Юрыя Шаўчука аштрафавалі па справе аб «дыскрэдытацыі расійскай арміі». Вось ягоны зварот да суда
Савецкі раённы суд Уфы 16 жніўня аштрафаваў лідара гурта «ДДТ» Юрыя Шаўчука на 50 тысяч рублёў (каля 88 долараў) па адміністрацыйным артыкуле аб «дыскрэдытацыі ўзброеных сіл Расіі», піша «Медуза».
Падставай для справы паслужыў канцэрт гурта «ДДТ» ва Уфе, на якім Шаўчук
выступіў супраць вайны і сказаў: «Радзіма, сябры, гэта не дупа прэзідэнта,
якую трэба ўвесь час мусоліць, цалаваць. Радзіма — гэта бабуля жабрацкая на
вакзале, якая прадае бульбу. Вось гэта Радзіма».
Шаўчук не прысутнічаў на пасяджэнні. Пазней у медыя з'явіўся зварот музыкі да суда.
«Я, Юрый Шаўчук, заўсёды быў супраць войнаў, у любой краіне і ў любыя часы. Выступаў супраць войнаў у В'етнаме, Афганістане, Югаславіі, Чачні, Абхазіі, Грузіі, Асеціі, у Карабаху, Іраку і г. д.
Лічу, што любыя праблемы і ўскладненні палітычнага характару
паміж краінамі і народамі трэба вырашаць дыпламатычным шляхам.
Песня «Не страляй» была напісана ў 1980 годзе.
Я таксама супраць вайны на Данбасе, якая цягнецца восем гадоў, і
цяперашняй СВА на Украіне», — напісаў Шаўчук.