзначылі, што Крэмль наўрад ці будзе пагражаць яму, пакуль сілы ПВК «Вагнер» знаходзяцца на перадавой. Прыгожын камандуе сіламі Вагнера на Данбасе, і яго адхіленне парушыла б пазіцыі расійцаў у Бахмуце, а на такую рызыку Пуцін наўрад ці пойдзе», — дадалі ў ISW.

У той жа час Крэмль не можа проста зняць Прыгожына з пасады, паколькі група Вагнера афіцыйна з'яўляецца прыватнай кампаніяй. Адзіны спосаб змяніць яе ўладальніка заключаецца ва ўсталяванні кантролю над наймітамі.

«Каб пазбавіць Прыгожына кантролю над вагнераўцамі, паводле іроніі лёсу, трэба было б усталяваць прамы кантроль Крамля над групай наймітаў, ад якой Пуцін з усіх сіл імкнецца захоўваць фармальную дыстанцыю», — падсумавалі ў ISW.