Пяць прычын выбухаў у Крыме паводле версіі ISW

Інстытут вывучэння вайны (ISW) агучыў некалькі прычын выбухаў на расійскіх ваенных базах у Крыме. Аднак цяпер немагчыма дакладна пацвердзіць ні адну з іх

Авіябаза Бельбек у Крыме. Фота: Мінабароны РФ

Авіябаза Бельбек у Крыме. Фота: Мінабароны РФ

ISW мяркуе, што пакуль няма магчымасці праверыць дакладную прычыну выбухаў, аднак ён агучыў свае версіі інцыдэнту. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы ISW, піша korrespondent.net.

Аналітыкі лічаць, што пакуль няма правераных крыніц, паводле якіх можна самастойна праверыць, ці збілі расійскія СПА ўкраінскі беспілотнік і ці быў наогул якісьці беспілотнік у Керчы або ў раёне авіябазы Бельбек каля Севастопаля.

Эксперты агучылі некалькі прычын паходжання выбухаў:

  • атака УСУ;
  • дзеянні ўкраінскай разведкі;
  • дрэннае абыходжанне расіян са сваёй тэхнікай;
  • паспяховыя дзеянні расійскага СПА;
  • эмацыйная рэакцыя расійскіх акупантаў, якія, верагодна, рыхтуюцца да нападаў у раёнах, якія раней лічыліся недасягальнымі для ўкраінскага войска.

У ISW мяркуюць, што ўкраінскія сілы, хутчэй за ўсё, працягнуць сваю кампанію па нанясенні ўдараў па расійскіх вайсковых аб'ектах у Крыме, каб пагоршыць расійскі матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял і зламаць падтрымку расійскім войскам аперацый на Заходнім беразе Дняпра.

Варта сказаць, што пакуль прарасійскае кіраўніцтва Крыма паведамляе пра «збіты над Севастопалем украінскі беспілотнік», той жа Стралкоў-Гіркін прызнаў, што быў нанесены ўдар па аэрадроме Бельбек, пасля чаго там узнік пажар і дэтануюць снарады.

Нагадаем, учора ўвечары і ўначы ў Крыме здарыліся выбухі на вайсковых аб'ектах. Пра іх паведамляюць у Керчы і Севастопалі. Рускія імкнуцца заспакоіць жыхароў і называюць выбухі “хлапкамі”. Пра выбухі ў Керчы крымскія «ўлады» заявілі, што спрацавалі сістэмы СПА, «па папярэдняй інфармацыі, небяспекі няма». Расійскі кіраўнік Севастопаля Міхаіл Разважаеў заявіў, што ў раёне аэрапорта Бельбек сродкамі СПА быў збіты беспілотнік, «ніякіх пашкоджанняў няма, ніхто не пацярпеў».

Міхаіл Падаляк, кіраўнік Офіса ўкраінскага прэзідэнта, не прызнаў датычнасць УСУ да выбухаў, але анансаваў далейшае знішчэнне ваенных аб'ектаў у Крыме: «Мы будзем прасіць сонца, вецер, ваду і нават тытунёвыя вырабы, каб яны эфектыўна адпрацоўвалі па складах з боепрыпасамі. З іншага боку, мы і ў далейшым будзем настойваць, каб Расія добраахвотна дэмантавала ўсе незаконныя базы і масты, якія за восем гадоў зрабілі ў Крыме».