Генштаб Украіны: Расія перасягнула псіхалагічную рысу ў 40 тысяч загінулых вайскоўцаў

Паводле паведамлення, за апошнія суткі загінулі каля 200 расійскіх салдат, найбольшыя страты армія Расіі панесла на Крыварожскім кірунку.

fd95bc58_75aa_4450_83ee_a8889fb8a1b8_w1023_r1_s.jpg


Усяго ж з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія страціла каля 40 070 сваіх вайскоўцаў, паведаміў Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны раніцай 27 ліпеня.

Акрамя таго, у поўнамаштабнай вайне супраць Украіны Расія, па звестках украінскага Генштабу, страціла:

  • 1738 танкаў (адзін знішчаны за апошнія 24 гадзіны)
  • 3971 баявую браняваную машыну (+12)
  • 883 артылерыйскія сістэмы (+3)
  • 258 РСЗА
  • 117 сродкаў СПА
  • 222 самалёты
  • 190 верталётаў (+1)
  • 726 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню (+4)
  • 174 крылатыя ракеты
  • 15 караблёў/кацераў
  • 2847 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў (+12)
  • 75 адзінак спецыяльнай тэхнікі.

Каб кампенсаваць страты, РФ спрабуе набраць наймітаў з ліку грамадзян краін Цэнтральнай Азіі, зняволеных і з аддаленых рэгіёнаў, гавораць у выведцы.

На мінулым тыдні высокапастаўлены прадстаўнік абароннага ведамства ЗША заявіў, што Расія штодня нясе сотні страт у поўнамаштабнай вайне ва Украіне і страціла тысячы лейтэнантаў і капітанаў, а таксама сотні палкоўнікаў і «шмат» расійскіх генералаў.

Дырэктар ЦРУ Уільям Бернс 20 ліпеня заявіў, што, паводле ацэнак Злучаных Штатаў, страты расійскіх сіл ва Украіне пасля амаль пяці месяцаў вайны дасягнулі каля 15 тысяч забітых і, верагодна, 45 тысяч параненых, дадаўшы, што ўкраінскія ўзброеныя сілы таксама панеслі значныя страты.

Масква аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны ў апошні час не паведамляе. 25 сакавіка толькі другі раз з пачатку маштабнага ўварвання расійскі бок апублікаваў дадзеныя аб стратах расійскіх войскаў, паводле якіх 1351 расійскі вайсковец загінуў, 3825 — атрымалі раненні.