618-ты дзень вайны ва Украіне: асноўнае на гэты час

Другі дзень Украіна абмяркоўвае рэзанансныя публікацыі Валерыя Залужнага ў выданні The Economist. Галоўнакамандуючы прызнаў, што прарыву на фронце не будзе, бакі зайшлі ў тэхналагічны тупік. Тым часам расіяне працягваюць атакаваць Аўдзееўку ў надзеі ўзяць яе ў кола.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага: Zelenskiy / Official

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага: Zelenskiy / Official

Будучыня Украіны залежыць ад ЗША, заявіў украінскі міністр фінансаў Сяргей Марчанка ў інтэрв'ю Corriere della Sera: «Наша будучыня залежыць ад рашэнняў ЗША, і мы верым, што адміністрацыя зможа знайсці рашэнне. Мы знаходзімся ў вырашальным моманце, таму што ўвага да Украіны трохі згасае, і мы хацелі б застацца ў міжнародным парадку дня. Вайна супраць Расіі ўсё яшчэ працягваецца, нам патрэбная дапамога. Калі б мы страцілі амерыканскую дапамогу, сцэнар быў бы радыкальным. Нам бы хацелася гэтага пазбегнуць».

Міністр таксама параўнаў вайсковыя бюджэты Украіны і Расіі на 2024 год: 40,7 мільярда долараў супраць 115 мільярдаў. «Мы трацім усе нашы даходы і ўсе ўнутраныя пазыкі на фінансаванне Узброеных сіл, і без замежнай падтрымкі нам давялося б скараціць многія неваенныя выдаткі. У Расіі ёсць шанец пачакаць, пакуль Украіна больш не зможа гэтага трываць. Але дапамога ў інтарэсах Захаду: калі Украіна ўпадзе, Расія можа напасці на іншыя краіны», — дадаў ён. Патрэбы Украіны ў замежнай дапамозе ў 2024 годзе складаюць 42,9 мільярда долараў.

Каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі ахарактарызаваў артыкул  Залужнага ў The Economist як адзін з найважнейшых аргументаў, які пацвярджае неадкладную неабходнасць далейшай падтрымкі Украіны. Кірбі таксама адзначыў, што ў працэсе вайны мяняюцца патрэбы бакоў, у тым ліку ў дачыненні да сістэмы ўзбраенняў, якія партнёры даюць Украіне: «Мы развіваемся і ўжо эвалюцыянавалі ў кантэксце таго, чым мы забяспечваем Украіну, гэтак жа, як развівалася і сама вайна. І я падазраю, што гэты працэс будзе працягвацца».

  • Сёння — Дзень ракетных войскаў і артылерыі Украіны
Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

3 лістапада адзначаецца Дзень ракетных войскаў і артылерыі Украіны. Ракетныя войскі і артылерыя з'яўляюцца асноўнымі агнявымі сродкамі ў аперацыях і баявых дзеяннях, якія праводзяцца УСУ. Акрамя таго, сёння таксама віншуюць інжынерныя войскі Узброеных сіл Украіны. У час вайны інжынерныя войскі выконваюць найбольш складаныя задачы інжынернага забеспячэння, якія патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі асабістага складу, прымянення разнастайнай інжынернай тэхнікі і боепрыпасаў.

Украінскія вайскоўцы павіншавалі калег з Днём ракетных войскаў і артылерыі і паказалі новыя кадры запускаў ракет ATACMS па цэлях.

Крыніца: Константин Катышев [ youtube ]


  • Новая зброя ўкраінскай айчыннай вытворчасці будзе трапляць на фронт хутчэй — з 1 лістапада Мінабароны Украіны істотна скараціла тэрміны пастаўкі тэхнікі і зброі ў УСУ, паведаміла ведамства. На перыяд ваеннага становішча скарачаецца вытворчы цыкл, а таксама спрашчаецца працэс выпрабаванняў, што істотна «развязвае рукі вытворцам», адзначылі ў міністэрстве.
 Інфаграфіка Генштаба УСУ

 Інфаграфіка Генштаба УСУ

Супрацьпаветраная абарона ўначы збіла 24 з 40 ударных дронаў Shahed-136/131 і кіраваную авіяцыйную ракету Х-59, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны.


Глядзіце таксама

  • Дронамі Расія атакавала Украіну з Курскай вобласці і з раёна Прыморска-Ахтарска. Кіраваная авіяцыйная ракета Х-59 была выпушчаная з паветранай прасторы акупаванай Херсоншчыны. «Шахеды» запускаліся хвалямі і ляцелі ў розных напрамках малымі групамі.
  • З вечара 2 лістапада войскі РФ пачалі атакаваць Берыслаўскі раён Херсонскай вобласці. У выніку ўдару па вёсцы Ураджайнае пацярпелі два чалавекі, пашкоджаныя дзевяць прыватных дамоў, паведамілі ў МУС Украіны. 
  • Таксама ўначы пад артылерыйскі абстрэл трапіў Херсон — пашкоджаныя сем прыватных дамоў і газаправод, ліквідаваныя пажары ў двух гаспадарчых будынках. Паводле звестак Абласной ваеннай адміністрацыі, за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у вобласці адзін чалавек загінуў, чацвёра атрымалі раненні.
  • Уначы войска РФ нанесла ўдары па Харкаве чатырма БПЛА тыпу Shahed, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінегубаў. Пашкоджаны гаражы і аўтамабілі, будынак СТА, нядзеючы швейны цэх і жылы дом, часткова разбураная навучальная ўстанова. Да медыкаў звярнулася восем чалавек з вострай рэакцыяй на стрэс, параненых няма. Акрамя таго, уначы расіяне атакавалі вёску Кароціч Харкаўскага раёна, пашкоджаныя два нежылыя будынкі. За мінулыя суткі вораг абстрэльваў Харкаўскі, Чугуеўскі і Купянскі раёны.
  • Падчас начной атакі ў Калушскім раёне Івана-Франкоўскай вобласці ўпалі абломкі збітага беспілотніка, ліквідаваны пажар у інтэрнаце, паведамілі ў МУС.
  • Падчас начной атакі 16 расійскіх дронаў-камікадзэ былі накіраваныя па Львоўскай вобласці. З іх 11 атрымалася знішчыць, а пяць патрапілі ў аб'ект крытычнай інфраструктуры, паведаміў кіраўнік АВА Максім Казіцкі. Людзі не пацярпелі, пажар аператыўна ліквідавалі.
  • Расіяне ўначы атакавалі Адэскую вобласць дронамі Shahed, ёсць траплянне па тэхнічнай тэрыторыі інфраструктурнага аб'екта ў вобласці. Пацярпелых і моцных разбурэнняў не зафіксавана, паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер.

Глядзіце таксама

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 3 лістапада: асабовага складу — каля 303 270 (+850 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5265 (+24), баявых браніраваных машын — 9901 (+24), артылерыйскіх сістэм — 7328 (+36), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 9691 (+33).

 Інфаграфіка Генштаба УСУ

 Інфаграфіка Генштаба УСУ

За мінулыя суткі на фронце адбылося 50 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На Купянскім кірунку сілы абароны адбілі атакі РФ у раёнах Сінькоўкі, Петрапаўлаўкі, Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на Бахмуцкім — у раёнах Кляшчэеўкі, Андрэеўкі, Піўдзённага Данецкай вобласці; на Аўдзееўскім — каля Стэпавага, Тоненькага, Паўночнага, Першамайскага Данецкай вобласці; на Мар'інскім — у раёне Мар'інкі і Наваміхайлаўкі; на Шахцёрскім — паблізу Прачыстаўкі і Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім — каля Рабоціна Запарожскай вобласці.

У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступ на Мелітопальскім кірунку і штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.