На Антонаўскім мосце пад Херсонам знішчаныя некалькі пралётаў
Пра знішчэнне пралётаў моста сведчаць фотаздымкі, якія з'явіліся ў сацсетках раніцай 11 лістапада.
Акрамя таго, відэа з моста запісаў супрацоўнік "Камсамольскай праўды" Аляксандр Коц.
Сваё відэа Коц, мяркуючы па ўсім, здымаў з левага берага Дняпра. 9 лістапада рускае ваеннае камандаванне абвясціла, што менавіта туды будуць адведзены расійскія войскі.
"За маёй спінай два абрынутыя пралёты Антонаўскага моста. Верагодна, ён быў падарваны падчас вываду расійскай групоўкі з правага на левы бераг", — паведаміў Коц.
Ён сцвярджае, што на правым беразе расійскіх войскаў не засталося, а ўкраінскія да яго яшчэ не падышлі (афіцыйна ні расейскі, ні ўкраінскі бок гэта не пацвярджалі).
Херсонскі журналіст Канстанцін Рыжэнка раней апублікаваў здымак разбураных пралётаў.
Паведамленні аб выбухах у раёне Антонаўскага моста з'явіліся яшчэ напярэдадні вечарам. Мост — адна з трох перапраў праз Дняпро ў гэтым раёне. Ён рэгулярна абстрэльваўся з лета і быў часткова разбураны. Гэта, у тым ліку, стварыла расійскім вайскоўцам значныя праблемы з забеспячэннем акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці на правым беразе Дняпра.
Ніякай афіцыйнай інфармацыі аб тым, што стала прычынай абвальвання моста, не паступала ні ад аднаго з бакоў. Пры гэтым прадстаўнік расійскіх акупацыйных уладаў рэгіёну Сяргей Елісееў наогул паведаміў журналістам, што "Антонаўскі мост не ўзарваны, ён у ранейшым стане". Ён удакладніў, што на правым беразе Дняпра могуць заставацца каля 60-70 тысяч цывільнага насельніцтва.
Паводле ВВС