Майстэрства выбарчых фальсіфікацый: сусветны досвед

Разгубленасць тых, хто ў шоку ад цяперашніх беларускіх выбараў, магчыма, кампенсуе той факт, што гісторыя ведае значна больш вясёлыя выбарчыя кампаніі.

regnum_picture_1533146378633205_normal.jpg

Спіс фальсіфікаваных выбараў настолькі велізарны, што міжволі ўзнікае крамольная думка: як толькі ўзнікла працэдура адбору лідараў шляхам галасавання — адразу ж і паўстала практыка электаральных махінацый. Некаторыя, дарэчы, лічаць, што першапраходцам тут мог быць славуты рымскі імператар Юлій Цэзар, які праклаў дарогу на палітычны алімп, раздаючы хабар плебсу.

Пазней гісторыя засведчыла, што такая выбарчая тэхналогія, як подкуп выбаршчыкаў, мае пэўныя хібы. Часам усё можа скончыцца трагікамедыяй. Як гэта было ў 1768 годзе, калі за мандат у англійскім парламенце ад горада Нортгемптан змагаліся два арыстакраты. Сімпатыі выбаршчыкаў яны вырашылі заваяваць шчодрымі падарункамі. А паколькі абодва грошай не лічылі, на абарыгенаў абрынуўся сапраўдны залаты дождж. Паводле гісторыкаў, кожны з кандыдатаў выдаткаваў на подкуп прыкладна 100 тысяч фунтаў, што па цяперашнім курсе складае прыкладна каля 10–12 мільёнаў долараў (!).

Па ходзе гісторыі фальсіфікацыі станавіліся ўсё больш вытанчанымі. Асобна варта адзначыць рэферэндум 1955 года ў Паўднёвым В'етнаме, які ў той час вонкава курыравалі амерыканцы. Ад вынікаў плебісцыту залежаў зыход доўгага супрацьстаяння прэм'ер-міністра Нго Дзінха і былога імператара. Паколькі прэм'ер на той момант кантраляваў рычагі ўлады і прэсу, ініцыятыва належала яму. У ход пайшоў не толькі чорны піяр, што, нібыта, манарх — сексуальны маньяк. Нават самі выбарчыя бюлетэні былі маніпулятыўныя: бюлетэні за Дзінгха былі зробленыя з чырвонай паперы (гэты колер лічыцца ў мясцовых жыхароў шчаслівым). У той самы час як бюлетэні, якія трэба было кідаць за яго суперніка, мелі зялёны колер. Зялёны, згодна з тутэйшымі традыцыямі, сімвалізуе няўдачу. Не дзіўна, што ў выніку Дзінга чакаў трыумф.

Цікава працуюць над праблемай пазбаўлення ад канкурэнтаў на Кубе. На выбарах 2015 года мясцовыя дысідэнты ўпершыню за доўгі час атрымалі права балатавацца. А вось права складаць інфармацыю пра кандыдатаў улады пакінулі сабе. У выніку на агітацыйных плакатах апазіцыянеры былі прадстаўленыя вельмі негатыўна. Тым не менш каля 12 тысяч галасоў яны па ўсёй краіне атрымалі.   

Меў свае сакрэты элегантных перамог і Тэадора Абіанг Нгема Мбасага — кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі з 1979 года (!). У 2009-м адзін з чальцоў мясцовага ЦВК падпісаў выніковы пратакол выбараў, пасля таго, як да яго галавы людзі прэзідэнта прыставілі пісталет. У гэтым плане нядзіўна, што на некаторых участках за Тэадора час ад часу галасуе аж 103 працэнты выбаршчыкаў.

Сваю старонку ў аналы фальсіфікацый упісаў і такі адметны персанаж, як Тата Док, ён жа гаіцянскі дыктатар Франсуа Дзювалье. Гэты палітык маштабна падышоў да праблемы забеспячэння патрэбнай лічбы на выбарах. У 1964 годзе ён запрасіў суайчыннікаў на рэферэндум па пытанні, ці падтрымліваюць тыя пажыццёвы статус для цяперашняга прэзідэнта. У выніку прапанову аднадушна падтрымала 99,9 працэнта гаіцян, якія мелі права выбару. Што не дзіўна з улікам таго, што на ўсіх бюлетэнях папярэдне напісалі «так».

Дзювалье не саступае хіба што вярхоўны лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын. У сакавіку 2014 года ён быў абраны дэпутатам Вярхоўнага народнага сходу на адной з акругаў. Пры гэтым імя кандыдата ў выбарчым бюлетэні не было. Яго выбаршчыкі даведаліся ўжо толькі пасля абвяшчэння вынікаў выбараў. Зрэшты, такая акалічнасць, як адсутнасць прозвішча кандыдата, не перашкодзіла ім аднадушна аддаць за ананіма свой голас.

Нарэшце, фальсіфікацыя, якой, як лічыцца, да гэтага часу няма роўнай. Справа была ў 1927 годзе ў Ліберыі, якую, як вядома, стварылі былыя амерыканскія чарнаскурыя рабы, якія прыехалі са Злучаных Штатаў. Прычым рэпатрыянты відавочна не ладзілі з тубыльцамі, якіх пазбавілі выбарчых правоў. Таму колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў была невялікай — прыкладна 15 тысяч чалавек. Мяркуючы па ўсім, многія з іх не жадалі галасаваць за трэці тэрмін тагачаснага прэзідэнта Чарльза Кінга, якому супрацьстаяў Томас Фолькнер. Інакш бы Кінг не задзейнічаў адпаведны рэсурс, які дазволіў яму атрымаць па выніках галасавання… 243 тысячы галасоў. Апанент быў вымушаны задаволіцца толькі жаласнымі 9 тысячамі. Адкуль узялася такая хеўра выбаршчыкаў — фанатаў Кінга, да гэтага часу не вядома.

Зрэшты, у выніку перамога Чарльза Кінга аказалася піравай. Пасля выбараў Фолкнер абвінаваціў прэзідэнта і яго асяроддзе ў выкарыстанні рабскай працы і продажы рабоў у суседнюю іспанскую калонію. Ліга Нацый (так называўся ў тыя гады аналаг ААН) аператыўна стварыла камісію па расследаванні наяўнасці ў Ліберыі рабства, а ЗША нават на нейкі час разарвалі з краінай дыпламатычныя адносіны. Праўда, у выніку інспектары з Лігі Нацый выпадкаў рабства не знайшлі. Затое фактаў выкарыстання гарантам і яго людзьмі прымусовай працы хапала. Гэта дазволіла пачаць працэс імпічменту, пагроза якога прымусіла Кінга хутка падаць у адстаўку.

Прэса адзначае, што апісаны вышэй выпадак брутальнага ігнаравання выбарчага кодэксу наклаў адбітак на ўсю наступную гісторыю краіны. Прынамсі ў 2017-м у разгар масавых беспарадкаў у Ліберыі мясцовыя каментатары пісалі, што вулічныя бунты ў тым ліку з’яўляюцца следствам фальсіфікацый 1927 года, калі прэзідэнт «здрадзіў абяцанню выконваць закон і кіраваць нашай краінай паводле прынцыпаў маралі»

Як бачым, у такой галіне, як арганізацыя “выбараў з элегантнымі перамогамі”, нас ёсць яшчэ куды рухацца. Хоць, вядома ж, не хацелася.