637-мы дзень вайны. Новы «Рамштайн»: СПА і снарады для Украіны

Дажджы ва Украіне значна ўскладнілі баявыя дзеянні. Прынамсі, ні з аднаго, ні з другога боку няма нейкіх поспехаў на франтах вайны. Тым часам Захад працягвае абмяркоўваць патрэбы і даваць вайсковую дапамогу Украіне. Даюць багата — але і трэба шмат. 

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

Расійскія войскі спрабавалі штурмаваць паблізу Кляшчэеўкі, на ўсход ад Паўночнага, у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі, не пакідалі спроб акружыць Аўдзееўку Данецкай вобласці, але поспехаў не мелі. Усяго на ўсходзе Украіны яе абаронцы адбілі блізу 40 атак ворага. Пра гэта паведаміў у ранішняй зводцы 22 лістапада Генштаб УСУ.

За суткі расійскія войскі нанеслі 5 ракетных і 61 авіяцыйны ўдар, здзейснілі больш за 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях войскаў Украіны і населеных пунктах.

* * *

На аўдзееўскім кірунку расійскія войскі не пакідаюць спроб акружыць Аўдзееўку. Украінскія войскі трымаюць абарону, наносячы ворагу значныя страты. На ўсход ад Новабахмутаўкі, Аўдзееўкі, Паўночнага і Першамайскага Данецкай вобласці сілы абароны Украіны адбілі 13 атак.

На мар'інскім кірунку расійцы вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. Украінскія воіны адбілі 18 нападаў.

Расійскія войскі таксама вялі «беспаспяховыя штурмавыя дзеянні» на шахцёрскім, ліманскім, купянскім і запарожскімкірунках.

У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць весці наступальную аперацыю на мелітопальскім кірунку, а на херсонскім кірунку ўкраінскія войскі ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра, паведамляе Генштаб УСУ.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі працягваюць праводзіць наступальныя аперацыі на ўсходзе і поўдні Украіны, нягледзячы на дажджлівае і снежнае надвор'е. Пры гэтым расійскія абстрэлы правага берага Дняпра ў Херсонскай вобласці прыкметна зменшыліся праз дрэнныя ўмовы надвор'я.

Расійскі вайсковы блогер пісаў, што ўкраінскія войскі атакавалі з боку Крынкаў і ўвайшлі ў лясную зону недалёка ад населенага пункта.

Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія войскі працягваюць утрымліваць пазіцыі ў Крынках, каля Антонаўскага аўтамабільнага моста і невялікага чыгуначнага моста за шэсць кіламетраў на ўсход ад Антонаўскага моста.

Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 21 лістапада, паказвае, што расійскія войскі прасунуліся на паўночны ўсход ад Крынкаў.

На астатніх участках фронту, па даных ISW, не было якіх-небудзь пацверджаных прасоўванняў ні з таго, ні з іншага боку. Усе спробы атак як расійскіх, так і ўкраінскіх войскаў былі беспаспяховымі.

У ISW упэўнены, што марозныя ўмовы надвор'я зімой, хутчэй за ўсё, пацягнуць за сабой аднаўленне больш актыўных баявых дзеянняў, а дажджлівае надвор'е, якое стаіць цяпер, наўрад ці спыніць украінскія і расійскія спробы прасоўвання.

* * *

402650834_692461936400221_230116952103081263_n.jpg

* * *

Расія атакавала ўкраінскія гарады беспілотнікамі «Shahed» у ноч з аўторка на сераду, 22 лістапада. Паводле паведамлення паветраных сіл Украіны, з 20:00 вечара 21 лістапада па 03:00 22 лістапада Расія атакавала з паўднёва-ўсходняга напрамку 14-цю ўдарнымі БПЛА «Shahed». Акрамя гэтага з самалёта Ту22М3 была запушчана крылатая ракета Х-22.

Сіламі і сродкамі паветраных сіл былі знішчаны ўсе 14 беспілотнікаў. Ракета Х-22 не дасягнула сваёй цэлі, звалілася ў Запарожскай вобласці на адкрытай мясцовасці, выбуховай хваляй былі пашкоджаны прыватныя дамы грамадзян. Абышлося без пацярпелых.

* * *

Сёння, 22 лістапада, пройдзе новае пасяджэнне ў фармаце «Рамштайн». Гэта ўжо 17-я сустрэча кантактнай групы па абароне Украіны. «Рамштайну» папярэднічаў візіт кіраўніка Мінабароны ЗША Лойда Осціна ва Украіну. Ён прыехаў у Кіеў 20 лістапада і сустрэўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і ўкраінскім калегам Рустэмам Умеравым. У гэты ж дзень Пентагон абвясціў аб выдзяленні 100 мільёнаў долараў ваеннай дапамогі Украіне.

Учора Германія абвясціла аб новым магутным пакеце вайсковай падтрымкі Украіне на суму 1,3 млрд еўра. У пакет увайшлі 4 зенітныя ракетныя комплексы IRIS-T SLM, 20 тысяч снарадаў 155-мм калібру, супрацьтанкавыя міны і іншае ўзбраенне.

* * *

Выданне «Politico» піша, што Украіна хоча атрымаць ад Злучаных Штатаў радары малой далёкасці «Sentinel», прызначаныя для адсочвання балістычных ракет, ціхаходных беспілотнікаў, самалётаў, верталётаў і іншых аб'ектаў. Гэты запыт звязаны з занепакоенасцю Кіева з нагоды магчымых чарговых удараў па энергетычнай інфраструктуры з боку Расіі.

* * *

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім відэазвароце з нагоды дзесяцігоддзя Рэвалюцыі годнасці ў аўторак, 21 лістапада, запэўніў, што яго краіна будзе дапамагаць Украіне ў барацьбе з агрэсарам.

«Так ёсць і сёння. Польшча была першай краінай, якая пасля пачатку расійскай агрэсіі заклікала да неадкладнага надання Украіне статусу кандыдата на ўступленне ў ЕС. Некалькі дзён таму Еўрапейская камісія рэкамендавала пачаць перамовы аб уступленні. Гэта вялікі поспех, з якім я вас віншую, але гэта таксама вялікі выклік. Хачу запэўніць вас, што Польшча будзе стаяць з вамі бок у бок і будзе падтрымліваць вас у барацьбе з агрэсарам», — заявіў польскі лідар.

Ён падкрэсліў, што палякі вельмі добра разумеюць, якую цану даводзіцца плаціць за свабоду і незалежнасць, а таму будуць рабіць усё магчымае, каб Украіна перамагла.