646-ты дзень вайны: асноўнае на гэты час
За 11 месяцаў 2023 года ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі 2000 украінцаў, яшчэ 11 тысяч пацярпелі, паведаміў кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка падчас сустрэчы з амбасадарамі краін G7.

Фота з сацсетак Генштаба УСУ
За гэты перыяд (са студзеня да канца лістапада 2023 года) расіяне 59 тысяч разоў абстралялі населеныя пункты ў 24 рэгіёнах Украіны. Больш за ўсё абстрэлаў — у Запарожскай, Херонской, Данецкай, Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласцях. Украінскія праваахоўнікі задакументавалі амаль 101 тысячу ваенных злачынстваў, сярод якіх абстрэлы, здзекі з мірнага насельніцтва, дэпартацыя, незаконнае пазбаўленне волі.
Яшчэ адзін выбух на БАМе
На Байкала-Амурскай чыгуначнай магістралі выбухнуў яшчэ адзін цягнік з палівам. Як паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў СБУ, гэты падрыў стаў другім этапам спецаперацыі па вывядзенні са строю чыгуначнай магістралі, якую расіяне выкарыстоўваюць у тым ліку для ваеннай лагістыкі і паставак узбраення з Азіі.
Першы грузавы цягнік выбухнуў непасрэдна ў Паўночна-Муйскім тунэлі ўчора.
Для працягу руху расіяне пачалі выкарыстоўваць аб'язную дарогу, якая праходзіць праз Чортаў мост. Менавіта на гэта і разлічвала СБУ: пры праездзе цягніка па гэтым мосце спрацавалі закладзеныя ў яго выбуховыя прылады. Расійскія паблікі пішуць, што пры выбуху загарэлася шэсць цыстэрнаў з гаручай вадкасцю.
Глядзіце таксама

Кіеў будзе плаціць 30 тысяч грыўняў кожнаму мабілізаванаму
Пра паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Грошы будуць вылучацца з гарадскога бюджэту — адпаведнае рашэнне павінна на найбліжэйшым пасяджэнні зацвердзіць Кіеўская рада.
Раней на гэтым тыдні Адэскі гарсавет абвясціў, што будзе плаціць кожнаму мабілізаванаму адэсіту па 20 тысяч грыўняў.
Зяленскі: мы не дамагліся жаданых вынікаў контрнаступлення
Зяленскі ў інтэрв'ю Associated Press прызнаў, што Украіна не дамаглася жаданых вынікаў падчас летняга контрнаступлення: «Мы хацелі атрымаць больш хуткія вынікі. З гэтага пункту гледжання, на жаль, мы не дамагліся жаданых вынікаў. І гэта факт... Не хапае сіл, каб хутчэй дасягнуць жаданых вынікаў. Але гэта не значыць, што мы павінны здацца, што мы павінны капітуляваць. Мы ўпэўненыя ў сваіх дзеяннях. Мы змагаемся за тое, што належыць нам... У нас новая фаза вайны, і гэта факт. Зіма ў цэлым — гэта новы этап вайны».
- Таксама Зяленскі сцвярджае, што вайна Ізраіля ўжо скараціла пастаўкі дапамогі Украіне, таму прыярытэт цяпер — вытворчасць уласнай зброі. На ягоную думку, «нішто не палохае Расію больш, чым самадастатковая ў вайсковых адносінах Украіна».
- Украіна ў наступным годзе «ў некалькі разоў» павялічыць вытворчасць ракет, боепрыпасаў, узбраення і вайсковай тэхнікі, паведаміла Мінабароны краіны. Галоўная ўвага будзе надавацца вытворчасці сродкаў СПА — ад звычайных пераносных зенітна-ракетных комплексаў да сістэм СПА з далёкасцю больш за 100 км (такіх, як ЗРК “Карал”). Акрамя таго, у бюджэце Украіны на 2024 год каля 175 млрд грыўняў прадугледжана на закупку ракет і боепрыпасаў.
РФ выкарыстоўвае ў сваіх беспілотніках украінскія SIM-карты?
OSINT-следчыя паведамляюць са спасылкай на аналіз фатаграфій абломкаў дронаў, што расіяне выкарыстоўваюць украінскія SIM-карты для кіравання дронамі Shahed.
У прыватнасці, у адным са збітых расійскіх дронаў былі батарэя, мадэм і SIM-карта мабільнага аператара Кіевстар.
SIM-карта дазваляе расійскім сілам выкарыстоўваць мабільную сетку для адсочвання месцазнаходжання беспілотніка і змены траекторыі яго палёту.
У Кіевстар заявілі, што супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі, каб такіх інцыдэнтаў не ўзнікала.
Шторм дапамог
Расійская абарона Крымскага моста моцна пацярпела ў выніку шторму. Большасць барж перад ім з боку Чорнага мора змыла або затапіла, паведамляе OSINT-аналітык MT_Anderson са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі.
Так, каля моста тры баржы затопленыя і адна часткова затопленая, дзве баржы цалкам змыла вадой. Яшчэ адна баржа застаецца на плаву, але яна ні да чаго не прывязаная.
Глядзіце таксама

Орбан супраць Украіны
Орбан прапануе не выносіць пытанне аб уступленні Украіны ў ЕС на парадак дня саміту ў снежні, таму што «загадзя зразумела, што згоды сярод краін не будзе».
Таксама венгерскі прэм'ер паведаміў, што прапанаваў ЕС спачатку заключыць з Украінай дамову аб «стратэгічным партнёрстве», а да размовы аб уступленні вярнуцца праз 5-10 гадоў.
Навіны вайны
- Ноччу супрацьпаветраная абарона знішчыла 18 з 25 ударных БПЛА тыпу Shahed і адну з двух кіраваных авіяцыйных ракет Х-59, паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Дроны былі запушчаныя з двух кірункаў — мыс Чауда ў Крыме і Прыморска-Ахтарск, а ракеты — з паветранай прасторы акупаванай Херсоншчыны. Асноўны напрамак удару — паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны Украіны. Супрацьпаветраная абарона працавала ў Мікалаеўскай, Херсонскай, Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцях.
- У выніку начной атакі дронамі ў Баштанскім раёне Мікалаеўскай вобласці на аграпрадпрыемствах пашкоджаны складскі будынак, ангар, сельскагаспадарчая тэхніка. Людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім. СПА ў вобласці знішчыла сем варожых БПЛА тыпу Shahed-131/136.
- Уначы расіяне нанеслі ракетны ўдар па Крывым Рогу. Наступствы атакі ўдакладняюцца, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак.
Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 1 снежня: асабовага складу — каля 330 040 (+1280 за мінулыя суткі) чалавек, танкаў — 5564 (+13), баявых браніраваных машын — 10 372 (+32), артылерыйскіх сістэм — 7931 (+22), БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 5976 (+22).

Інфаграфіка Генштаба УСУ
- За мінулыя суткі на фронце адбылося 82 баявыя сутыкненні, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. У прыватнасці, Сілы абароны Украіны адбілі 24 атакі арміі РФ на Бахмуцкім кірунку (паблізу Багданаўкі, Андрэеўкі і Кляшчэеўкі Данецкай вобласці) і 20 нападаў — на Аўдзееўскім (каля Стэпавага, Новакалінава, Аўдзееўкі, Тоненькага, Паўночнага, Першамайскага Данецкай вобласці).
- Акрамя таго, на Купянскім кірунку УСУ адбілі атакі РФ каля Сінькоўкі, на паўночны ўсход ад Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці і Стэльмахоўкі Луганскай вобласці; на Ліманскім — у раёнах Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці і Торскага Данецкай вобласці; на Мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Запарожскім — каля Рабоціна і на захад ад Вербавага Запарожскай вобласці. На Шахцёрскім кірунку вораг наступальных дзеянняў не вёў.
- У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім кірунку, штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, а на Херсонскім кірунку ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра.
Навіны замежных партнёраў Украіны
- Ці пазбавіцца Захад ад летаргіі?
«Шакавальная адсутнасць стратэгічнага бачання» ў Еўропе дае Пуціну шанец на перамогу, гаворыцца ў матэрыяле The Economist.
«Захад мог бы зрабіць значна больш, каб расчараваць Пуціна. Калі б ён прыняў рашэнне, то мог бы разгарнуць прамысловыя і фінансавыя рэсурсы, якія значна пераўзыходзяць расійскія. Аднак фаталізм, самаздаволенне і шакавальная адсутнасць стратэгічнага бачання перашкаджаюць, асабліва ў Еўропе. Як дзеля сябе, так і дзеля Украіны, Захад павінен тэрмінова пазбавіцца ад летаргіі», — гаворыцца ў артыкуле.
Глядзіце таксама

- Саміт АБСЕ ў Скоп'е
Высокапастаўленыя дыпламаты з больш чым 50 краін 30 лістапада сабраліся ў сталіцы Паўночнай Македоніі Скоп'е на саміт АБСЕ.
Сустрэча найбуйнейшай у свеце групы рэгіянальнай бяспекі была ў значнай ступені была азмрочаная ўдзелам прадстаўнікоў Масквы. Расійскага дыпламата прымусілі доўга ляцець на саміт, не пусцілі на вячэру, а затым зладзілі байкот падчас ягонага выступу.
- Каардынатар Рады нацбяспекі ЗША Джон Кірбі назваў тры прыярытэты дапамогі Украіне ў зімовы перыяд: узмацненне супрацьпаветранай абароны, забеспячэнне абароны крытычна важных аб'ектаў інфраструктуры, а таксама ўзмацненне ўстойлівасці энергасеткі.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua, УНІАН