Міхаіл Хадаркоўскі: «Добрых цароў у Расіі не можа быць па азначэнні»

Пра Расію, пашкоджаную стакгольскім сіндромам, памылковасць нафтавага эмбарга, а таксама пра магчымую хуткую здачу Украіны Міхаіл Хадаркоўскі, палітык і прадпрымальнік, распавёў расійскай службе «Радыё Свабода».


Хадаркоўскі кажа, што хаця сам неаднойчы тлумачыў, што Пуцін пасля ўльтыматуму заходнім краінам не можа выйсці з гэтай сітуацыі без вайны, для яго яе пачатак стаў абсалютным шокам.

Што тычыцца расійскай грамадскай думкі, тут сітуацыя значна больш прадказальная, кажа Хадаркоўскі, — такім шляхам ідзе краіна, глыбока пашкоджаная стакгольмскім сіндромам.

«Тое, што мы бачым, — гэта боязь людзей рабіць нейкія дзеянні, якія, на іх думку, не прывядуць да істотнай змены сітуацыі ў цэлым, але небяспечныя для іх асабіста, для іх семʼяў, для іх жыцця і здароўя. Гэтыя людзі спрабуюць растлумачыць сабе, што яны не нягоднікі».

Такая масавая падтрымка вайны — гэта ў тым ліку і псіхалагічная абарона людзей. Бо калі Расія вядзе злачынную вайну, дык які я пасля гэтага жыхар Расіі?

«Пасля гэтага трэба або браць сякеру і ісці на вуліцу забіваць мянтоў, або, калі ты разумееш, што ў гэтым мала сэнсу, трэба неяк сабе растлумачыць, чаму я гэтага не раблю, чаму працягваю заставацца ў гэтым становішчы».


Тое, што сёння робіць Захад — недастаткова

Хадаркоўскі кажа, што таго, што сёння робіць Захад, каб Украіна не прайграла гэтую вайну, недастаткова.

«Таму ў цяперашняй сітуацыі ніякай вайны не на адзін год мы не будзем бачыць. Мы будзем бачыць вельмі хуткі пройгрыш з боку Украіны, у лепшым выпадку вельмі хуткія перамовы аб размежавальнай лініі і далей гарачую размежавальную лінію. У горшым выпадку праз месяц-другі мы будзем бачыць баі за Кіеў, узяцце Кіева і ўсталяванне там нейкага марыянеткавага рэжыму».

Размовы пра тое, што Захад пастаўляе столькі зброі, што Украіна можа нават вярнуць Крым і нават выйсці на тэрыторыю РФ, ён лічыць неадэкватнымі.

«Рэальнае становішча спраў зусім іншае. Артылерыі (а гэта на сённяшні дзень ключавая стаўка) у расійскіх войскаў прыблізна ў 20 разоў больш, чым ва ўкраінскіх, а па боекамплектах, як пішуць брытанскія крыніцы, адрозненні ў 40 разоў».

«Вашынгтон пост» пісаў, што Украіна робіць каля 300-400 стрэлаў у дзень, а Расія дае 5-6 тысяч стрэлаў па ўкраінскіх пазіцыях.


Гэта вайна Расіі ці Пуціна?

«Без усялякага сумневу, пачатак гэтай вайны — гэта рашэнне асабіста Пуціна».

Але цяпер Пуцін і ягоны прапагандысцкі апарат прыкладаюць сурʼёзныя намаганні, каб зрабіць гэта вайной усяго расійскага народа.

«Пакуль не вельмі атрымліваецца, менавіта таму ён і баіцца правесці прызыў. Хоць і прызыў магчымы, і нават добраахвотнікаў магчыма набраць некалькі соцень тысяч, але ён не можа зразумець, як будзе рэагаваць расійскае грамадства на сотню тысяч трупаў, якія ў гэтым выпадку абавязкова будуць. Гэта неразуменне таго, на што згоднае, што гатова трываць расійскае грамадства, — сурʼёзны стрымліваючы фактар», — мяркуе Хадаркоўскі.

Хадаркоўскі кажа, што чалавек, які ў ХХІ стагоддзі пачынае вайну ў цэнтры Еўропы, наўрад ці знаходзіцца ў нармальным душэўным стане. Але з другога боку, у яго паводзінах ёсць рацыянальнае.

«Ён чацвёрты раз за час сваёй прэзідэнцкай карʼеры вырашае свае электаральныя праблемы з дапамогай вайны — гэта для яго modus operandi».

Ідэя таго, што свет рыхтуецца да Трэцяй сусветнай вайны, былі прададзеныя Пуціну недзе ў 2011 годзе, кажа Хадаркоўскі. Ідэя аб тым, што ваяваць трэба з Украінай, эмацыйна склалася пасля Януковіча, потым умацавалася пасля прыходу Зяленскага. Кавіднае зняволенне ў асяроддзі ашалелых паплечнікаў згуляла злы жарт, пераканаўшы Пуціна, што гэта будзе такая ж бяскроўная аперацыя, як захоп Крыму, мяркуе бізнесмен.


Пра памылковасць нафтавых санкцый

Хадаркоўскі лічыць, што блакаванне паставак расійскай нафты — гэта памылка, проста таму, што гэта падымае цэны на яе.

«Замест гэтага трэба было ўводзіць пошліны, якія рабілі б для Расіі роўна нявыгаднай пастаўку нафты як на еўрапейскія, так і на ўсходнія рынкі.

Гэтыя пошліны маглі б паступова расці і дасягаць прыблізна паловы ад кошту нафты і гэта не прывяло б да павелічэння цаны на нафту на рынку. Спадзяюся, што Еўропа наступным крокам усё ж такі пойдзе гэтым шляхам», — кажа ён.


Пра будучыню Расіі

Федэральныя органы ўлады поўнасцю сябе зняславілі, мяркуе Хадаркоўскі.

«Гэтая звышцэнтралізаваная Расія збірала з усіх расійскіх рэгіёнаў прыблізна 60% тых падатковых збораў, якія рэгіёны збіралі ў сябе на тэрыторыі, потым частку з іх размяркоўвала назад, купляючы за гэта лаяльнасць рэгіёнаў».

Хадаркоўскі кажа, што так рабіць з рэгіёнамі можна, толькі дэманструючы наяўнасць вонкавага ворага. Менавіта таму такая агрэсіўная знешняя палітыка ўласцівая звышцэнтралізаванай расійскай дзяржаве.

«Хутка расійскія рэгіянальныя эліты ўсвядомяць, што іх не проста рабавалі і прыніжалі за іх жа ўласныя грошы, але іх яшчэ і ўцягнулі ў абсалютна варʼяцкую ваенную авантуру, якая нанесла велізарную шкоду не толькі дабрабыту іх рэгіёнаў, але і іх асабістаму дабрабыту. Калі гэта будзе ўсвядомлена, распад Расіі стане толькі пытаннем часу», — мяркуе Хадаркоўскі.

Паводле бізнесмена, Пуцін падвёў Расію да «практычна непазбежнага распаду».

«Вядома, такі распад краіны быў бы вельмі непрыемны для ўсяго свету (я ўжо не кажу пра саміх расійцаў), проста таму, што адміністрацыйныя межы, якія ператварыліся ў адзін дзень у дзяржаўныя, пры наяўнасці ў пяці-сямі субʼектаў ядзернай зброі на борце — гэта гарантаваная вайна паміж ядзернымі субʼектамі палітыкі. Гэта нікому не патрэбна».

Адзіны спосаб пазбегнуць усяго гэтага ці большай часткі гэтых праблем Хадаркоўскі бачыць у наступным — федэральны цэнтр павінен стаць месцам рэпрэзентацыі рэгіёнаў. Гэтак жа сама, як у ЗША было 100-150 гадоў, калі Кангрэс, па сутнасці, адлюстроўваў палітычныя пазіцыі менавіта рэгіёнаў, менавіта штатаў, якія былі ў істотнай частцы незалежныя.

Ён лічыць, што суседзі Расіі не могуць сабе дазволіць чарговы раз гуляць у гэтую арлянку — добрага цара.

«Добрых цароў у Расіі не можа быць па азначэнні, таму што любы цар, самы добры, самы дэмакратычны, нават калі гэта будзе Біл Клінтан, які прыйдзе і сядзе на пасаду рускага цара, наступным крокам павінен будзе думаць, як яму ўтрымаць пад сабой гэтае крэсла. А як яго ўтрымаць? Толькі вонкавы вораг, іншых варыянтаў няма».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: