Politico: Нават калі Кангрэс ЗША ўхваліць дапамогу Украіне, РФ можа прарваць лінію фронту
Выданне Politico назвала сітуацыю на полі бою ва Украіне «змрочнай» і папярэдзіла, што «Украіна знаходзіцца пад вялікай рызыкай абвалу лініі фронту».
Да такіх
высноваў еўрапейскі аглядальнік газеты прыйшоў пасля зносін з
высокапастаўленымі вайскоўцамі, якія служылі пад камандаваннем генерала Валерыя
Залужнага да яго змены ў лютым, піша «Голас Амерыкі».
Афіцэры, якіх цытуе Politico, мяркуюць, што існуе высокая рызыка прарыву лініі фронту, дзе расійскія генералы вырашылі засяродзіць наступленне.
Верагодна, Расія зможа прарваць лінію фронту і «разбіць яе на некаторых участках», цытуе ваеннае выданне, якое падкрэслівае расійскую перавагу і рэгулярныя авіяўдары.
Пра пагрозу адступлення ўкраінскіх войскаў казаў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю газеце Washington Post: «Калі няма падтрымкі ЗША, то ў нас няма ні супрацьпаветранай абароны, ні ракет Patriot, ні перашкод для радыёэлектроннай барацьбы, ні 155-мм артылерыйскіх снарадаў. Гэта значыць, што мы будзем вяртацца, адступаць, крок за крокам, маленькімі крокамі».
Politico назвала заяву «часткай больш шырокіх дыпламатычных намаганняў па прыцягненні ваеннай дапамогі», але дадала: «Сумная праўда палягае ў тым, што нават калі пакет будзе ўхвалены Кангрэсам ЗША, гэтага можа быць недастаткова, каб прадухіліць сур'ёзную няўдачу на полі бою".
А гэта «можа ўзмацніць ціск з боку Захаду адносна перамоваў, якія, відавочна, будуць на карысць Расіі, пакідаючы Крамлю свабоду аднаўляць канфлікт у будучыні па сваім жаданні», дадае выданне.
Крыніца Politico мяркуе, што толькі ўкраінская мужнасць і стойкасць, а таксама памылкі расійскіх камандзіраў могуць змяніць цяпер «змрочную дынаміку».
Афіцэры таксама заявілі газеце, што цяпер ім «патрэбныя гаўбіцы і снарады, сотні тысяч снарадаў і ракет», каля 4 мільёнаў снарадаў і 2 мільёны беспілотнікаў.
France 24 піша, што Украіна ўмацоўвае лінію фронту ў чаканні новага расійскага наступу гэтым летам.
Раней украінскі бок не стварыў альтэрнатывы пабудаваным Расіяй умацаванням, якая б перашкодзіла хуткаму контрнаступу Узброеных сілаў, піша выданне. Цяпер ва Украіне на фоне шырокамаштабнай мабілізацыі ў Расіі актыўна будуюць такія ўмацаванні.