Начная атака на Кіеў: У дзень абароны дзяцей забіта дзяўчынка

Расія гэтай ноччу атакавала Кіеў 10 ракетамі з АТРК «Іскандэр». Па горадзе выпусцілі балістыку і крылатыя ракеты. Пра гэта паведамляюць украінскія СМІ са спасылкай на паветраныя сілы УСУ. Загінулі тры чалавекі, яшчэ 12 былі паранены.

Расіяне ўначы 1 чэрвеня атакавалі Кіеў ракетамі / фота t.me/UA_National_Police

Расіяне ўначы 1 чэрвеня атакавалі Кіеў ракетамі / фота t.me/UA_National_Police


Каля 2:45 раніцы РФ атакавала сталіцу Украіны з паўночнага напрамку — з Бранскай вобласці. Усяго выпусцілі 10 ракет наземнага базіравання з АТРК «Іскандэр».

Сілы СПА збілі ўсе ракеты, а менавіта — 7 балістычных «Іскандэр-М» і 3 крылатыя ракеты «Іскандэр-К». Выбухі і працу СПА чулі ў розных раёнах горада.

Начная атака на Кіеў

Абломкі ракет упалі ў трох раёнах Кіева. У прыватнасці, у Дзяснянскім раёне з-за падзення абломкаў загінулі тры чалавекі: папярэдне, двое дарослых і дзіця. Сведкі паведамілі, што людзі загінулі, калі прыйшлі да ўкрыцця, якое было закрытае.

Таксама ў Дняпроўскім раёне ёсць пашкоджанні і пацярпелыя з-за падзення абломкаў.

Расіяне ўначы 1 чэрвеня атакавалі Кіеў ракетамі / Фота t.me/UA_National_Police

Нацыянальная паліцыя Украіны паказала наступствы і раскрыла новыя падрабязнасці начной атакі на Кіеў.

«Сёння ноччу Расія забіла 11-гадовую дзяўчынку, яе 34-гадовую маму і 33-гадовую жанчыну. Яшчэ 12 чалавек атрымалі раненні», — гаворыцца ў подпісе да апублікаваных фота.

Удакладняецца, што падчас чарговай атакі Расіі ў сталіцы пашкоджаны медустанова (дзіцячая паліклініка), дзіцячы сад, шматкватэрныя жылыя дамы, аўтамабілі.

«Паліцыянты разам з іншымі экстраннымі службамі працягваюць працаваць на месцах і дакументуюць наступствы чарговага нападу дзяржавы-тэрарыста», — адзначылі ў НПУ.


«Людзі стукалі, але ўкрыцце не адкрылі»


Сталічны жыхар Яраслаў, чыя жонка загінула падчас атакі расіян 1 чэрвеня, распавёў, што людзі прыбеглі ноччу ў сховішча, але ім ніхто не адкрыў, паведамляе «Суспільне».

Яраслаў распавёў: «Была трывога, людзі беглі ў сховішча. Сховішча проста не адкрылі — і ўсё. Людзі стукалі, вельмі доўга стукалі. І ніхто... Былі там жанчыны, дзеці, і ніхто не адкрыў... У той момант прыляцела».

Жонка Яраслава загінула на вуліцы ў Дзяснянскім раёне Кіева, калі з дзіцем бегла ў сховішча. Дзіця засталося жывым.

Сам Яраслаў распавёў, што быў побач з сям'ёй, але калі яны не змаглі дастукацца ва ўкрыцце, то ён пабег на другі бок паклікаць, каб адкрылі.

Акрамя жонкі Яраслава, загінулі яшчэ два чалавекі, у тым ліку дзіця. Паводле «Суспільне», усе яны ў той час накіроўваліся ў сховішча.

Цяпер пракуратура праводзіць следчыя дзеянні ў медыцынскай установе, дзе падчас ракетнай атакі 1 чэрвеня было закрыта ўкрыцце.

Журналістам распавялі, што ва ўкрыцце ў Дзяснянскім раёне людзей не пускалі ўжо не ў першы раз.

Як паведамілі выданню «Суспільне» мясцовыя жыхары, у тое ўкрыцце ў паліклініцы трапіць не маглі і раней, тэлефанавалі і скардзіліся, аднак ім кожны раз паведамлялі, што ўсё ў парадку, хоць зачынены былі нават аварыйныя выхады.

Паводле www.pravda.com.ua, suspilne.media, Украінскія службы РБК, УНІАН