Кадыраў патрабуе помсты за тое, што рускія войскі пакінулі Ліман, — у тым ліку ўжывання ядзернай зброі
Рускія войскі пайшлі «на больш выгадныя рубяжы», — так Мінабароны Расіі апраўдала вывад войскаў з Лімана
Расійскія войскі выйшлі з Лімана Данецкай вобласці. У Міністэрстве абароны РФ паведамілі аб адводзе войскаў з горада Чырвоны Ліман «на больш выгадныя рубяжы». Пра гэта пішуць расійскія СМІ. Гаворыцца, што гэта зроблена ў сувязі са стварэннем пагрозы акружэння саюзных войскаў.
У Мінабароны РФ адзначылі, што Узброеныя сілы Украіны, нягледзячы на страты на гэтым кірунку, маюць «значную перавагу ў сілах і сродках», яны ўвялі рэзервы і працягнулі наступ.
Раней украінская армія афіцыйна пацвердзіла акружэнне Лімана і вызваленне пяці населеных пунктаў побач з Ліманам. З'явілася нават відэа ўзняцця сцяга Украіны пры ўездзе ў Ліман.
Рэакцыя на адступленне з Лімана ў рускіх СМІ і пабліках была надзвычай нервовая. Так, напрыклад, Рамзан Кадыраў абвінаваціў у страце Лімана генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна. І заклікаў да кардынальных мер — ажно да выкарыстання ядзернай зброі.
Кіраўнік Чачні адрэагаваў на страту расійскімі войскамі Лімана пастом у тэлеграме, дзе рэзка крытыкаваў камандуючага Цэнтральнай вайсковай акругай генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна. Кадыраў напісаў, што Лапін кіраваў абаронай гэтага ўчастка і не забяспечыў войскі «неабходнай сувяззю, узаемадзеяннем і падвозам боепрыпасаў».
Кіраўнік Чачні згадаў і тое, што Лапіну ў ліпені было прысвоенае званне героя Расіі за ўзяцце Лісічанска, хоць, па словах Кадырава, «дэ-факта яго там і побач не было». Таксама Кадыраў заявіў, што Лапіну «аддалі ў падпарадкаванне і войскі Заходняй ваеннай акругі». Раней пра гэта паведамляла ўкраінская выведка, але афіцыйна Мінабароны РФ перастаноўкі ў камандаванні не каментавала. Кіраўнік Чачні раскрытыкаваў у цэлым кадравую палітыку Мінабароны РФ, а таксама выказаў незадаволенасць тым, як развіваюцца падзеі ў зоне баявых дзеянняў.
Кадыраў заявіў, што Лапін — «бездарь», якога «пакрываюць наверсе кіраўнікі ў Генштабе».
«На маю асабістую думку, трэба прымаць больш кардынальныя меры, аж да абвяшчэння ваеннага становішча на памежных тэрыторыях і выкарыстання маламагутнага ядзернага ўзбраення», — заявіў Кадыраў і дадаў, што «не трэба кожнае рашэнне прымаць з аглядкай на заходнеамерыканскую супольнасць — яна і так сказала і зрабіла многае супраць нас».
Паводле t.me/insiderUKR, meduza.io, korrespondent.net