476-ты дзень вайны ва Украіне. Нябачны ўкраінскі контрнаступ

«Першае правіла ўкраінскага контрнаступу — нічога не казаць пра контрнаступ». Тым не менш, незалежныя эксперты бачаць больш, чым паведамляе Генштаб УСУ. А Расія спрабуе зацягнуць баявыя дзеянні абстрэламі цывільнай інфраструктуры з далёкай адлегласці.

_viyskovi_gaubitsya_caesar__zima_gettyimages_1245850289__1__3_650x410.jpg


Генеральны штаб УСУ — зводка

Генеральны штаб УСУ апублікаваў звесткі пра ўварванне РФ ва Украіну на раніцу серады, 14 чэрвеня. Паведамляецца, што ўначы расійскія акупанты атакавалі тэрыторыю Украіны крылатымі ракетамі і іранскімі ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed», канчатковая інфармацыя аб наступствах атакі яшчэ ўдакладняецца.

«За мінулыя суткі расійскія захопнікі нанеслі ракетна-авіяцыйныя ўдары, задзейнічаўшы 16 крылатых ракет паветранага базіравання Х-101/Х-555 і 4 іранскія ўдарныя БПЛА «Shahed» па аб'ектах крытычнай інфраструктуры на Харкаўшчыне і жылых дамах у Крывым Розе. Нашы воіны знішчылі 11 крылатых ракет і адзін ударны дрон. Акрамя таго, вораг нанёс 39 авіяцыйных удараў і здзейсніў 62 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях нашых войскаў і населеных пунктах», — гаворыцца ў зводцы.

Вораг працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей — за мінулыя суткі на гэтым участку фронту адбылося 28 баявых сутыкненняў.

На Валынскім і Палескім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.

Генштаб УСУ традыцыйна не піша пра контрнаступленне ўкраінскіх войскаў, выконваючы «рэжым цішыні».


Маштабныя абстрэлы Украіны

У ноч з 13 на 14 чэрвеня расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па вайсковых і інфраструктурных аб'ектах Украіны крылатымі ракетамі паветранага і марскога базіравання, а таксама ўдарнымі дронамі-камікадзэ. Украінскія абаронцы збілі 12 варожых целяў, паведамляе камандаванне паветраных сіл УСУ.

«З акваторыі Чорнага мора праціўнік нанёс удар чатырма крылатымі ракетамі «Калібр» у напрамку Адэскай вобласці. Тры ракеты ўдалося збіць, адна трапіла ў грамадзянскі аб'ект. З усходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора атака была 10 іранскімі ўдарнымі дронамі «Shahed-136/131» на паўднёва-ўсходнім кірунку. Дзевяць — збіта. З Растоўскай вобласці акупанты нанеслі ўдар шасцю крылатымі ракетамі паветранага базіравання Х-22 з чатырох далёкіх бамбавікоў Ту-22М3. Удар нанесены па Данецкай вобласці. Наступствы ўдакладняюцца», — гаворыцца ў паведамленні.

У выніку новага ракетнага ўдару расійскіх агрэсараў па Крывым Розе 12 чалавек загінулі і яшчэ 28 атрымалі раненні, распавяла гендырэктар адной з бальніц горада, куды дастаўлены 12 пацярпелых. Два чалавекі — у вельмі цяжкім стане. Самы малодшы пацыент — 30 гадоў, самы старэйшы — 1956-га года нараджэння. Кіраўнік Крыварожскай ГВА Аляксандр Вілкул паведаміў, што на горад ляцела шэсць ракет, было пяць траплянняў.

Уначы 14 чэрвеня вораг атакаваў Адэсу 4 «Калібрамі» з карабля ў Чорным моры. Пашкоджаны бізнес-цэнтр, навучальная ўстанова, жылы комплекс, установы харчавання і крамы ў цэнтры горада. Траплянне варожай ракеты ў складское памяшканне адной з гандлёвых сетак выклікала разбурэнні на 1000 кв. м і пажар на плошчы 400 кв. м. Тры супрацоўнікі склада загінулі, 7 — атрымалі раненні.

За мінулыя суткі армія РФ 57 разоў абстраляла Херсонскую вобласць. Расійцы выпусцілі па гарадах і вёсках рэгіёна 304 снарады з мінамётаў, артылерыі, ПТРК і БПЛА. Херсон перажыў 17 удараў. Расійскія вайскоўцы патрапілі ў жылыя кварталы населеных пунктаў вобласці, адміністрацыйныя будынкі і царкву ў Белазёрцы. Трое чалавек атрымалі раненні, а ў выніку абстрэлу царквы загінуў святар.

Кіраўнікі Данецкай вобласці Павел Кірыленка паведаміў, што ў 5 гадзін раніцы рускія абстралялі ракетамі Краматорск і Канстанцінаўку. Тры чалавекі загінулі і трое паранены.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter канстатавала, што за апошнія два тыдні павялічылася колькасць баявых вылетаў расійскай тактычнай авіяцыі, асабліва над поўднем Украіны.

Як адзначаецца ў зводцы, гэта амаль напэўна стала адказам на паведамленні аб узмацненні ўкраінскіх наступальных аперацый, паколькі паветрана-касмічныя сілы Расіі (ПКС) спрабуюць падтрымаць наземныя войскі ўдарамі з паветра.

Па даных брытанскай выведкі, нягледзячы на ўсплёск штодзённая хуткасць баявых вылетаў ПКС застаецца нашмат ніжэйшай, чым пікавая — да 300 штодзённых баявых вылетаў у пачатку вайны.


Контрнаступленне: пачалося або рыхтуецца?

Узброеныя сілы Украіны маюць частковы поспех у выніку наступальнай аперацыі. За апошнія суткі яны прасунуліся па некаторых напрамках ад 200 метраў да 1,4 кіламетра і вызвалілі каля 3 квадратных кіламетраў тэрыторыі, заявіў спікер Генштаба УСУ Андрэй Кавалёў. «На Бярдзянскім кірунку баі працягваюцца ў раёнах населеных пунктаў Макараўка, Новаданілаўка і Новапакроўка», — сказаў Кавалёў.

Незалежныя аналітыкі лічаць інфармацыю Генштаба УСУ пераменшваннем. Паводле звестак DeepState, украінскія вайскоўцы падчас баёў змаглі прасунуцца на адлегласць ад 1 да 2,6 кіламетра ля вёсак Кляшчыеўка і Андрэеўка на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці. Плошча вызваленай тэрыторыі складае 7,51 кв. кіламетраў.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што УСУ прасунуліся на 250 метраў на паўночны ўсход ад Бахмута і на 200 метраў на поўдзень ад Бахмута. Таксама за апошнія суткі ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на 500-1000 метраў ля адміністрацыйнай мяжы Запарожскай і Данецкай абласцей, вызваліўшы каля трох квадратных кіламетраў тэрыторыі — толькі ў гэтым раёне.

Таксама спецыялісты ISW прынялі да ўвагі інфармацыю расійскіх крыніц аб ліквідацыі начальніка штаба 35-й агульнавайсковай арміі ВС РФ генерал-маёра Сяргея Гарачава. Яны адзначылі, што ліквідацыя расійскага генерал-маёра Сяргея Гарачава сведчыць аб імавернай перакідцы войскаў РФ, а таксама ўразлівасці камандзіраў акупантаў «да дакладных удараў з боку Украіны».

«Паведамленне аб гібелі Гарачава ў Запарожскай вобласці можа сведчыць аб тым, што расійскія войскі перакінулі часткі 35-й агульнавайсковай арміі для правядзення аперацый у Запарожскай вобласці, а таксама аб тым, што некаторыя расійскія чыноўнікі (арміі РФ рэд.) працягваюць дзейнічаць паблізу лініі фронту і застаюцца ўразлівымі да дакладных удараў з боку Украіны», — адзначаюць у аглядзе аналітыкі.