Крыніцы: У Маскве пачаліся арышты вайскоўцаў, хапун ладзяць элітныя падраздзяленні Расгвардыі
У сталіцы Расіі адбываюцца шматлікія арышты вайскоўцаў. Пра гэта паведамляе unian.net са спасылкай на Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.
![1519038367_3901.webp 1519038367_3901.webp](/img/v1/images/1519038367_3901.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«У Маскве пачаўся комплекс мер, накіраваных супраць вайскоўцаў. Рух у цэнтры перакрыты. У горад увайшлі
падраздзяленні дывізіі аператыўнага прызначэння імя Дзяржынскага — «эліты Расгвардыі», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што расгвардзейцы рухаюцца да цэнтра сумесна з
падраздзяленнямі паліцыі.
«Вядома аб шматлікіх арыштах, затрыманнях і блакаванні
вайскоўцаў. Усе воінскія падраздзяленні па перыметры Масквы прыведзены ў
павышаную баявую гатоўнасць», — адзначылі ў ГУР, не паведамляючы, у чым
прычына.
Раней паведамлялася, што ў расійскім вайскова-палітычным кіраўніцтве
наспяваюць змены. Эксперты мяркуюць, што кіраўнік «вагнераўцаў» Яўген Прыгожын і кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў імкнуцца паваліць міністра абароны Сяргея Шайгу.
Напярэдадні Кадыраў абвінаваціў расійскае
вайсковае камандаванне ў няздольнасці аператыўна адрэагаваць на абвастрэнне
сітуацыі ва Украіне, а таксама заявіў, што Расіі неабходна захапіць тэрыторыі чатырох
абласцей Украіны ўсімі даступнымі сродкамі, уключаючы ядзерную зброю малой
магутнасці. «Кухар Пуціна» Прыгожын паўтарыў крытыку Кадырава
на адрас расійскага вайсковага кіраўніцтва.
![Рускія войскі пакінулі Ліман Кадыраў патрабуе помсты за тое, што рускія войскі пакінулі Ліман, — у тым ліку ўжывання ядзернай зброі](/img/v1/images/liman.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Наступстваў для іх абодвух не было. Больш за тое, Кадыраў у другі раз з 24 лютага атрымаў «павышэнне». У канцы сакавіка ён стаў
генерал-лейтэнантам, а на гэтым тыдні Пуцін даў яму званне генерал-палкоўніка.
Заявы Кадырава і Прыгожына падхапілі ток-шоу на расійскіх федэральных тэлеканалах — крытыка
ваеннага камандавання ўпершыню пачала гучаць на ўсю краіну.
Мяркуюць, што ўрэшце Пуцін будзе спрабаваць зрабіць
вінаватым у няўдачах на вайне супраць Украіны вайсковае камандаванне. У
прыватнасці, Інстытут вывучэння вайны прагназуе, што кіраўніка Мінабароны РФ Сяргея Шайгу зробяць
казлом адпушчэння.