Два батальёны з танкамі «Leopard 2» хутка будуць ва Украіне
Шольц абвясціў аб перадачы танкаў «Leopard 2» Украіне. Плануецца хутка сабраць два батальёны з гэтымі танкамі для ўкраінскай арміі.
Улады Германіі нарэшце дазволілі пастаўкі асноўных баявых танкаў «Leopard 2» для патрэб арміі Украіны. Пра такое рашэнне абвясціў канцлер ФРГ Олаф Шольц, паведамляецца на сайце нямецкага ўрада ў сераду, 25 студзеня.
У заяве Шольца гаворыцца, што «гэта вынік інтэнсіўных кансультацый з найбліжэйшымі еўрапейскімі і міжнароднымі партнёрамі Германіі». Акрамя таго, Германія выдасць адпаведныя дазволы на перадачу краінам-партнёрам, якія хочуць хутка паставіць танкі «Leopard 2» са сваіх складоў ва Украіну.
Хутка плануецца сабраць два батальёны з танкамі «Leopard 2» для Украіны. У якасці першага кроку Германія паставіць роту 14 танкаў «Leopard 2 A6» з запасаў Бундэсвера.
«Гэта рашэнне вынікае з нашай вядомай лініі падтрымкі Украіны ў меру нашых магчымасцей. Мы дзейнічаем у цеснай каардынацыі на міжнародным узроўні», — сказаў канцлер на пасяджэнні ўрада ў Берліне.
«Іншыя еўрапейскія партнёры таксама перададуць танкі «Leopard 2». Падрыхтоўка ўкраінскіх экіпажаў павінна хутка пачацца ў Германіі. Акрамя навучання, пакет таксама будзе ўключаць лагістыку, боепрыпасы і тэхнічнае абслугоўванне сістэмы», гаворыцца ў паведамленні.
Выданне «Spiegel» у аўторак, 24 студзеня, адзначыла, што іншыя саюзнікі таксама плануюць паставіць ва Украіну танкі «Leopard 2» з сваіх запасаў. У сувязі з гэтым федэральны ўрад Германіі плануе дазволіць рээкспарт такіх танкаў іншым дзяржавам, у прыватнасці Польшчы.
Нагадаем, як пісаў «НЧ», нямецкія СМІ пачалі пісаць пра згоду Германіі перадаць танкі яшчэ ўчора. А выданне «The Wall Street Journal» паведаміла ў аўторак, 24 студзеня, што Злучаныя Штаты ў сваю чаргу разглядаюць магчымасць пастаўкі сваіх асноўных баявых танкаў «Abrams». Аналагічнае рашэнне пра пастаўку танкаў таксама разглядае і Францыя. Вялікабрытанія таксама ўжо абвясціла аб перадачы УСУ 14 сваіх танкаў «Challenger-2».