475-ты дзень вайны: Расія ўдарыла па Крывым Розе, ёсць ахвяры (фота)

У ноч на 13 чэрвеня расійскія акупанты здзейснілі чарговае ваеннае злачынства. У выніку ракетнага ўдару па Крывым Розе загінулі не менш за чатыры чалавекі. Тры крылатыя ракеты ўдалося знішчыць сіламі ўкраінскага СПА, аднак некаторыя ўсё ж патрапілі ў грамадзянскія аб'екты.

Фота з тэлеграм-канала Днепрапятроўскай АВА

Фота з тэлеграм-канала Днепрапятроўскай АВА

У выніку расійскага ўдару па пяціпавярховіку Крывога Рога загінулі чатыры чалавекі, 25 атрымалі раненні (з іх 19 знаходзіцца ў бальніцы).

Пад удар трапіў пяціпавярховы дом, загінулі менавіты тыя людзі, якія пражывалі ў гэтым будынку. Паведамляецца, што дагэтуль пад заваламі могуць заставацца людзі.

Адзначаецца, што гараць кватэры з першага па пяты паверхі. Агонь ахапіў 700 квадратных метраў. Яго ліквідуюць ратавальнікі. «Трое пацярпелых таксама на прыватным прадпрыемстве. Іх шпіталізавалі. Верагодна, пад заваламі разбуранага склада ёсць людзі. Іх шукаюць ратавальнікі. Пашкоджаны шэсць легкавых машын. Яшчэ чатыры пацярпелыя — на іншай лакацыі. Там гарэлі будынак і аўто. Пажар ужо патушылі», — распавёў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак.

Пашкоджанні атрымала і аўтамабільнае прадпрыемства. Загарэлася грузавая тэхніка. Полымя ўжо патушылі. Разбурана гаспадарчая пабудова.

У горадзе разгорнуты мабільны пункт прыёму заяў ад пацярпелых. Паліцыя дакументуе наступствы ракетных удараў. Таксама пашкоджанні ёсць у выратавальным падраздзяленні. Усюды працуюць адпаведныя службы. Наступствы атакі ўдакладняюцца.

Агулам ноччу ў шэрагу абласцей Украіны абвясцілі паветраную трывогу. Тады ж у многіх рэгіёнах прагрымелі выбухі. Цяпер устаноўлена знішчэнне ўсіх варожых мэт у небе над сталіцай і ўдар па жылых аб'ектах Крывога Рога.

У той жа час расійцы атакавалі Харкаў дронамі «Шахед». У выніку атакі пацярпела камунальнае прадпрыемства ў Кіеўскім раёне і складское памяшканне ў Салтаўскім.

Фота загінулага мужчыны ў Канстанцінаўцы. Фота Данецкай АВА

Фота загінулага мужчыны ў Канстанцінаўцы. Фота Данецкай АВА

Напярэдадні расійцы абстралялі Канстанцінаўку Данецкай вобласці. Там таксама не абышлося без ахвяр. У выніку ўдара загінуў адзін чалавек, яшчэ двое грамадзянскіх атрымалі раненні.

«На футбольным полі аднаго з мясцовых паркаў загінуў 49-гадовы мужчына, які касіў траву. Акрамя таго, снарады акупантаў патрапілі і па прыватным сектары, у выніку чаго аскепкавыя раненні і раненні атрымалі 38-гадовы мужчына і 85-гадовая жанчына», — гаворыцца ў допісе мясцовых улад.

Таксама ў выніку расійскай атакі былі пашкоджаны фасады прыватных домаўладанняў.

Скрыншот відэа unian.net

Скрыншот відэа unian.net

Гарачым месцам вайны працягвае заставацца горад Бахмут Данецкай вобласці. Пра сітуацыю там распавёў баец батальёна «Свабода» Нацгвардыі Уладзімір Назаранка.

«Вораг цалкам страціў ініцыятыву. На жаль, вораг працягвае спрабаваць наносіць удары, здзяйсняць на асобных напрамках спробы прасоўвання, але ў цэлым ініцыятыва ў сіл абароны Украіны на многіх і многіх напрамках», — сказаў ён.

Назаранка адзначыў, што ўкраінскае войска робіць усё, каб акупанты альбо адступалі, альбо не паспявалі падводзіць рэзервы, каб папаўняць страты на перадавых пазіцыях.

«Але, на жаль, прасоўванне ўкраінскіх сіл абароны даецца даволі складана. Велізарнымі намаганнямі даецца кожны метр, кожная пасадка, але гэта азначае, што перавага за сіламі абароны», — падсумаваў баец.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

У панядзелак УСУ працягвалі контрнаступальныя дзеянні як мінімум на трох участках фронту і па стане на 12 чэрвеня мелі тэрытарыяльныя поспехі, гаворыцца ў ранішняй справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Эксперты са спасылкай на намесніка міністра абароны Украіны Ганну Маляр адзначаюць, што УСУ на Данецкім і Таўрычаскім (Запарожскім) напрамках прасунуліся на 6,5 км і адбілі 90 квадратных кіламетраў тэрыторыі за апошні тыдзень.

Аналітыкамі ўстаноўлена вызваленне аднаго населенага пункта на захадзе Запарожскай вобласці і шасці — на ўсходзе Запарожскай і захадзе Данецкай вобласці.

Згодна з геалакацыйнымі кадрамі ад 12 чэрвеня, дадаткова вядома аб абмежаваным прасоўванні УСУ на захадзе Данецкай вобласці на поўдзень ад Вялікай Навасёлкі.

І хоць расійскія так званыя «ваенкары» сцвярджалі, што паблізу Арцёмаўскага выступу акупанты контратакавалі ў адказ на поспехі на гэтым участку УСУ, экспертам ISW не ўдалося выявіць якіх-небудзь тэрытарыяльных поспехаў з боку Расіі.