774-ты дзень вайны. Расія атакавала Украіну 17 дронамі
Белгарад таксама пад ударам. Зяленскі шукае пасярэднікаў. Новы прэзідэнт Славакіі супраць паставак зброі ва Украіну.
У Запарожскай вобласці ў выніку расійскага абстрэлу загінулі трое мірных жыхароў
Кіраўнік Запарожскай вобласці Іван Фёдараў паведаміў, што войскі РФ абстралялі населены пункт Гуляйполе, размешчаны каля лініі фронту недалёка ад Арэхава і Рабоціна.
«Двое мужчын і жанчына загінулі пад заваламі ўласнага дома, у які трапіў расійскі снарад», — напісаў Фёдараў, дадаўшы, што яшчэ адзін мірны жыхар пацярпеў.
Зяленскі: «Нам мала адной Турцыі ў якасці пасярэдніка»
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў у эфіры тэлемарафона, што шануе дапамогу Турцыі, але адной толькі гэтай краіны будзе мала ў якасці пасярэдніка ў вайне.
«Яны жадаюць быць пасярэднікамі. Але прэзідэнт Эрдаган ведае... Я яму ўдзячны за ўсё, але ён павінен ведаць: нам мала адной Турцыі як пасярэдніка. Для нас фармат Саміту міру лепшы, — цытуе Зяленскага «Украінская праўда».
«Я не лічу, што адна Турцыя зможа заціснуць палітыку Пуціна. Пры ўсёй павазе да турэцкіх партнёраў. Яны для нас нямала зрабілі, але ў іх ёсць і моцныя адносіны з Расіяй, у іх ёсць свае інтарэсы іншыя, эканамічныя. Таму я лічу, што Турцыі будзе мала».
Зяленскі дадаў, што разлічвае на Саміт міру, які плануецца правесці ў Швейцарыі. Дата саміту, паводле слоў украінскага прэзідэнта, будзе ўзгоднена ў найбліжэйшыя дні.
Кіраўнік Белгарадскай вобласці заявіў аб новых ударах беспілотнікаў па рэгіёне
«У пасёлку Ленінскі Шабекінскай гарадской акругі ў выніку скіду выбуховага прыстасавання загарэўся дах прыватнага жылога домаўладання», — напісаў у ноч 7 красавіка Вячаслаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.
Акрамя таго, па дадзеных губернатара, украінскія дроны атакавалі сяло Дронаўка Грайваронскай гарадской акругі. «У выніку чатырох нападаў цалкам згарэлі два аўтамабілі. Таксама пашкоджана лінія газаперадачы».
Расейскія войскі атакавалі Украіну 17 дронамі. Усе беспілотнікі, па даных УСУ, удалося збіць
Войскі РФ у ноч на 7 красавіка зноў запусцілі па тэрыторыі Украіны ўдарныя беспілотнікі. Па дадзеных камандавання Паветраных сіл УСУ, усяго было запушчана 17 дронаў, усе іх удалося збіць украінскім сілам СПА над Днепрапятроўскай, Палтаўскай і Харкаўскай абласцямі.
Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў, у сваю чаргу, паведаміў, што ўдалося збіць толькі частку атакаваўшых рэгіён беспілотнікаў. У абласным цэнтры пашкоджаны 10 прыватных дамоў, дзіцячы сад, тры пяціпавярховікі і тры аўтамабілі. Пацярпелі тры чалавекі: 64-гадовая жанчына і двое мужчын ва ўзросце 64 і 87 гадоў.
Прэзідэнтам Славакіі стаў Петэр Пелегрыні. Ён выступае супраць паставак зброі ва Украіну
Спікер парламента на выбарах прэзідэнта краіны абышоў свайго празаходняга апанента Івана Корчка, набраўшы 53,1% галасоў, тады як канкурэнт набраў 46.8%.
Партыя Пелегрыні ўваходзіць у кааліцыю з прэм'ерам Робертам Фіцо.
У ноч на 7 красавіка расейскія войскі абстралялі чатырохпавярховы жылы дом у Купянску Харкаўскай вобласці
З-пад завалаў дасталі цела загінулай 85-гадовай жанчыны, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Па дадзеных Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях, на хату скінулі авіябомбу.