«Гэта вайна, якую пачала Расія»: Белы дом — пра атаку дронаў на Маскву

Улады ЗША не падтрымліваюць нанясенне ўдараў па цэлях на тэрыторыі Расіі. Пра гэта на брыфінгу заявіла прэс-сакратарка Белага дома Карын Жан-П'ер, каментуючы атаку беспілотнікаў на Маскву 24 ліпеня.

ТАСС публікуе фота пашкоджанага беспілотнікам даху дома па адрасе Камсамольскі праспект, 18, будынак 1

ТАСС публікуе фота пашкоджанага беспілотнікам даху дома па адрасе Камсамольскі праспект, 18, будынак 1

Афіцыйны прадстаўнік Белага дома Карын Жан-П'ер па просьбе журналістаў пракаментавала ўдар баявых беспілотнікаў па Маскве, які адбыўся ў панядзелак, 24 ліпеня, раніцай.

Прадстаўніца адміністрацыі Джо Байдэна абмовілася, што гэта не адносіцца да ўдараў украінскіх беспілотнікаў па анексаваным Крыме, які ЗША прызнаюць тэрыторыяй Украіны.

Жан-П'ер адзначыла, што атака дронаў на Маскву з'яўляецца следствам вайны, развязанай Расіяй супраць Украіны.

«Гэта вайна, якую пачала Расія. Гэта іх вайна. Яны яе пачалі, і яны могуць яе скончыць у любы час вывадам войскаў з Украіны замест таго, каб здзяйсняць жорсткія напады на ўкраінскія гарады і мірнае насельніцтва», — сказала прэс-сакратарка.

Глядзіце таксама

Нагадаем, у ноч на 24 ліпеня два беспілотнікі ўдарылі па двух нежылых будынках у Маскве. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляў мэр горада Сяргей Сабянін.

Адзін з дронаў трапіў у бізнес-цэнтр, які будуецца на праспекце Ліхачова, іншы ўпаў на будынак Цэнтральнага вайсковага аркестра Мінабароны РФ на Камсамольскім праспекце. У будынках былі выбіты вокны і пашкоджаны дах. Пацярпелых у выніку падзення дронаў няма.

Журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў (у Расіі абвешчаны «замежным агентам», а яго праект Bellingcat — непажаданай арганізацыяй) сцвярджае, што насупраць дома па адрасе Камсамольскі праспект, 17 знаходзіцца не толькі ваенны аркестр, але і «штаб кібервойскаў ГРУ», у тым ліку хакерскай групы «Fancy Bear», нагадвае www.bbc.com.

А крыху бліжэй да метро «Фрунзенская» па адрасе Камсамольскі праспект, 20 знаходзіцца Ваенны ўніверсітэт імя князя Аляксандра Неўскага, нагадаў Грозеў. Ён таксама сцвярджае, што ў гэтым квартале, які гістарычна называўся Хамоўніцкімі казармамі, могуць знаходзіцца яшчэ «некалькі звышсакрэтных аб'ектаў ГРУ».

Старшы навуковы супрацоўнік Амерыканскага інстытута даследаванняў знешняй палітыкі Роб Лі напісаў у Твітары, што дом на Камсамольскім праспекце, 17 размешчаны «менш чым за 200 метраў» ад Нацыянальнага цэнтра кіравання абаронай Мінабароны (Фрунзенская набярэжная, 22).

Хрыста Грозеў апублікаваў карту, каб паказаць, як блізка ад месца падзення дрона знаходзяцца аб'екты Мінабароны

Хрыста Грозеў апублікаваў карту, каб паказаць, як блізка ад месца падзення дрона знаходзяцца аб'екты Мінабароны

Расійскія ўлады назвалі тое, што адбылося, тэрактам і абвінавацілі ў атацы Украіну. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

Афіцыйны Кіеў не каментаваў атаку дронаў на Маскву і адказнасць за ўдары не браў, але крыніцы ўкраінскіх СМІ заяўлялі, што напад арганізавалі ў Галоўным упраўленні выведкі Мінабароны Украіны. 

Паводле ВВС,  meduza.io