Для фінансавання вайны ў Расіі прапануюць канфіскаваць зберажэнні і пенсійныя назапашванні расіян

Кіраўнік камуністаў Расіі Генадзь Зюганаў заклікаў дзеля вайны ва Украіне «раскулачыць» расійскіх грамадзян, у тым ліку і пенсіянераў. Пры гэтым Пуцін працягвае сцвярджаць, што расійская армія на фронце «перамагае». Але магчыма, ён свядома прыдумляе гэтыя «перамогі» і «паразы» Сіл абароны Украіны дзеля таго, каб працягваць вайну любой цаной. Ідуць 1587-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з forbes.kz

Фота з forbes.kz

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 249 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 29 чэрвеня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 33 штурмы расіян у раёнах Шахава, Дарожнага, Новааляксандраўкі, Васіллеўкі, Радзінскага, Котліна, Удачнага, Філіі і іншых.

На Гуляйпольскім кірунку расійцы здзейснілі 30 атак паблізу Дабраполля, Залізнічнага і ў бок Уздвіжаўкі, Горкага, Навасёлаўкі, Цвятковага і Чароўнага.

На Славянскім кірунку армія РФ штурмавалла 28 разоў паблізу Закітнага, Каленікаў, Рэзнікоўкі, Рай-Аляксандраўкі і Крывой Лукі.

На Ліманскім кірунку расійцы 21 раз атакавалі ў раёнах Новаміхайлаўкі, Навасёлаўкі, Зарэчнага, Ямпалю, і ў бок Ставак, Дробышава, Ліману.

На Канстанцінаўскім кірунку Армія РФ здзейсніла 15 атак паблізу Канстанцінаўкі, Русінага Яру, Іллінаўкі, Плешчыеўкі.

* * *

У ноч на 29 чэрвеня Расія атакавала Украіну 108 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, «Гербера», «Італмас» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 82 БпЛА на поўначы, поўдні і ўсходзе краіны.

Расійцы нанеслі ўдары па аўтазаправачнай станцыі ў Палтаўскім раёне і па аб’екце інфраструктуры ў Крапіўніцкім — на абодвух аб’ектах былі пажары, пацярпеў адзін чалавек.

У ноч на 29 чэрвеня на часова акупаваных тэрыторыях Херсонскай вобласці, Крыма і Данецку пасля атакі беспілотнікаў адбыліся маштабныя адключэнні электраэнергіі.

* * * 

733280753_27392277670439722_8154048824270935278_n.jfif

* * *

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю прапагандысту Паўлу Зарубіну заявіў, што нібыта, акрамя заклікаў да правядзення сустрэчы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, ён атрымаў і новыя прапановы па спыненні расійскай вайны супраць Украіны.

«Ёсць і новыя прапановы. Некаторыя з іх я гатовы назваць. Напрыклад, спыненне ўдараў углыб тэрыторый з абодвух бакоў», — сказаў Пуцін. У сувязі з гэтым ён лічыць, што расійскія «ўдары ўглыб тэрыторыі Украіны значна больш магутныя, адчувальныя і… разбуральныя, прыводзяць да сапраўды сур’ёзных наступстваў.

Яшчэ адна прапанова — абмежаваць баявыя дзеянні, прашу ўвагі, толькі чатырма тэрыторыямі, то-бок праводзіць баявыя дзеянні толькі ў Херсонскай вобласці, Запарожскай вобласці, у "Данецкай Народнай Рэспубліцы" і "Луганскай Народнай Рэспубліцы", а на ўсіх астатніх тэрыторыях баявыя дзеянні спыніць», — расказаў Пуцін.

Пры гэтым ён упэўнены, што прычына гэтага яму зразумелая, і складаецца яна нібыта ў «катастрафічным дэфіцыце асабовага складу УСУ».

«Калі мы пойдзем на гэта (на абмежаванне вайны 4 абласцямі), гэта дасць магчымасць УСУ зняць свае войскі з Мікалаеўскай вобласці, Днепрапятроўскай вобласці, Харкаўскай і Сумскай абласцей, а таксама з некаторых участкаў дзяржмяжы і перакінуць гэтыя падраздзяленні ў чатыры вышэйназваныя рэгіёны», — заявіў Пуцін.

Ён адзначыў, што гэта ў яго «планы не ўваходзіць», але пры гэтым дадаў, што нібыта «ўважліва ставіцца… да кожнай прапановы, якая паступае з таго боку».

Пуцін таксама традыцыйна паўтарыў, што акупанты нібыта прасоўваюцца па ўсёй лініі фронту, і што да Сум ім засталося «крыху больш за 10 км», а да Купянска, ля стэлы якога Зяленскі фатаграфаваўся ў снежні 2025 года, наогул ад «2,5 да 4-5 км». Пры гэтым, па даных расійскага Генштаба, Купянск ужо даўно ўзяты, і не адзін раз.

* * *

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін у тым жа інтэрв’ю Паўлу Зарубіну заявіў, што перамовы з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, калі да іх дойдзе, можна будзе правесці ў сталіцы Беларусі.

«Упэўнены, што, калі справа калісьці дойдзе да перамоваў, можна выкарыстаць таксама беларускія магчымасці. Ведаю пазіцыю Аляксандра Рыгоравіча (самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Лукашэнкі), ён гатовы ўсяляк падтрымліваць усё, што накіравана на вырашэнне спрэчных пытанняў мірнымі сродкамі», — сказаў Пуцін.

Ён нагадаў, што расійска-ўкраінскія перамовы 2022 года пачыналіся менавіта ў Мінску, і там жа ў 2014 годзе былі заключаны Мінскія пагадненні.

Пуцін таксама прызнаў, што на сустрэчы з прэзідэнтам ЗША ў Анкорыджы яны не дасягнулі ніякіх дамоўленасцяў, хаця і абмяркоўвалі нейкія кампрамісы. «У Анкорыджы сапраўды не было ніякіх дамоўленасцяў… Дух Анкорыджа, хаця і не быў аблічаны ў нейкія фармальныя дакументы, ніхто не ставіў ніякіх подпісаў, але ў Анкорыджы мы абмяркоўвалі пэўныя магчымасці завяршэння крызісу ва Украіне… Нас прасілі пайсці на кампрамісы, сфармуляваныя амерыканскімі перамоўнікамі», — расказаў кіраўнік Крамля.

* * *

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін не «згубіўся» ў ілжывых паведамленнях пра перамогі арміі РФ ва Украіне, а наўмысна прыдумляе гэтыя «перамогі» і «паражэнні» Сіл абароны Украіны для таго, каб працягваць вайну любой цаной.

Падчас з’езда яго партыі «Адзіная Расія» 28 чэрвеня Пуцін яшчэ раз прадэманстраваў намер дасягнуць усіх сваіх мэт у вайне супраць Украіны ваенным шляхам. Як адзначылі ў ISW, ён рашуча адкінуў заклікі ўкраінскага лідара Уладзіміра Зяленскага да перамоваў.

Амерыканскія аналітыкі адзначаюць: выступленне главы Крамля было чарговай спробай прадставіць ваенную перамогу Расіі над Украінай як непазбежную. Таксама дыктатар спрабаваў пераканаць расіян, што «УСУ знаходзяцца на мяжы краху».

«Пуцін не абмяркоўваў украінскую кампанію дыпстрайкаў супраць Расіі ці маштабны дэфіцыт бензіну па ўсёй краіне, але ён, верагодна, спрабуе паказаць, што аддае сабе справаздачу ў эканамічных і сацыяльных цяжкасцях, з якімі сутыкаецца РФ», — лічаць у ISW.

* * *

У Расіі на самым высокім узроўні загаварылі аб неабходнасці прымусовага канфіскавання грошай насельніцтва для патрэб арміі, піша The Washington Post. Кіраўнік Камуністычнай партыі РФ Генадзь Зюганаў падчас выступлення ў парламенце адкрыта заклікаў улады дабрацца да прыватных капіталаў. Палітык запатрабаваў «мабілізаваць» каля 130 трыльёнаў рублёў, якія захоўваюцца на банкаўскіх рахунках звычайных грамадзян і прадпрыемстваў.

«Гэтыя грошы не інвеставаны ні ў вытворчасць, ні ў што іншае — нават у перамогу. Гэтую праблему можна вырашыць хутка. Будзь я прэзідэнтам, я б зрабіў гэта адным адзіным указам. У ваенны час ён як вярхоўны галоўнакамандуючы мае на гэта поўнае права», — заявіў Зюганаў.

Паралельна з гэтымі радыкальнымі заклікамі Міністэрства фінансаў РФ ужо рыхтуе заканадаўчую базу, якая патэнцыйна дазволіць ураду атрымаць прамы доступ да 40 мільярдаў долараў пенсійных зберажэнняў расіян, якія знаходзяцца пад кіраваннем прыватных фондаў.

Паніка ў расійскіх палітычных і фінансавых колах справакавана адразу некалькімі фактарамі. Да канца траўня дэфіцыт расійскага бюджэту дасягнуў 6 трыльёнаў рублёў (каля 83 мільярдаў долараў), што больш чым удвая перавышае леташнія паказчыкі. Сітуацыю істотна пагоршыла падзенне сусветных цэн на расійскую нафту да 50 долараў за барэль.

Найбольш моцны ўдар па эканоміцы РФ нанесла інтэнсіўная кампанія ўкраінскіх беспілотнікаў. Масіраваныя атакі на нафтаперапрацоўчыя заводы прывялі да таго, што ўсяго за адзін тыдзень вытворчасць бензіну ў Расіі абрынулася на 25%. У лісце Пуціну кіраўнік найбуйнейшай нафтавай кампаніі «Раснафта» Ігар Сечын назваў маштабы пашкоджанняў нафтаперапрацоўчай інфраструктуры «беспрэцэдэнтнымі».