Еўропа пачынае канфіскоўваць яхты расійскіх мільярдэраў
У міжземнаморскім порце Ла-Сьота французскія ўлады канфіскавалі яхту, якая належыць кіраўніку «Раснафты» Ігару Сечыну. Пра гэта 3 сакавіка напісаў у Twitter міністр фінансаў Францыі Бруно Ле Мэр.
«Дзякуй французскім мытнікам, якія забяспечваюць выкананне санкцый Еўрапейскага Саюза супраць тых, хто блізкі да расійскага ўраду» — адзначыў Ле Мэр.
Прэс-служба Міністэрства фінансаў паведаміла, што яхта належала кампаніі, асноўным акцыянерам якой быў названы Сечын. Яхта VERO AMORE каштуе 120 млн долараў.
Таксама 2 сакавіка ўлады Германіі арыштавалі ў Гамбургу 156-метровую яхту расійскага мільярдэра Алішэра Усманава, які патрапіў пад санкцыі ЕС. Гаворка ідзе пра яхту Dilbar коштам амаль 600 млн долараў.
Фірма называе яе «адной з самых складаных яхт, калі-небудзь пабудаваных, як з пункту гледжання памераў, так і тэхналогій». Пры водазмяшчэнні 15 917 тон гэта самая вялікая маторная яхта ў свеце па ёмістасці, яе экіпаж складаецца з 96 чалавек. На Dilbar усталяваны самы вялікі басейн, які калі-небудзь усталёўвалі на яхтах. Таксама на судне-верталётныя пляцоўкі, саўна, салон прыгажосці і трэнажорная зала.