Войскі РФ у Херсоне пайшлі за рускім ваенным караблём. А беларускаму саюзніку адступаць няма куды
Беларускія ўлады, відаць, думаюць, што калі ў тэлевізары не распавялі пра непрыемнасці, дык нібыта гэтых непрыемнасцяў у прыродзе не існуе. Гэта як хавацца ад монстраў пад коўдрай, піша ў сваёй адметнай манеры аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»
Падобна, што расійскія войскі ў Херсоне пайшлі за рускім ваенным караблём. Згодна з планам пайшлі. Хто куды, а расійская армія — на загадзя падрыхтаваныя пазіцыі. Яны заўсёды туды ходзяць.
Калі рускае ваеннае начальства сказала, што яно пойдзе згодна з планам, на левы бераг, каб захаваць жыцці салдат, многія, вядома, засумняваліся. Усё ж такі гэта крыху незвычайны план. Яны ж вось літаральна нядаўна назаўсёды прымалі Херсон у склад Расіі. І як ні лічы, а паўтара месяца ў слова «назаўжды» не складаюцца.
Затое расійскія салдаты ў Херсоне паверылі свайму начальству адразу. Мабыць, даўно ўжо былі да гэтага маральна гатовыя. Паверылі — і пачалі перадыслакавацца з такім энтузіязмам, што, здаецца, мастоў на ўсіх ужо не хапае.
Пасля адступальнага манеўру ў Харкаўскай вобласці патрыёты імперыі маглі суцяшацца тым, што Расія не пачала яшчэ ваяваць па-сапраўднаму. Каб з бамбаваннямі крытычнай інфраструктуры і масавай мабілізацыяй.
Вось крытычную інфраструктуру бамбілі. Часткова мабілізавалі колькі змаглі. Не таму, што больш не хацелі, а таму, што мабілізацыйная машынка зламалася. І ўсё роўна даводзіцца ісці па плане за рускім ваенным караблём. І апраўдаць гэтыя планы ўжо няма чым.
Бываюць арміі са звычкай да перамогі, а расійская армія прывыкае да паразы. Гэта ж толькі ў першы раз перадыслакавацца ў зваротным кірунку крыўдна. А потым нічога. Прывыкаеш. А звыклыя да паразы войскі схільныя да здзяйснення адступательных манеўраў і без прамых указанняў ад начальства.
Цяпер генералы, вядома, паспрабуюць ўзбадзёрыць паніклы баявы дух. У адпаведнасці з новай канцэпцыяй адраджэння нацыянальнай велічы — не пераможам, затое нагадзім. Таму што здольнасць нашкодзіць навакольным, на думку расійскага начальства, — і ёсць дастатковае сведчанне імперскай велічы.
Не ведаю як там у расійскіх патрыётаў, але паніклы баявы дух малодшага хаўрусніка бамбёжкамі ўкраінскіх гарадоў ужо, здаецца, не адрадзіць і не ўзняць. Вельмі ўжо красамоўна беларускі тэлевізар маўчаў наконт планавай перадыслакацыі саюзных войскаў з Херсонскай вобласці. (Гэта нават трошкі міла. Думаць, што калі ў беларускім тэлевізары не распавялі пра непрыемнасці, дык нібыта гэтых непрыемнасцяў у прыродзе не існуе. Гэта як хавацца ад монстраў пад коўдрай).
Але колькі ты не малюй у беларускім тэлевізары стабільнасць, а Херсона ад гэтага ў Расіі больш не стане. І калі беларускія ўлады сапраўды планавалі дзе-небудзь у канцы снежня паказаць, адкуль з тэрыторыі Беларусі рыхтуецца напад, то цяпер самы час ім падумаць, як бы зладзіць усё так, каб нікому нічога не паказваць. Таму што тады давядзецца дзяліць з саюзнікам усе радасці планавых перадыслакацый. Саюзніку добра — Расія ў яго вялікая, можна перадыслакавацца хоць да Урала. А за Уралам ўжо мароз і мядзведзі — так што вораг не пройдзе. А ў беларускіх уладаў поле для адступальных манеўраў моцна абмежаванае.