Інстытут вывучэння вайны: УСУ рыхтуюцца да сыходу з Бахмута

Узброеныя Сілы Украіны, імаверна, ствараюць умовы для кантраляванага адводу войскаў з некаторых раёнаў Бахмута, які расійская армія спрабуе захапіць з траўня 2022 года. Пра гэта ў зводцы за 3 сакавіка пішуць эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Фота AP

Фота AP

Апошнія фотаздымкі з ахопленага вайной горада пацвярджаюць, што УСУ разбурылі два важныя масты ў раёне Бахмута — адзін праз раку Бахмутоўка на паўночным усходзе горада і іншы на трасе да пасёлка Хромава на захад ад Бахмута. Прэвентыўнае знішчэнне мастоў можа сведчыць менавіта аб тым, што ўкраінскія вайскоўцы разлічваюць перашкодзіць прасоўванню расійскіх акупантаў ва ўсходняй частцы Бахмута і абмежаваць патэнцыйныя шляхі іх адыходу на захад, адзначаюць аналітыкі ISW.

Калі ваеннае камандаванне Украіны палічыць неабходным сысці з Бахмута, то, верагодна, будзе праведзены абмежаваны і кантраляваны адыход з асабліва складаных сектараў Усходняга Бахмута, мяркуюць эксперты.

Ваенная разведка Вялікабрытаніі ў сваім аглядзе таксама звяртае ўвагу на разбурэнне двух мастоў у Бахмуце, называючы адзін з іх «жыццёва важным»: ён злучаў горад з апошнім асноўным маршрутам забеспячэння ў Часовым Яры. Пры гэтым у брытанскім Мінабароны адзначаюць, што УСУ умацоўвае элітнымі падраздзяленнямі паўночныя ўскраіны Бахмута, якія сталі ўразлівыя для расійскіх нападаў з трох бакоў.

У ранішняй зводцы ўкраінскага Генштаба за 4 сакавіка гаворыцца, што расійскія вайскоўцы не пакідаюць спробаў акружыць Бахмут. За мінулыя суткі, паводле дадзеных УСУ, на бахмуцкім напрамку былі адбітыя шматлікія расійскія атакі ў раёнах самога Бахмута, а таксама населеных пунктаў Васюкоўка, Дубава-Васільеўка, Багданаўка і Іванаўскае.

Раней дарадца прэзідэнта Украіны ў эканамічных пытаннях Аляксандр Раднянскі заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы могуць правесці «стратэгічнае адступленне» з Бахмута.

Паводле «Медузы».