460-ты дзень вайны: Расія абвясціла ў вышук амерыканскага сенатара, Кіеў масіравана быў абстраляны
Сабралі самае галоўнае на гэту гадзіну ў нашай, на жаль, традыцыйнай рубрыцы.
Ранішняя зводка Генштаба УСУ. Галоўнае
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 97 авіяцыйных удараў па тэрыторыі Украіны, ужыўшы, у прыватнасці, 59 дронаў «Шахед» (58 з іх былі знішчаны). Расійскае войска здзейсніла 39 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Расійскія войскі працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей. За суткі УСУ адбілі там 19 нападаў.
На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі 12 атак расійскіх сіл у раёне горада Мар'інка.
Авіяцыя УСУ за суткі нанесла 15 удараў па раёнах засяроджвання асабовага складу і ваеннай тэхнікі РФ, а таксама шэсць удараў па зенітна-ракетных комплексах расійскіх сіл.
Расійскія войскі ў ноч на 29 траўня ўдарылі па аб'ектах у Хмяльніцкай вобласці. Пра гэта паведамілі ў мясцовай адміністрацыі.
На складзе гаруча-змазачных матэрыялаў і захоўвання баявых матэрыяльных каштоўнасцей узнік пажар. Выведзена са строю пяць лятальных апаратаў, гаворыцца ў паведамленні.
Губернатар Белгародскай вобласці Расіі Вячаслаў Гладкоў заявіў, што вырашэннем праблемы абстрэлаў рэгіёну з украінскага боку магло б стаць далучэнне Харкаўскай вобласці. Так ён адказаў на пытанне, што можна зрабіць для бяспекі рэгіёна.
«Вы верыце ў гэту магчымасць?», — спытаў у яго карэспандэнт. «Гэта лепшы спосаб вырашэння праблемы абстрэлаў Белгародскай вобласці — далучыць Харкаўскую вобласць», — адказаў губернатар краіны-агрэсара.
У Адэсе адбыўся пажар у порце пасля падзення абломкаў збітага беспілотніка. Пра гэта паведамілі ў аператыўным камандаванні «Поўдзень».
Па даных украінскіх вайскоўцаў, падчас начнога нападу было збіта тры беспілотнікі ў Мікалаеўскай вобласці і адзін — у Адэскай.
Пажар у порце патушылі.
У Генштабе УСУ заявілі, што гэтай ноччу расійскія войскі атакавалі тэрыторыю Украіны 35 беспілотнікамі, а таксама выпусцілі да 40 крылатых ракет паветранага базіравання з Каспійскага мора.
Ва УСУ паведамілі, што збілі 67 паветраных цэляў з 75:
37 крылатых ракет;
29 ударных дронаў;1 разведвальны беспілотнік.
МУС Расіі аб'явіла ў вышук амерыканскага сенатара Ліндсі Грэма.
Напярэдадні кіраўнік Следчага камітэта РФ Аляксандр Бастрыкін даручыў завесці крымінальную справу з-за «русафобскіх выказванняў» сенатара. Як адзначалі ў СК, Грэм падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім «заявіў аб фінансавым удзеле ЗША ў прычыненні смерці грамадзянам Расіі».
Аднак насамрэч амерыканскі сенатар падобнага не казаў, гэта быў зманціраваны відэазапіс з сустрэчы.