Нелакальная вайна: абстрэлы Украіны ўразілі энергасістэму Еўропы
Абстрэлы Расіяй крытычнай інфраструктуры Украіны разбураюць энергасістэму не толькі Украіны. Расійскія ракеты ўскосна нанеслі шкоду Венгрыі і Малдове.
Украіна прыпыніла прапампоўку нафты па трубаправодзе «Дружба» ў напрамку Венгрыі, паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Транснафты» Ігар Дзёмін. «Мы атрымалі інфармацыю ад украінскага боку, што прыпынена прапампоўка праз падзенне напружання», — сказаў ён.
15 лістапада Расія правяла масіраваны ракетны абстрэл Украіны. У выніку, праз траплянне расійскай ракеты ў трансфарматарную станцыю каля ўкраінска-беларускай мяжы, была спынена падстанцыя, якая працавала на электразабеспячэнне помпавай станцыі трубаправода «Дружба». Адпаведна, была спынена і прапампоўка нафты ў напрамку Венгрыі.
У сувязі з прыпыненнем прапампоўкі нафты і выбухам у Польшчы прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан склікаў пасяджэнне савета бяспекі краіны.
Малдова ў аўторак вечарам перастала атрымліваць электраэнергію з Румыніі, пасля чаго ў некаторых рэгіёнах краіны знікла святло. Перастала функцыянаваць высакавольтная лінія Ісакча — Вулканешты — МГРЭС. Гэта галоўная ЛЭП, па якой у Малдову паступала электраэнергія з Румыніі. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелі хатнія гаспадаркі ў Чымішлійскім, Бельцкім, Страшэнскім, Хынчэшцкім раёнах і часткова ў горадзе Кішынёў.
Віцэ-прэм'ер Малдовы Андрэй Спіну паведаміў, што прычынай адключэнняў электраэнергіі сталі ракетныя абстрэлы Расіяй украінскай крытычнай інфраструктуры. «У выніку абстрэлу Расіяй украінскай энергасістэмы на працягу апошняй гадзіны аўтаматычна адключылася адна з ліній электраперадачы, якая забяспечвае перадачу электраэнергіі для нашай краіны (аўтаматычны скід нагрузкі па частаце). Гэта прывяло да масавых адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне», — напісаў ён у Telegram.
Спіну падкрэсліў, што самі лініі ў выніку ўдараў РФ па Украіне не былі пашкоджаны, але былі аўтаматычна адключаны з мэтай бяспекі.
15 лістапада расійцы выпусцілі па Украіне каля сотні ракет, такім чынам гэтая атака перасягнула масіраваны ракетны ўдар 10 кастрычніка, калі акупанты абстралялі Украіну 84 ракетамі.
Дзве ракеты ўпалі ў Польшчы, загінулі два чалавекі.
Паводле РБК-Украіна, «Карэспандэнт», «Украінская праўда»