ФБК: Атакі Украіны на Ozon б'юць непасрэдна па гаманцу Пуціна

Атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на інфраструктуру Ozon наносяць наўпроставы фінансавы ўрон асабіста Уладзіміру Пуціну. Расійскі Фонд барацьбы з карупцыяй знайшоў сувязь маркетплейса з расійскім кіраўніком. Ідуць 1647-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота з m24.ru

Фота з m24.ru

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 250 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 28 жніўня.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку ўкраінскія войскі адбілі 12 атак у бок населеных пунктаў Казачая Лапань, Гапцёўка, Графскае, Рубежнае, Старыца, Доўгенькае, Рацькоўка, Ахрымаўка, Чугуноўка і Захараўка.

На Ліманскім кірунку расіяне 11 разоў атакавалі ў бок населеных пунктаў Ліман і ў раёнах Новага Міру, Навасёлаўкі, Шыйкіўкі, Чарнешчыны.

На Канстанцінаўскім кірунку зафіксавана 35 атак у раёнах населеных пунктаў Канстанцінаўка, Аляксеева-Дружкаўка, Іллінаўка, Навасёлаўка, Русін Яр, Навапаўлаўка, Софіяўка, Кучараў Яр і Доўгая Балка.

На Пакроўскім кірунку расійцы здзейснілі 40 атак у бок населеных пунктаў Біліцкае, Дабраполе, Ганнаўка, Чарнігаўка, Святлое, Васільеўка, Сяргееўка і ў раёне Маладзецкага, Навападгародняга, Катлінага, Удачнага, Навапаўлаўкі.

На Гуляйпольскім і Славянскім кірунках зафіксавана па сем боесутыкненняў на кожным.

* * *

Расійскія войскі атакавалі Сумы васьмю кіраванымі авіябомбамі, нанёсшы ўдары па жылым сектары, прамысловай зоне, інфраструктурным аб'екце і СТА, у выніку трое чалавек атрымалі раненні.

Расійцы ноччу атакавалі Херсонскую ЦЭЦ — аб'ект атрымаў крытычныя пашкоджанні. Кіраўнік Херсонскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін у Telegram заявіў, што Херсон можа застацца без святла і цяпла на працяглы час, і заклікаў жыхароў пакінуць горад.

«Скажу адкрыта: разлічваць на працу ЦЭЦ або іншых аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ў прывычным рэжыме гэтай зімой мы ўжо не можам... Херсон можа заставацца без святла і цяпла не на гадзіны ці дні, а на працягу доўгага часу. Чарговы раз звяртаюся да жыхароў Херсона, асабліва да сем'яў з дзецьмі і пажылых людзей: калі ў вас ёсць магчымасць, сваякі ці сябры ў больш бяспечных рэгіёнах — з’язджайце», — напісаў ён.

* * * 

787799625_955833464198698_3219094308246733846_n.jfif

* * *

У Еўропе сутыкнуліся з «крытычным» недахопам ракет-перахопнікаў Patriot, найбольш востра не хапае ракет Украіне, піша Associated Press са спасылкай на прадстаўніка міністэрства абароны ЗША ў Еўропе і прадстаўніка НАТА, якія выказваліся на ўмовах ананімнасці.

Крыніцы выдання занепакоеныя ўразлівасцю краін НАТА перад патэнцыйным расійскім нападам. Прадстаўнік Мінабароны ЗША адзначыў, што найбольшую занепакоенасць выклікае недахоп ракет-перахопнікаў Patriot, здольных збіваць расійскія балістычныя ракеты. Прадстаўнік НАТА пацвердзіў, што запасы ракет Patriot у амерыканскіх і войскаў НАТА ў Еўропе з'яўляюцца недастатковымі. Суразмоўца выдання з Пентагона заявіў, што ў выпадку расійскага ракетнага ўдару, напрыклад, па ваенным штабе або электрастанцыі, НАТА можа аказацца ў сітуацыі, падобнай да той, у якой знаходзіцца Украіна, якая адчувае востры недахоп Patriot, і будзе вымушана «прымаць удар за ўдарам».

У выданні адзначаюць, што праблема ўзнікла з-за рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа пачаць вайну супраць Ірана. Запасы амерыканскіх ракет у Еўропе былі перакінуты на Блізкі Усход, дзе ЗША і іх саюзнікі з краін Персідскага заліва запусцілі значную колькасць перахопнікаў, каб абясшкодзіць іранскія дроны і ракеты.

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абверг інфармацыю СМІ пра тое, што нядаўні візіт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву меў на мэце папярэдзіць Крэмль аб недапушчальнасці нападу на саюзнікаў па Альянсе.

«Рэткліф сустракаецца са сваім расійскім калегам раз у паўгода або раз у год. У іх вельмі добрыя адносіны. Ён не перадаваў ніякіх пасланняў, і ў гэтым не было нічога незвычайнага», — заявіў Трамп.

Ён таксама адпрэчыў апасенні адносна агрэсіі Масквы супраць Альянсу. «Мяне гэта цалкам не непакоіць... абсалютна. Ніякіх праблем», — заявіў Трамп.

Заявы Трампа гучаць на фоне турботы еўрапейскіх лідараў, якія папярэджваюць, што Крэмль можа паспрабаваць праверыць рашучасць НАТА і прыхільнасць Трампа артыкулу 5 аб калектыўнай абароне сродкам абмежаванага нападу ці іншых ваенных правакацый.

* * *

Урад Расіі ўводзіць жорсткія абмежаванні на бюджэтныя выдаткі і скарачае людзей з-за росту дэфіцыту бюджэта і недахопу рэсурсаў на фінансаванне вайны супраць Украіны, піша The Moscow Times.

Дзяржаўным ведамствам загадалі адкласці ўсе першачарговыя выдаткі, а таксама падрыхтаваць скарачэнне штатаў на 15%. Па даных Bloomberg, рэжым эканоміі быў уведзены пасля таго, як міністр фінансаў Антон Сілуанаў звярнуўся да прэм'ера Міхаіла Мішусціна і папярэдзіў: у бюджэце можа не хапіць сродкаў, каб своечасова ажыццявіць усе плацяжы.

Урад РФ таксама сутыкнуўся з крызісам ліквіднасці. Але ўлады не лічаць сітуацыю з бюджэтам крытычнай — крыніцы Bloomberg кажуць, што Расія, па разліках уладаў, зможа фінансаваць вайну яшчэ некалькі гадоў.

Фарміруючы бюджэт на 2026 год, Мінфін планаваў знізіць мінулагодні дэфіцыт з 5,7 трыльёна рублёў да 3,7 трыльёна за кошт павышэння ПДВ і падаткаў на малы бізнес. Аднак ужо да канца першага квартала дэфіцыт перавысіў гадавы план — дасягнуў 4,5 трыльёна рублёў. І хаця ў Мінфіне тлумачылі гэта «авансаваннем выдаткаў», дэфіцыт працягваў расці, нягледзячы на пазапланавыя сыравінныя даходы ад вайны ў Іране: да канца другога квартала ён дасягнуў 5,7 трыльёна рублёў.

Па даных сістэмы «Электронны бюджэт», па стане на 24 жніўня бягучы дэфіцыт бюджэту ўжо дасягнуў 8,654 трыльёна рублёў, але гэтая сума не ўлічвае жнівеньскія падаткі, якія паступяць у канцы месяца і крыху скароцяць дзіру.

Па словах крыніц Bloomberg, да канца года дэфіцыт працягне расці. Па апошніх ацэнках урада, яно складзе 3,2–3,8% ВУП, паўтарыўшы рэкорд пандэмічнага года.

* * *

Атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на інфраструктуру маркетплейса Ozon наносяць прамы фінансавы ўрон асабістаму гаманцу расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна, піша расійскі Фонд барацьбы з карупцыяй.

Па інфармацыі ФБК, афіцыйным найбуйнейшым акцыянерам Ozon з'яўляецца кампанія «О23», якая валодае 34% акцый і выкупіла іх за 38 млрд рублёў у міжнароднага інвестфонда Baring Vostok. Публічна канчатковым уладальнікам гэтай долі абвешчаны расійскі бізнесовец Аляксандр Чачаву, аднак аналіз фінансавай справаздачнасці паказвае, што ён выступае толькі падстаўной асобай.

Фінансавая схема дамовы на 38 млрд рублёў разгортваецца праз ланцужок юрыдычных асоб:

Кампанія «О23» належыць ААТ «Карпарацыя 42» —

«Карпарацыя 42» знаходзіцца ва ўласнасці інвестыцыйнай групы «Стратасфера» —

Для здзелкі «Стратасфера» ўзяла пазыку ў кампаніі «Оптыма» —

Кіраўніцтва кампаніі «Оптыма» цалкам складаецца з давераных асоб у асяроддзі расійскага прэзідэнта: генеральны дырэктар фірмы Дар’я Брылякова і яе папярэднікі працавалі ў бізнес-структурах пляменніка Пуціна Міхаіла Шэламава, алігарха Юрыя Кавальчука і былой палюбоўніцы прэзідэнта Святланы Крываногіх —

Крыніцай грошай для «Оптымы» стала беспрацэнтная пазыка ад фірмы «Дэльта», якая афіцыйна належыць расійскаму алігарху Генадзю Цімчанку. А Цімчанка з'яўляецца адным з галоўных распарадчыкаў «агульнага кошыка» Уладзіміра Пуціна.