461-шы дзень вайны. Дроны атакавалі Маскву (фота, відэа)
У Маскве прагрымелі выбухі. Мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін заявіў пра атаку дронаў. Паводле інфармацыі мясцовых паблікаў, нібыта тры беспілотнікі атакавалі шматпавярхоўкі. Сабралі апошнія навіны расійска-ўкраінскай вайны.
У сталіцы Расійскай Федэрацыі раніцай 30 мая прагрымелі
выбухі. У Маскве нібыта спрацавала сістэма СПА праз атаку дронаў.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што ў выніку атакі БПЛА «ў некалькіх будынках адбыліся нязначныя пашкоджанні».
«Усе экстранныя службы горада знаходзяцца на месцах здарэнняў. Яны высвятляюць абставіны. На гэты момант ніхто сур'ёзна не пацярпеў», — заявіў расійскі чыноўнік.
Пры гэтым ён указаў, што з мэтай бяспекі на час працы экстранных службаў эвакуяваны жыхары некалькіх пад'ездаў у двух дамах, пацярпелых ад трапляння БПЛА.
У сваю чаргу мясцовыя тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў выніку атакі ёсць пацярпелыя.
«Шматпавярхоўка на Ленінскім праспекце ў Маскве атакавана беспілотнікам. Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць параненыя», — гаворыцца ў адным з допісаў.
Адзначаецца, што дроны збівалі і ў Падмаскоўі.
«Два беспілотнікі былі збіты ў Істрынскім раёне Падмаскоўя з розніцай у паўгадзіны. Ляцелі яны з боку элітнага пасёлка Бенілюкс у бок Краснагорска на вышыні 30-40 метраў. Затым пачуліся два «выхлапы», як мяркуецца, ад працы сістэм СПА», — піша «Mash».
Усяго нібыта было збіта 13 беспілотнікаў на падлёце да Масквы — Рублёўка, Краснагорскі раён, Істрынскі раён, Новая Масква, а яшчэ тры нібыта трапілі ў жылыя дамы — Ленінскі праспект, Прафсаюзная вуліца, вуліца Атласава.
Адбылася чарговая паветраная атака на Кіеў. Яна доўжылася каля трох гадзін.
Гэта ўжо трэці абстрэл украінскай сталіцы за апошнія суткі. На гэты раз акупанты запусцілі па горадзе «Шахеды».
Каля дзвюх гадзін ночы 30 траўня ў горадзе была абвешчана паветраная трывога, паведамлялася аб працы СПА. Адзначаецца, што абломкі патрапілі ў шматкватэрны дом, загінуў адзін чалавек. Паведамляецца, што разбураны кватэры на двух верхніх паверхах, амаль усе вокны павыляталі.
Жыхароў дома эвакуявалі, пад заваламі больш нікога не знайшлі.
Загінулая — жанчына прыкладна 30 гадоў. Ратавальнікі знайшлі яе ў кватэры на 20 паверсе. Яна памерла ў карэце «хуткай». Паводле звестак журналістаў, таксама пацярпеў яе муж, ён у бальніцы.
У ноч на 30 мая Расія здзейсніла 17-ю атаку на Кіеў з пачатку месяца. Абломкі збітых «Шахедаў» у некаторых раёнах сталіцы трапілі ў дамы і аўто.
Усяго за ноч былі зафіксаваны пускі 31 дрона-камікадзэ. Украінская СПА знішчыла 29 з іх. Амаль усе «Шахеды» збіты на подступах да сталіцы і ў небе Кіева.
Расійцы ажыццяўляюць масіраваныя ракетныя атакі, якія пачасціліся
ў апошнія тыдні, з-за ўласных няўдач на фронце. Пра гэта распавёў спікер
камандавання Паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат у эфіры тэлемарафону.
«Трэба сабраць волю ў кулак і паглядзець іх прапагандысцкія перадачы скабееўска-салаўёўскія. І стане зразумела, ад чаго шалее вораг. Там прама ў іх злосць з вушэй цячэ, зразумела, што яны хочуць помсты за свае няўдачы. Помста патрэбна і для ўнутранага спажыўца, які павінен наесціся прапагандай. Таму што поспехаў няма, войскі, у прыватнасці, на бахмуцкім кірунку былі моцна разбіты, хоць яны і выхваляюцца, што ўзялі руіны Бахмута. Але, як бачым, наступальныя дзеянні ворага фактычна спынены, а ім трэба хоць нешта давесці сваім людзям», — сказаў Ігнат.
Ён адзначыў, што ўчора РФ беспаспяхова атакавала і балістычнымі ракетамі, спрабуючы нешта даказаць такім масіраваным ударам. Пры гэтым, па словах спікера, у расійцаў яшчэ ёсць магчымасць вырабляць пэўны аб'ём ракет штомесяц — у прыватнасці, і дарагія «Іскандэры», якімі ўчора акупанты атакавалі сталіцу.
У цэлым абстаноўка на фронце за мінулыя суткі амаль не змянілася. Пра гэты, у прыватнасці, паведаміў у эфіры блогера Марка Фейгіна былы дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч.
Тым часам адзначаецца, што кіраўніка ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын вымушаны правесці ратацыю з-за велізарных страт і знясілення сваёй групоўкі. На змену вагнераўцам у Бахмут заводзяць дэсантнікаў і мотастралковыя падраздзяленні. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Усходняй групоўкі войскаў Украіны Сяргей Чараваты.
«Так, у Бахмуце адбываюцца ратацыйныя мерапрыемствы, выкліканыя стратамі вагнераўцаў. Яны вымушаны гэта рабіць менавіта з-за велізарных страт. Заходзяць падраздзяленні паветрана-дэсантных войскаў РФ, а таксама мотастралковыя падраздзяленні. Мы ведаем іх назвы, ведаем імёны камандзіраў, а таксама баявы патэнцыял», — заявіў Чараваты.
Ён адзначыў, што ўсе гэтыя падраздзяленні ўдзельнічалі ў вайне з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання і панеслі значныя страты. Больш за тое, ён падкрэсліў, што ў асноўным гэта ўжо другі-трэці склад гэтых падраздзяленняў.
30 траўня ў вячэрнім відэазвароце Уладзімір Зяленскі заявіў, што прыняты рашэнні аб «тэрмінах руху» Украіны.
«Не толькі забеспячэнне боепрыпасамі, не толькі падрыхтоўка новых брыгад, не толькі наша тактыка. Але і тэрміны. Гэта больш важна. Тэрміны адносна таго, як мы будзем рухацца. Будзем. Рашэнні прыняты. Я дзякую кожнаму салдату і сяржанту, афіцэру і генералу, кожнай брыгадзе, якія падрыхтаваліся», — сказаў Зяленскі.
Меркавана, гаворка ідзе пра контрнаступ УСУ, якога ўсе даўно чакаюць.