«Гэта шок для Малдовы». Малдаўскі палітык аб наступствах прылёту расійскай ракеты

Дэпутат парламента Рэспублікі Малдова Аазу Нантой не выключае, што Расія можа свядома праграмаваць курс сваіх ракет праз Малдову на Украіну, каб абысці ўкраінскую супрацьпаветраную абарону.

nantoj.jpg

«Калі пару тыдняў таму праз тэрыторыю Рэспублікі Малдова праляцелі крылатыя ракеты ў бок Украіны, стала цалкам відавочна, што для расійскіх генералаў Малдова, як суб’ект міжнароднага права, не існуе. Расія цудоўна ведае, што ў Малдовы няма сістэмы СПА. Малдова са сваім нейтралітэтам абсалютна неабароненая. І практычна расійскія генералы могуць цалкам свядома пракладаць траекторыі сваіх крылатых ракет праз тэрыторыю Малдовы, каб абыходзіць сістэму СПА Украіны», — сказаў Аазу Нантой у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону #UAРазом.
Дэпутат парламенту Малдовы назваў сённяшнюю гісторыю, калі на тэрыторыю Малдовы заляцела збітая ўкраінскай СПА расійская ракета, псіхалагічным шокам.
«Мы ведаем, што мэтай гэтых варварскіх атак з'яўляецца энергетычная інфраструктура Украіны. Застаецца спадзявацца, што гэты інцыдэнт, які, дзякуй Богу, абмежаваўся выбітымі шыбамі, усё ж такі прымусіць тую частку нашых грамадзян, якія яшчэ не зразумелі сутнасць злачыннай палітыкі пуцінскага рэжыму, зразумець, што ў гэтай сітуацыі нельга заставацца нейтральнымі. Патрэбна дакладна заняць пазіцыю і асудзіць палітыку генацыду ўкраінскага народа і палітыку разбурэння ўкраінскай дзяржавы», — мяркуе Аазу Нантой.
«Вядома, застаецца нервовасць у сувязі з так званым Прыднястроўем, як Расія праводзіць гібрыдную вайну супраць Рэспублікі Малдова, камбінуючы метады энергетычнага шантажу і фінансавання "пятай калоны", гэта патрабуе ад нас мабілізацыі і большай салідарнасці з Украінай», — адзначыў дэпутат парламента Малдовы.
МУС Малдовы 31 кастрычніка паведаміла, што раніцай у панядзелак на тэрыторыю паселішча Наслаўча Окніцкага раёну на паўночнай мяжы з Украінай упала расійская ракета, збітая ўкраінскай сістэмай СПА. Ахвяраў няма. У некалькіх дамах вылецелі шыбы.