Парламент Славакіі прызнаў Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму

Нацыянальная рада Славакіі прыняла рэзалюцыю, якая прызнае дзеючы расійскі рэжым тэрарыстычным, а Расію — дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм. Пра гэта гаворыцца на сайце парламента.

58b56edf_19e7_40cd_acfa_f5e7dd602234_w1080_h608_s.jpg

Нацыянальная рада асудзіла расійскую агрэсію ва Украіне і выказала падтрымку незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Дэпутаты таксама асудзілі прамыя і ўскосныя пагрозы з боку Расіі ўжыць ядзерную зброю.

«Рада асудзіла шырокамаштабныя атакі Расіі на мірнае насельніцтва, грамадзянскія аб'екты і ключавую энергетычную структуру», — гаворыцца ў заяве парламента.

Славакія не прызнае вынікаў так званых «рэферэндумаў» у Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запарожскай абласцях Украіны. Парламент таксама падтрымае намаганні па стварэнні спецыяльнага трыбунала для судовага пераследу за ваенныя злачынствы.

Таксама Нацыянальная рада асудзіла гібрыдную вайну, якую Расія вядзе на тэрыторыі Украіны. Дакумент заклікае праваахоўныя органы, разведвальныя службы і іншыя кампетэнтныя органы краіны не недаацэньваць пагрозу, а прыняць эфектыўныя меры супраць яе з мэтай падтрымання бяспекі і дэмакратыі ў Славакіі.

23 лістапада Еўрапейскі парламент прыняў рашэнне аб прызнанні Расіі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. У Еўрапарламенце падкрэслілі, што ўдары расійскіх войскаў па грамадзянскіх аб'ектах — па энергетычнай інфраструктуры, бальніцах, школах і сховішчах — парушаюць міжнароднае права.

21 лістапада Парламенцкая асамблея НАТА прызнала Расію тэрарыстычнай дзяржавай. Дакумент заклікае стварыць адмысловы Міжнародны трыбунал па расійскай агрэсіі. 13 верасня Парламенцкая асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прыняла рэзалюцыю, у якой назвала Расію краінай з тэрарыстычным рэжымам.

Яшчэ раней парламенты Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхіі абвясцілі Расію дзяржавай, якая падтрымлівае тэрарызм, а Палата прадстаўнікоў парламента Нідэрландаў прызнала Расію дзяржавай-спонсарам тэрарызму.

Як бачым, колькасць краін, якія на фоне ваеннай агрэсіі прызнаюць Расію дзяржавай-тэрарыстам, працягвае ўзрастаць. Хто наступны зробіць гэты крок?

Крыніца: «Новая газета. Еўропа».